Якуб (свецкае імя Ян) Суша (1610, Мінск — 4 сакавіка 1687, Холм) — беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч. Доктар тэалогіі.
Біяграфія Вучыўся ў мінскай базыльянскай школе, у Пултуску (Польшча), Оламаўцы (Чэхія), Рыме. У 1626 годзе стаў манахам базыльянскага ордэна. 3 1636 года ў Холме ўзначаліў школу пры манастыры базыльянаў. Выкладаў філасофію і тэалогію ў базыльянскіх манастырах. З 1649 адміністратар епіскапату, 22 лютага 1652 года кароль Ян Казімір прызначыў яго холмскім архіепіскапам. На Жыровіцкай кангрэгацыі (сходзе) у 1661 годзе абраны генералам базыльян. Потым атрымаў багатае абацтва на Львоўшчыне.
Пісаў пераважна на лацінскай мове. Аўтар твораў «Уваскрэслы фенікс…», «Аб дзеяннях уніятаў…» (абодва 1646), «Савел і Павел» (1666). Яму прыпісваецца твор «Пра іерэйскія павіннасці» (1670, на старабеларускай літаратурнай мове).
Творы Якуба Сушы насычаны вытрымкамі з пастаноў, лістоў дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў; яны сведчаць пра эрудыцыю і веды аўтара. Некаторыя яго творы перавыдадзены ў Парыжы і Лейпцыгу ў сярэдзіне XIX ст.
Літаратура
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Катэгорыя:Постаці беларускага ўсходняга каталіцтва Катэгорыя:Холмскія ўніяцкія епіскапы