Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ Беларусі) — ведамства ўрада Беларусі, упаўнаважанае парадкаваць ахову правоў інтэлектуальнай уласнасці. Старшыня камітэта прызначаецца і здымаецца з пасады прэзідэнтам. З 20 лістапада 2025 года пасаду старшыні камітэта займае Дзяніс Каржыцкі.

Склад На 2019 год ДКНТ Беларусі ўключаў: 3 упраўленні — 1) інавацыйнай палітыкі, 2) навукова-тэхнічнай палітыкі і экспертызы, 3) міжнароднай навукова-тэхнічнай палітыкі і экспертызы; 3 аддзелы — 1) інфармацыйна-аналітычны, 2) планавання, эканомікі і фінансаў, 3) прававой і кадравай працы; 2 групы — 1) арганізацыйнай працы і кантролю, 2) бухгалтарскага ўліку і фінансаў; падраздзяленне аховы дзяржаўных таямніц; 3 дзяржаўныя ўстановы — Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці і Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка; Беларускі інавацыйны фонд; 3 унітарныя прадпрыемствы — «Гродзенскі Цэнтр навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі», «Цэнтр навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі» (Гомель), «Навукова-аналітычны Цэнтр інфармацыі, інавацый і трансферу тэхналогій» (Магілёў).

Паўнамоцтвы Згодна з уставам камітэт мае паўнамоцтвы на: прапанову змен і нагляд за выкананнем заканадаўства аб навуцы, інавацыях і ахове правоў інтэлектуальнай уласнасці; спыненне выдаткоўвання на інавацыйную дзейнасць з дзяржаўнага бюджэту; стварэнне навуковых саветаў; замову навуковых даследаванняў; запыт звестак ва ўстановах; заключэнне міжведамасных міжнародных пагадненняў аб ахове правоў інтэлектуальнай уласнасці; правядзенне навуковых нарад і выставак; стварэнне, пераўтварэнне і скасаванне падпарадкаваных устаноў; прыцягненне спецыялістаў да навуковых даследаванняў і аховы правоў інтэлектуальнай уласнасці; заключэнне з навуковымі ўстановамі і спецыялістамі дагавораў на выкананне навуковых даследаванняў; хадайніцтва аб узнагародзе работнікаў за дасягненні ў навуцы і ахове інтэлектуальнай уласнасці.

Гісторыя 30 лістапада 1993 года Кабінет міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастанову № 809 аб стварэнні Камітэта па навуцы і тэхналогій (КНТ). 23 верасня 1994 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 122 «Аб змяненні структуры цэнтральных органаў кіравання Рэспублікі Беларусь», паводле якога КНТ далучылі да Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь. 11 студзеня 1997 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 30 «Аб сістэме рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь», якім пераўтварыў КНТ Мінадукацыі і навукі Беларусі ў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ Беларусі). 24 верасня 2001 года Указам № 516 «Аб удасканаленні сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь» ДКНТ Беларусі аб’ядналі з Дзяржаўным вышэйшым атэстацыйным саветам і Дзяржаўным патэнтным камітэтам у Камітэт па навуцы пры Савеце міністраў Беларусі. У складзе Камітэта па навуцы ўтварылі Вышэйшы атэстацыйны камітэт. 5 сакавіка 2002 года А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі», якім Камітэт па навуцы зноў перайменавалі ў КНТ пры Савеце міністраў. У склад КНТ улучылі Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. 12 лютага 2004 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 66 «Аб некаторых захадах па аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Савету міністраў Рэспублікі Беларусь, структуры і колькасці работнікаў дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый». Паводле Указа, КНТ зноў пераўтварылі ў ДКНТ Беларусі. 4 жніўня 2009 года А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 9 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2002 г. № 7», паводле якога размежаваў паўнамоцтвы ДКНТ Беларусі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Крыніцы

Спасылкі Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь

Катэгорыя:Дзяржаўныя камітэты Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1993 годзе Катэгорыя:Навука ў Беларусі Катэгорыя:Першамайскі раён (Мінск)