Свята-Духаўскі манастыр базыльянак — будынак у Мінску, размешчаны ў Верхнім Горадзе, па вуліцы Энгельса, 1. Помнік архітэктуры Рэнесансу рэспубліканскага значэння. Частка комплексу былога Свята-Духаўскага базыльянскага манастыра. Цяпер у будынку размяшчаецца Дзіцячая музычная школа № 10 імя Я. А. Глебава.

Гісторыя Заснаваны ў 1641 годзе на Высокім рынку, дзякуючы фундацыі ўніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы. Першая ігумення манастыра Кацярына Сапега ахвяравала манастыру 9 тысяч злотых, а таксама яшчэ 10 тысяч злотых на утрыманне пры манастыры бедных асірацелых дзяўчынак.

Першапачаткова, у другой палове XVI — пачатку XVII стагоддзя, манастыр быў размешчаны ў мураваных жылых дамах, збудаваных на паўночна-ўсходнім баку высокага рынку. Гэтыя дамы былі выкуплены ў гараджан і разам з зямельнымі пляцамі перададзены манастыру. Будаўніцтва новага мураванага жылога манастырскага корпуса скончана каля 1650 года. У час будаўніцтва былі захаваны і выкарыстаны сцены і скляпы папярэдніх будынкаў. Двухпавярховы П-падобны ў плане манастырскі будынак меў высокі вальмавы дах і быў накрыты дахоўкай. Планіроўка інтэр’ераў калідорная. На першым паверсе, які быў перакрыты крыжовымі скляпеннямі, акрамя манастырскіх келляў размяшчаліся трапезная, пакоі для гасцей, кухня і іншыя памяшканні. На другім паверсе, з драўлянай столлю, знаходзіліся толькі жылыя памяшканні.

У 1650 годзе да базыльянскай царквы Святога Духа прыбудавана асобная мураваная прамавугольная ў плане капліца манастыра базыльянак. Капліца была перакрыта крыжовымі скляпеннямі. Жылы манастырскі будынак быў злучаны з гэтай капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной і мела 3-х пралётны праезд. У капліцы знаходзіўся вялікі разны залачоны драўляны алтар з абразамі Маці Божай, Святога Васіля і Іасафата. Хоры капліцы выходзілі ў інтэр’ер царквы і былі закрыты драўлянымі кратамі. Уся тэрыторыя манастыра, дзе знаходзіліся драўляныя гаспадарчыя пабудовы, была абнесена сценамі.

Наяўнасць побач двух манастыроў — мужчынскага і жаночага — вынікала з практыкі манаскага жыцця ўніяцкай царквы ранняга перыяду, якая прадугледжвала суіснаванне абодвух асяродкаў і іх узаемную падтрымку ў гаспадарчай і літургічнай сферах. Мужчынскі і жаночы манастыры ў Менску былі паяднаны не толькі ідэйна, але і архітэктурна: у цэнтральнай частцы горада, на галоўнай рыначный плошчы побач з ратушай, быў узведзены супольны манастырскі комплекс, дамінантай якога стала царква Святога Духа.

Святадухаўскі манастыр базыльянак моцна пацярпеў у час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гадоў. У ругой палове XVII стагоддзя манастыр быў адноўлены, пазней неаднаразова рэканструяваўся.

У 1795 годзе манастыр базыльянак быў зачынены адначасова з манастыром базыльян. Усе манастырскія будынкі былі перададзены Мінскаму праваслаўнаму Петрапаўлаўскаму манастыру, які знаходзіўся тут да 1799 года. У 1799 годзе праваслаўны манастыр пераводзіцца ў Пінск, а ў будынках былога мінскага манастыра базыльянак змяшчаецца праваслаўная кансісторыя, якая знаходзілася тут да 1840-х гадоў.

Пасля пажару 1835 года ў час перабудовы былой царквы Святога Духа пад Мінскі праваслаўны кафедральны сабор Св. Пятра і Паўла была разбурана манастырская капліца XVII стагоддзя, а таксама галерэя, якая злучала капліцу з манастыром. Кансісторыя была пераведзена ў новы будынак на Навамейскай плошчы, а манастырскі корпус перададзены прытчу Мінскага кафедральнага Петрапаўлаўскага сабора.

Пасля 1920 года памяшканні былога манастыра базыльянак XVII стагоддзя выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.

У 1995 годзе будынкі карпусоў манастыра базыльянак былі рэстаўраваны, адноўлена іх першапачатковая планіроўка і страчаныя архітэктурныя элементы фасадаў, у т.л. барочны шчыт. Пасля рэстаўрацыі тут была размешчана дзіцячая музычная школа.

Калі ў 2012 годзе на старажытных мурах быў адноўлены будынак мінскай царквы Святога Духа, адначасова была адноўлена і галерэя, якая злучыла былы манастыр базыльянак з царквой.

Архітэктура

Аб першапачатковым выглядзе манастырскіх будынкаў вядома вельмі мала. На плане манастырскага комплексу 1799 года праглядаюцца выступы пілястр ці лапатак, якімі быў расчленены яго фасад.

Манастырскі корпус уяўляе сабой двухпавярховы П-падобны ў плане будынак сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Вуглавая частка будынка акцэнтавана высокім фігурным франтонам. Пад двухсхільным вальмавым дахам праходзіць шматслойны масіўны карніз. Тарцовы фасад крыла па Музычным завулку завершаны трохвугольным франтонам з маленькі акном. Плоскасці сцен пазбаўлены дэкору, члянёны прамавугольнымі вокнамі без ліштваў. Падоўжны фасад будынка падзелены міжпаверхавай цягай. Галоўны ўваход аформлены металічным казырком на фігурных кранштэйнах.

Унутраная прастора вырашана па калідорнай схеме з аднабаковым размяшчэннем памяшканняў. Калідор перакрыты крыжовымі скляпеннямі.

Манастырскі корпус злучаны з царквой Святога Духа крытай галерэяй, што праходзіць па крапасной сцяне ў выглядзе аркады, падзеленай лапаткамі на праёмы. У месцы прымыкання сцяны да манастырскага будынка размяшчаецца трохпралётная брама з цэнтральнай шырокай праязной і дзвюма вузкімі бакавымі аркамі. Галерэя была прарэзана маленькімі вокнамі, якія ў час абароны можна было выкарыстоўваць як байніцы.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Колішнія манастыры Беларусі Катэгорыя:Плошча Свабоды (Мінск) Катэгорыя:Храмы Святога Духа Катэгорыя:Базыльянскія манастыры Беларусі Катэгорыя:Храмы Мінска Катэгорыя:З’явіліся ў XVII стагоддзі Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Мінску