Дры́бін () — гарадскі пасёлак у Магілёўскай вобласці Беларусі, цэнтр Дрыбінскага раёна, на р. Проня, за 64 км на паўночны ўсход ад Магілёва. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Магілёвам і Горкамі. Насельніцтва 2 877 чал. (2025)Национальный статистический комитет Республики Беларусь. Численность населения на 1 января 2025 г. и среднегодовая численность населения за 2024 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (руск.) (3 cакавіка 2025)..

Гісторыя Упершыню Дрыбін згадавецца ў XVI стагоддзі як шляхецкае ўладанне ў Мсціслаўскім ваяводстве. У XVII стагоддзі існаваў Новы Дрыбін. Канцлер Леў Сапега ў сваім тастаменце (1633) згадаў «вёску і пушчу Дрыбінскую».

У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) мясцовасць апынулася ў цэнтры баявых дзеянняў: 8 кастрычніка 1660 года непадалёк ад Дрыбіна абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Паўла Яна Сапегі здабылі перамогу над маскоўскімі захопнікамі. У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе мястэчка спалілі расійскія войскі.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Дрыбін апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Чавускім павеце Магілёўскай губерні. Станам на 1784 год мястэчка з’яўлялася цэнтрам маёнтку Цеханавецкіх, тут быў 181 двор, 25 крам, млын, царква. У 1830 годзе ў Дрыбіне заснавалі вінакурнае прадпрыемства. У 1845 годзе выбухнула выступленне сялян супраць прыгоннага права, жорстка здушанае расійскімі салдатамі. У 1877 годзе мясцовасць перайшла ў валоданне Урангеля фон Гюбенталя. На 1880 год Дрыбін налічваў 250 двароў, існавалі царква, два малітоўныя дамы, валасная ўправа, бальніца, два млыны, школа пісьменнасці. Апрача сельскай гаспадаркі жыхары займаліся промысламі, найбольш вядомымі былі дрыбінскія шапавалы, якія распрацавалі сваю ўмоўную мову — «катрушніцкі лемезень». З 1903 года ў мястэчку дзейнічала пажарнае таварыства, у 1910—1911 гадах адкрыліся паштова-тэлеграфная кантора і ашчадная каса.

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Дрыбін увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічнымі беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Дрыбін вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна (з 16 верасня 1959 года да 29 снежня 1989 года цэнтрам сельсавета). У 1930-я гады тут працавалі вадзяны і нафтавы млыны, кузня, кравецкая майстэрня «Чырвоная ігла» (з 1907; 22 работнікі), шавецкая майстэрня, арцель «Смычка» (з 1930; 16 работнікаў), смалакурны завод, арцель «Смалапрадукцыя» (з 1927; 23 работнікі), хлебапякарня (з 1930; 2 работнікі), крухмальны завод (з 1929), масларобча-сыраварны завод (з 1929), шапавальны завод. У Другую сусветную вайну з 14 ліпеня 1941 года да 2 кастрычніка 1943 года Дрыбін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Акупанты стварылі тут лагер смерці, дзе знішчылі 2,5 тыс. чалавек.

У 1997 годзе Дрыбін атрымаў афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу.

Насельніцтва 1994 год — 2,3 тыс. чал. 2006 год — 3,1 тыс. чал. 2016 год — 3 031 чал. 2017 год — 2 974 чал. 2025 год — 2 877 чал.

Эканоміка Прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Гасцініца «Дрыбін».

Культура Дрыбінскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Вядомыя асобы Мія Арбатава (1911—1990) — ізраільская балерына і выкладчык класічнага балета. Саламон Маркавіч Трайнін (1902—1969) — савецкі вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Яўген Восіпавіч Непакайчыцкі (нар. 1925) — урач-хірург, арганізатар аховы здароўя. Кандыдат медыцынскіх навук (1969). Сяргей Васілевіч Жасткоў (1952—2014) — беларускі матэматык. Доктар фізіка-матэматычных навук (2004), прафесар (2006).

Зноскі

Літаратура Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дрыбінскага раёна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. Лившиц, В. М. Перекрёстки Дрибинской истории (Краткий историко -экономический очерк) — Горки. 2017. — 80 с., ил. Лившиц, В. М. Гордость и слава Дрибинского района. — Горки. 2017. — 50 с., ил. Лившиц, В. М. Холокост. Дрибин и Дрибинский район. — Горки: 2024. — 124с., ил. Лившиц, В. М. Дрибин и Дрибинский район: знаменитые земляки. — Горки: 2021. — 128 с., ил.

Спасылкі

Катэгорыя:Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства