Табуаэран (), або Фанінг () — атол у Паўночнай групе астравоў Лайн. Уваходзіць у склад дзяржавы Кірыбаці. Плошча — 33,73 км². Насельніцтва (2020 г.) — 1992 чал.
Прырода Табуаэран уяўляе сабою тыповы каралавы атол, які складаецца з некалькіх астравоў, што месцяцца вакол шырокай лагуны. Прырода, у тым ліку каралавы рыф, значна збеднена дзейнасцю чалавека. Эндэмічны лес не захаваўся. Большую частку сушы займаюць насаджэнні какосавай пальмы. Фаўна прадстаўлена пераважна птушкамі і крабамі.
Гісторыя Першымі часовымі насельнікамі былі, відавочна, палінезійцы, пасля якіх на востраве захаваліся рэшткі каменнага мура.
11 чэрвеня 1798 г. атол быў адкрыты амерыканскім капітанам Эдмундам Фанінгам і атрымаў яго імя.
У сярэдзіне XIX ст. на Табуаэран перасяліліся выхадцы з астравоў Кука, якія займаліся вырошчваннем какосаў. Мясцовыя плантацыі кантраляваліся аўстралійскай кампаніяй Fanning Island Plantations Ltd.
У 1855 г. быў абвешчаны пратэктарат Вялікабрытаніі. У 1885 г. брытанцы афіцыйна далучылі атол да сваіх тэрыторый. У 1939 г. уключаны ў склад брытанскай калоніі Астравы Гілберта і Эліс.
У 1888 г. на атоле была пабудавана кабельная станцыя, што абслугоўвала трансціхаакіянскую лінію сувязі. У 1914 г. яна была захоплена і знішчана дэсантам з нямецкага крэйсера «Нюрнберг». У пачатку 1950-ых гг. станцыя зачынена.
У 1979 г. Табуаэран увайшоў у склад Кірыбаці. Урад гэтай дзяржавы выкупіў акцыі Fanning Island Plantations Ltd. У 1980-ыя гг. пачалося перасяленне тунгару з астравоў Гілберта.
Эканоміка і інфраструктура На атоле існуе 9 паселішчаў. Адміністрацыйны цэнтр у вёсцы Паелау. Большасць насельнікаў — тунгару. Яны займаюцца вырошчваннем какосаў і ловам рыбы. Мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць турызм.
Са знешнім светам атол звязаны суднаходнай лініяй.
Спасылкі Introduction to the TABUAERAN (FANNING) ATOLL Planned Field Stations Understanding the effects of fishing on coral reef ecosystems: An interdisciplinary approach Sailing Vessel Kwai
Т Т Т Т