Сухары́ (, ) — аграгарадок у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Цэнтр Сухарэўскага сельсавета.

Геаграфія Знаходзіцца за 27 кіламетраў на ўсход ад Магілёва і чыгуначнай станцыі Лупалава.

Рэльеф раўнінны. На ўсходняй ўскраіне цячэ рака Раста.

Транспартныя сувязі праз шашу Магілёў — Мсціслаў .

Гісторыя

Сухары — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны.

За 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на левым беразе ракі Расты ёсць гарадзішча, што сведчыць пра засяленне мясцін са старажытнасці.

Вядома з 1560 года як сяло дзяржаўнай уласнасці ў Магілёўскай воласці, Аршанскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У 1568 годзе нададзена ў часовае валоданне шляхціцу.

Пра гэта даў звесткі этнограф і гісторык, ураджэнец Магілёўшчыны Адам КіркорЖивописная Россия : Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Под общей редакцией П. П. Семенова, вице-председателя императорского Русского географического общества. Том третий. Часть вторая: Белорусское полесье. Санкт-Петербург — Москва: Издание книгопродавца-типографа М. О. Вольфа, 1882 — С. 421.:

«Сухар або Сухарэвічы належалі да Магілёўскага замка. У мяне захоўваецца грамата караля Жыгімонта-Аўгуста ад 30 лістапада 1569 года, дадзеная Паўлу Кіркору, якой дорыцца яму мясцовасць у Сухарэвічах, пры рацэ Басі, за яго ваенныя заслугі, і, што цікавей, — за тое яшчэ, што ён валодаў замежнымі мовамі. У грамаце сказана: „а къ тому тежъ ведаючи о немъ, же ся и въ иншихъ разахъ службами своеми сгодыты можеты, по у многыхъ посторонныхъ земляхъ бывалыхъ и разныхъ языковъ турецкаго, татарскаго, больгарскаго, серсбкаго и волоскаго маетны“»

У 1604 годзе ва Ульянаўскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1737 годзе ў сяле была царква.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772) Сухары ў складзе Расійскай імперыі. Паводле статыстычнага апісання Магілёўскай губерні 1784 года былі аднайменныя мястэчка і вёска. У мястэчку 19 двароў, 93 жыхары, быў млын, драўляная царква, па нядзелях праводзіліся торгі. Вёска — цэнтр маёнтка Чавускага павета, уласнасць памешчыка, 85 двароў, 552 жыхары.

З 1856 года мястэчка атрымала ў спадчыну Марыя Феліксаўна Лістоўская, жонка калежскага асэсараhttps://mogilev.mogilev-region.by/ru/Suchari/, якая мела тут 1697 дзесяцін зямлі. У другой палове 1860-х гадоў Лістоўская напісала статутныя граматы пра вызваленне сваіх прыгонных.

Таксама ў мястэчку былі вадзяны млын і піцейны дом, кулы звозілі для збыту спірт, выраблены на суседніх броварных заводах: Пакроўскім, Кароўчынскім, Паўлаўскім.

У 1878 годзе пачала працу крупадзёрка, на якой выраблялася штогод 130 чвэрцяў круп коштам 120 рублёў.

У 1880 годзе ў мястэчку і сяле 133 двары (91 належаў хрысціянам, 42 — яўрэям) і 730 жыхароў, з якіх 393 праваслаўных і 337 яўрэяў.Опыт описания Могилевской губернии… сост. и под ред. А. С. Дембовецкого. Кн. 2. — Могилев, 1883. — С. 136, 137 Меліся крама, драўляная царква, сінагога. Частка жыхароў займалася шавецкім і кравецкім промысламі.

У 1887 годзе школа граматы ператворана ў царкоўна-прыходскую, для якой у тым жа годзе пабудавана памяшканне.

У 1891 годзе з цэглы пабудавана Успенская царква, якая захавалася да нашых часоў і з’яўляецца помнікам эклектычнай архітэктуры з элементамі псеўдавізантыйскага стылю. Архітэктар — Пётр Георгіевіч Камбураў.Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892 — С. 148

Паводле перапісу 1897 года ў Гладкаўскай воласці Чавускага павета Магілёўскай губерні. Мястэчка (53 двары, 406 жыхароў) і сяло (105 двароў, 682 жыхары). У мястэчку меліся 2 крупадзёркі, 13 лавак, царкоўна-прыходская школа, царква, малітоўны дом, 2 піцейныя дамы.

У 1909 годзе ў мястэчку 64 двары, 500 жыхароў, мелася паштовае аддзяленне, казённая вінная крама. У сяле 113 двароў, 814 жыхароў, меўся хлебазапасны магазін. Побач былі аднайменныя сядзіба (2 двары, 9 жыхароў) і фальварак (1 двор, 12 жыхароў, вадзяны млын).

Дзейнічала двухкласнае народнае вучылішча, у якой законанастаўнікам быў свяшчэннік Свята-Успенскай царквы Васіль Ягоравіч Шчэрбаў. Таксама існавала і яўрэйская школа Талмуд-Тора, размяшчалася мяшчанская ўправа.

У студзені 1918 года паблізу вёскі чавускія чырвонагвардзейцы разграмілі атрад польскіх легіянераў. У сакавіку 1918 года ў сувязі з набліжэннем фронту сфарміраваны партызанскі атрад.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі — у складзе Беларускай ССР. 16 студзеня 1919 года Магілёўская губерня, у якую уваходзілі Сухары, вылучана ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вернута ў склад БССР. З 20 жніўня 1924 года цэнтр сельсавета ў Лупалаўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 2 сакавіка 1931 года ў Чавускім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.

У 1920 годзе ў мястэчку было 64 двары, у якіх жыло 517 чалавек, у вёсцы — 113 двароў, 924 чалавекі. Сяляне мелі 1502 дзесяціны зямлі, з якіх 785 дзесяцін належалі спадчаннікам Лістоўскай.

1 мая 1924 года створана сельскагаспадарчае таварыства. У гэтым жа годзе пачалі дзейнічаць сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, хата-чытальня. На базе царкоўна-прыходскай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 годзе было 132 вучні, з іх 19 піянераў. Пабудаваны клуб, у якім размяшчалася бібліятэка. У клубе ставіліся спектаклі, у якіх бралі ўдзел дзяўчаты і юнакі вёскі, якія арганізавалі ў 1923 годзе камсамольскую ячэйку. У былым маёнтку пана Чахоўскага адкрылася бальніца. У 1925 годзе — народны дом. Вяскоўцы актыўна ўдзельнічалі ў асваенні новых зямель у іншых раёнах краіны. У 1925 годзе было створана перасяленчае таварыства «Праўда» з 15 сямей, якія выехалі ва ўсходнія раёны СССР.

У 1926 годзе ў мястэчку 46 двароў, 222 жыхары, у сяле 131 двор, 902 жыхары. У 1928 годзе пачало дзейнічаць сыраробчае прадпрыемства. У 1929 годзе яўрэі арганізавалі калгас «Камуністычны маніфест». Дзейнічала царква, сінагога, школа хедар.

У 1939 годзе да вёскі далучаны пасёлкі Альхавец, Сасновец. Перад вайной было 214 дамоў, 959 жыхароў.НАРБ. Ф.1440. Оп.3. Д.767. Л.222; ГАМОГ. Ф.1894. Оп.1. Д.5. Л.30.

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

Па ўспамінах сведак, восенню 1941 года ў Сухарах немцы растралялі маладых мужчын-яўрэяў у акопах, якія выкапалі савецкія ваенныя ў час абарончых баёў. Пасля чаго з яўрэйскага насельніцтва ў мястэчку засталіся жанчыны, старыкі і дзеці. У вялікай хаце, дзе раней жылі яўрэі, размяшчалася паліцэйская ўправа, у сінагозе — склад зброі.

Ноччу з 22 на 23 лютага 1942 года акупанты загадалі яўрэйскім сем’ям збірацца для пераезду. Напагатове стаяла 13 фурманак, якія мабілізавалі ў мясцовых жыхароў. Яўрэяў зганялі з Чавускай, Зарэчнай і іншых вуліц да камендатуры. Старыкоў і дзяцей размяшчалі на фурманках, частка людзей ішлі пяшком. Калона накіравалася праз мелкі ручай у бок Ходнева.

Дабраўшыся да ўрочышча Ліпкі, гаспадароў фурманак накіравалі назад у вёску. На паляне была вялікая яма, якую выкапалі загаддзя. Перад расстрэлам людзям загадалі зняць адзенне. Каваль з Харошак пасля некалькіх выстралаў у яго стаяў перад катамі і казаў, што можа навучыць іх страляць. Тады паліцай Клубянькоў падышоў да яго і стрэліў з нагана ва ўпор. У час, калі адбывалася расправа, паліцаі мала стралялі ў дзяцей, а кідалі іх жывымі ў яму з забітымі. Пасля таго, як усё было завершана, забойцы прыкрылі трупы адзеннем, лепшыя рэчы забралі сабе. Закапалі магілу мясцовыя жыхары. У тую ноч было забіта 82 чалавека.

Пасля масавага растрэлу з яўрэяў у жывых застаўся 15-гадовы сын лавачніка Зэліка Эстуліна, якому удалося схавацца за печкай у хаце. Але і яго знайшлі і растралялі каля калодзежа, у які пасля скінулі цела.

Дамы забітых стаялі пустымі. У 1943 годзе партызаны разграмілі паліцэйскую ўправу ў мястэчку, тады згарэла некалькі дамоў, а ў астатнія засяліліся сем’і мясцовых жыхароў, якія засталіся без прытулку ў час вайны.

Падчас акупацыі разбурана 113 дамоў, забіта 107 жыхароў.

Вёску вызвалялі часці 199-й стралковай дывізіі 49-й арміі 2-га беларускага фронта. Пры яе вызваленні загінула 114 савецкіх ваеннаслужачых, яны пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі. Сярод пахаваных — Герой Савецкага Саюза , на ўшанаванне памяці якога ў 1965 годзе на будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка. На фронце загінулі 154 вяскоўцы. На ўшанаванне іх памяці ў 1977 годзе каля будынка выканкама сельсавета пастаўлены абеліск. У 2005 годзе праведзена замена абеліска на камбінаваны гранітны помнік.https://mogilev.mogilev-region.by/uploads2/documents/3277-Suxari.pdf

Пасля вайны створана абласная надзвычайная камісія па расследаванні злачынстваў фашызму на акупаванай тэрыторыі. Па факце масавага расстрэлу яўрэйскага насельніцтва мястэчка Сухары было ўстаноўлена, што сярод загінуўшых было 34 жанчыны і 14 дзяцей.

У 1955 годзе да вёскі далучаны пасёлак Рэставы. З 25 снежня 1964 года ў Магілёўскім раёне.

У 1990 годзе 223 гаспадаркі, 525 жыхароў, цэнтр калгаса «Камуністычны маніфест». У вёсцы былі размяшчалася вытворчая брыгада, майстэрні па рамонце сельгастэхнікі, лесапільня, зернедрабільня, фермы буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, ветэрынарны ўчастак, працавалі камбінат бытавога абслугоўвання, 4 магазіны, аддзяленне ашчаднага банка, аддзяленне сувязі, клуб, бібліятэка, дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, участковая бальніца, амбулаторыя, аптэка.

У 1990-х гадах пачаліся спробы выявіць дакладнае месцазнаходжанне пахавання. Месца калектыўнай магілы не было якім-небудзь чынам пазначана. Раней ва ўрочышчы Ліпкі раслі дрэвы, ляшчына, маліннік, было шмат ягад. Пасля праведзенай меліярацыі — поле плошчай 24 гектары.

У 1995 годзе на месцы, куды паказвала большасць сведак, насыпалі курган вышынёй 2.5 метра і ўстанавілі камень, да якога прымацавалі белую мармуровую пліту з надпісам «Вечная памяць сем’ям яўрэяў, расстраляным фашыстамі ў 1941—42 гадах». Пазней пліту разбілі вандалы, і была зроблена новая, чорная, на якой прыбралі словы «сем’ям яўрэяў»: «Вечная памяць мірным жыхарам в. Сухары, расстраляным нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—1945 гадах».http://shtetle.com/shtetls_mog/suhari/suhari.html

У 2000-я гады на базе вёскі створаны аграгарадок. У маі 2003 года калгас пераўтвораны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Сухарэўскі».

У 2013 годзе сваякі загінуўшых яўрэяў сабралі сродкі на ўстаноўку памятнага знака непасрэдна ў вёсцы. Дзякуючы захаванаму заключэнню абласной надзвычайнай камісіі і садзейнічанню работнікаў архіва Магілёўскай ініцыятывы «Урокі Халакоста» ўдалося ўстанавіць імёны 66 з 84 загінулых. 21 чэрвеня 2013 года ўсталявалі помнік, які змясціў прозвішчы, імёны і даты нараджэння забітых.http://shtetle.com/shtetls_mog/suhari/suhari_pam.html

У 2014 годзе дзякуючы намаганням беларускай яўрэйскай абшчыны і ахвяраванням сем’яў Джэйслер і Клетэр з ЗША і Сымона Лазаруса з Вялікабрытаніі, ва ўрочышчы Ліпкі, дзе знаходзіўся курган з валуном, быў усталяваны новы помнік з граніту на пастаменце, дзе выгравіраваны тэкст на трох мовах: беларускай, англійскай і іўрыце. «Ахвярам нацызму. Тут у лютым 1942 г. былi па-зверску растраляны 84 яўрэя з вёскi Сухары». Помнік акружаны металічнай агароджай, выкладзена тратуарная плітка.

У 2015 годзе Магілёўскай яўрэйскай абшчыннай створаны электронны каталог старых яўрэйскіх могілак. Ідэнтыфікаваны 11 мацэў XIX — пачатку XX стагоддзя.http://mogjewshistory.ru/Suhari1

У 2016 годзе на левым беразе ракі Расты за 600 метраў ад храма пабудавана капліца Успення Прасвятой Багародзіцы з усталяваным паклонным крыжом. Тут жа адноўлена крыніца, закаваная ў жалезабетоннае кольца і абсталявана як калодзеж. Вада з яго трапляе ў купель. Побач з ручаём, які выцякае з купелі маецца яшчэ адзін уладкаваны выхад вады, заключаны ў трубу.https://www.rodnikbel.by/%D0%9C%D0%9E/%D0%9C%D0%9E%D0%93/13-%D0%A1%D1%83%D1%85%D0%B0%D1%80%D0%B8/%D0%9C%D0%9E-%D0%9C%D0%9E%D0%93-13-%D0%A1%D1%83%D1%85%D0%B0%D1%80%D0%B8.html

Інфраструктура