Расо́ны (афіц. транс.: Rasony) — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Расонскага раёна, на беразе Расонскага возера. За 170 км ад Віцебска, 45 км ад чыгуначнай станцыі Дрэтунь на лініі Полацк—Невель (Расія), аўтамабільнымі дарогамі злучаныя з Полацкам, Верхнядзвінскам, Невелем.

Назва На карце XVIII ст. (ПГМ) гэта вёска Расона, на беразе аднайменнага возера, з якога выцякае рэчка Расоніца.

Паводле І. Капылова, назва Расонаў можа быць звязаная з балцкім словам rasa з семантыкай «вільготнасць»Капылоў І. Гісторыя Расоншчыны праз прызму ўласных геаграфічных назваў // Расонскі край : гісторыя, культура, людзі : зб. навук. арт. / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі; уклад. М. В. Клімаў; рэдкал. : В. Л. Лакіза (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2026. — С. 270. Літоўскае, латышскае rasa "раса" ад адпаведнага індаеўрапейскага кораня са значэннем "цекці"K. Karulis. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 1992, 2001. С. 738.. Літоўскае rasoti - "пакрывацца расой, кроплямі вільгаці; увільгатняцца; імжыць".

Гісторыя Першыя археалагічна вядомыя паселішчы на месцы сучаснага пасёлка існавалі ўжо ў X—ХІІ стст. Першы пісьмовы ўспамін пра Расоны як вёску ў Полацкім ваяводстве змешчаны ў «Полацкай рэвізіі» 1552 года. Тым часам мясцінай валодаў Ф. Корсак, было 7 дымоў. У Інфлянцкую вайну вёску акупавалі войскі маскоўскага цара Івана Васілевіча, праз некаторы час Стэфан Баторый вызваліў паселішча.

20 студзеня 1582 года Баторый выдаў фундацыйны прывілей Полацкаму езуіцкаму калегіуму, які прадугледжваў перадачу езуітам усіх зямельных уладанняў полацкіх манастыроў. У прывілеі ўпамінаецца сам манастыр з руінамі царквы Св. Спаса, яго зямельныя ўладанні, аднак непасрэдна маёнтак Расона не фігуруе. 18 жніўня 1583 г. была аформлена афіцыйная перадача Полацкаму калегіуму розных маёнткаў, у тым ліку Спаскі надзел над возерам Расона, прычым адзначана, што раней там было некалькі чалавек, але застаўся адзін. 31 студзеня 1593 г. Расона яшчэ раз афіцыйна перададзена калегіуму (гэта можа сведчыць аб папярэдніх судовых спрэчках). У 1741 г. езуіты пабудавалі ў Расоне касцёл, каля 1750 г. адчынілі місійную станцыю Пазднякоў В. Каралеўскі прывілей на кірмашы і таргі ў Расоне (1744 г.). Расонскі край : гісторыя, культура, людзі : зб. навук. арт. / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі; уклад. М. В. Клімаў; рэдкал. : В. Л. Лакіза (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2026. — С.83-84.

8 лістапада 1744 г. быў выдадзены прывілей караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІІ на правядзенне ў Расоне кірмашоў і таргоў. Просьба аб наданні прывілея зыходзіла ад Аляксандра Марыконі (1686—1751), рэктара Полацкага калегіума езуітаў. Кірмашоў было сем. Яны былі прывязаны да «святаў рускіх паводле старога календара» (у дадзеным выпадку гэта азначае ўніяцкія царкоўныя святы): Стрэчання, Унебаўступлення Панскага, Святога Ануфрыя, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны, Нараджэння Найсвяцейшай Панны, Святога Мікалая, Святога Юрыя. На кірмашы прыязджалі не толькі мясцовыя, але і загранічныя купцы. У прывілеі пазначаны некаторыя прадметы гандлю: усялякія напоі, віно, мёд, піва, гарэлка, матэрыі дарагія блаватныя, усялякія сукны любога кошту і цаны, коні, быдла. Таргі адбываліся кожны тыдзень.Пазднякоў В., 2026. С.82, 84.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Расоны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Полацкай (з 1796 — у Беларускай, а з 1802 — у Віцебскай губерні). Паводле звестак Віцебскага губернскага статыстычнага камітэту, станам на 1877 год тут было 12 дымоў; тут існавала карчма, працавалі прыватныя агульнаадукацыйныя жаночае (1866) і мужчынскае (1869) вучылішчы, дзейнічалі 2 царквы. У 1905 годзе вёска ўвайшла ў склад Вазнясенскай воласці Полацкага павета.

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Расоны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала вёску разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Расоны вярнулі БССР, дзе яны зрабіліся цэнтрам раёна (цягам 1962—1965 у Полацкім раёне).

У Другую сусветную вайну з 15 ліпеня 1941 да 12 ліпеня 1944 вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 14 сакавіка 1958 года пасёлак атрымаў афіцыйны статус гарадскога пасёлкаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб пераўтварэнні вёскі Расоны, Расонскага раёна, Віцебскай вобласці, у гарадскі пасёлак ад 14 сакавіка 1958 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1958, № 3..

13 лістапада 2005 года ў Расонах асвяцілі кутны камень касцёла святога Іасафата Кунцэвіча. 20 студзеня 2006 года адбылося зацверджанне гербу пасёлка. 19 красавіка 2010 года Расоны ўзнагародзілі вымпелам «За мужнасьць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Насельніцтва

Эканоміка Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Расоны». Дом паляўнічага.

Культура Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Славутасці

Касцёл Святога Язафата Кунцэвіча (2010); Расонская Узнясенская царква; Расонская сядзіба. Мемарыяльны комплекс

Вядомыя асобы Анатоль Канапелька — беларускі паэт, перакладчык. Сцяпан Іванавіч Жукаў (1923—1997) — ваенны лётчык, Герой Савецкага Саюза. Пэўны час жыў у Расонах. Аляксандр Пятровіч Ласкаўнёў (нар. 1949) — беларускі навуковец у галіне матэрыялазнаўства. Дзяніс Урад (нар. 23 чэрвеня 1991) — афіцэр Генеральнага штабу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, палітычны зняволены.

Зноскі

Літаратура

Ліст карты N-35-10. Выданне 1987 года. Стан мясцовасці на 1986 год.

Спасылкі