Уша́чы (; мясцовае: Вуша́ча) — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Ушацкага раёна, на р. Ушача. За 150 км на захад ад Віцебска і 36 км ад чыгуначнай станцыі Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Глыбокае, Докшыцы. На заходняй ускраіне пасёлка возера Чаравечае. Насельніцтва 5 948 чал. (2017).

Назва Назва Ушачы ад назвы ракі Ушача, якая балцкага паходжання.

Гэты корань таксама ў трох гідронімах Уша (прыток Віліі, Нёмана, Бярэзіны).

Гісторыя Вядомыя з XVI стагоддзя. Належалі полацкаму стольніку Ю. Кляноўскаму, з 1672 года — Д. Радзімінскаму-Францкевічу, Шчытам, затым Плятэрам. У 1716 годзе падваявода полацкі В. Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар з шпіталем і школай. У 1758 годзе атрымалі магдэбургскае права.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ушачы сталі цэнтрам той часткі Полацкага ваяводства, што засталася ў Рэчы Паспалітай. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе як заштатны горад, мястэчка, цэнтр Лепельскага павета Ушачы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

З 1805 года яны — цэнтр воласці ў Віцебскай губерні. У 1846 годзе ў мястэчку 95 жыхароў, 22 двары. Тут быў вадзяны млын, стаялі 2 карчмы. У 1880 годзе дзейнічалі вінакурны завод, млын, былі 2 царквы, касцёл, 18 крам, 3 яўрэйскія малітоўныя школы, з 1890 года працавала царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку 1268 жыхароў, 170 двароў, былі гарбарны і паташны заводы, млын, лячэбніца, аптэка, 16 крам, 8 шынкоў, заезныя дамы.

У 1919 годзе Ушачы знаходзіліся ў складзе РСФСР, у 1924 годзе ўвайшлі ў БССР і сталі цэнтрам Ушацкага раёна Полацкай, у 1935—1938 гадах Лепельскай акруг. 27 верасня 1938 года Ушачам нададзены статус гарадскога пасёлка Віцебскай вобласці. У 1941 годзе ў пасёлку было 2,7 тыс. жыхароў, 600 двароў.

У Вялікую Айчынную вайну 7 ліпеня 1941 года Ушачы акупіравалі нацысцкія захопнікі. Яны загубілі тут 735 чалавек. Ва Ушачах і раёне дзейнічала патрыятычнае падполле. У канцы верасня 1942 года партызаны разграмілі мясцовы варожы гарнізон і вызвалілі Ушацкі і суседнія з ім раёны ад гітлераўскіх захопнікаў. Была створана Полацка-Лепельская партызанская зона. У снежні 1943 — красавіку 1944 гадоў ва Ушачах дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху, партызанскай брыгады імя В. Чапаева. Тут размяшчалася падпольная друкарня, дзейнічалі партызанскі тэлефонны вузел, электрастанцыя, лесазавод. 30 красавіка 1944 года Ушачы былі захоплены гітлераўцамі. Вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту 29 чэрвеня 1944 года.

З 1944 года Ушачы былі ў складзе Полацкай, з 1954 года — Віцебскай абласцей. У 1962—1966 гадах уваходзілі ў Лепельскі раён.

У 2011 годзе ў склад пасёлка ўвайшлі вёскі Гарадок і Пралетарый«Об изменении границ городского поселка Ушачи, Сорочинского и Ушачского сельсоветов Ушачского района». Решение Витебского областного Совета депутатов от 14 апреля 2011 г. № 104 .

Забудова

Цэнтр пасёлка захаваў гістарычную планіроўку. Рака Ушача падзяляе пасёлак на 2 часткі. Левы бераг забудаваны пераважна індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. На правым беразе знаходзіцца адміністрацыйна-грамадскі цэнтр і асноўная жылая забудова. У цэнтры, які захаваў гістарычную планіроўку, пастаўлены 2—5-павярховыя дамы.

Насельніцтва

1846 год — 95 чал. 1897 год — 1 268 чал. (перапіс) 1941 год — 2,7 тыс. чал. 1969 год — 2 459 чал. 2009 год — 5,6 тыс. чал. 2010 год — 5,5 тыс. чал. 2016 год — 6 030 чал. 2017 год — 5 948 чал.

Эканоміка Прадпрыемствы лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Вытворчая зона размешчана на паўднёвы ўсход ад пасёлка. Тут працуюць камунальнае унітарнае прадпрыемства «Ушацкі камбінат прамысловых тавараў», адкрытае акцыянернае таварыства «Ушацкі льнозавод», унітарнае вытворчае прадпрыемства «Ушацкі агароднінасушыльны завод» і інш.

Адукацыя і культура

Ёсць сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, Цэнтр пазашкольнай работы з дзецьмі. Дзейнічаюць Дом культуры, 2 бібліятэкі, Дом рамёстваў, дзіцячая школа мастацтваў. Працуюць 9 калектываў аматарскай мастацкай творчасці, 2 народныя: клубы «Ветэран» і народных майстроў, 1 узорны — дзіцячы хор школы мастацтваў. Створаны Ушацкі музей народнай славы ім. В. Е. Лабанка.

Славутасці

Гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і часоў Русі (на ўсходняй ускраіне) Касцёл Святога Лаўрэна пачатку XX стагоддзя Брацкія могілкі Мемарыяльны комплекс «Прарыў»

Вядомыя асобы

Анатоль Юр’евіч Барышнікаў — заслужаны дзеяч навукі Расіі, доктар медыцынскіх навук. Галіна Вячаславаўна Дзербіна — беларускі гісторык права. Хаім Жытлоўскі — яўрэйскі сацыяліст, філосаф. Таццяна Віктараўна Логінава (нар. 1984) — беларуская футбалістка, нападаючая. Выступала за зборную Беларусі. Ва Ушачах пахаваны Народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін (1935—2014).

Зноскі

Літаратура Барадулін, Р. Паклон табе… : нарыс / Р. Барадулін // Маладосць. — 1970. — № 11. — С. 118—121; Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2003. — 640 с.: іл. Ушачы // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л. К. Калошына. — Мн., 1981. — С. 244—245; Ушачы // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт. — склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 165—166; Ожешковская И. Н. Архитектурный облик Успенской церкви базилианского монастыря в местечке Ушачи во второй половине XIX в.: новые исследования / И. Н. Ожешковская // Архитектура : сборник научных трудов. — 2013. — Вып. 6. — С. 50 — 55.

Спасылкі

Ушачы — westki.info Надвор’е ў гарадскім пасёлку Ушачы

Катэгорыя:Шчыты-Неміровічы