Стрэ́шын — гарадскі пасёлак у Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Стрэшынскага сельсавета. Размешчаны на правым беразе Дняпра, за 21 км ад Жлобіна і за 105 км ад Гомеля.

Геаграфія Стрэшын знаходзіцца на правым беразе Дняпра, каля ўпадзення ў яго ракі Стрэшынкі. На захад ад пасёлка размешчана сетка меліярацыйных каналаў. У наваколлі маюцца паклады жалезнай руды, гліны і пяску.

Транспарт Аўтамабільныя дарогі злучаюць Стрэшын з Жлобінам, Рэчыцай і Светлагорскам. На правым беразе Дняпра знаходзіцца прыстань. Забудова пасёлка пераважна драўляная і цагляная, сядзібнага тыпу.

Геральдыка Герб і сцяг Стрэшына зацверджаны рашэннем Жлобінскага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2000 года № 8-6 і зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 30 жніўня 2001 года пад № 67. На гербе ў блакітным полі іспанскага шчыта змешчаны срэбны грэчаскі крыж. Аўтар герба — М. М. Ялінская. Кампазіцыя сімвала звязана з планам Стрэшынскай Пакроўскай царквы.

Гісторыя Выяўленае археолагамі гарадзішча на паўднёва-ўсходняй ускраіне Стрэшына сведчыць пра засяленне гэтай тэрыторыі са старажытных часоў. У XII стагоддзі тут існаваў драўляны замак, абаронены валам і ровам, вакол якога сфарміравалася неўмацаванае паселішча. Спачатку гэтая тэрыторыя адносілася да Полацкага, а з сярэдзіны XII стагоддзя — да Чарнігаўскага княства.

У 1391 годзе Стрэшынская воласць перайшла ва ўладанне Віленскага капітула. У 1399 годзе Стрэшын згадваецца ў даравальнай грамаце вялікага князя літоўскага Вітаўта, якой за віленскімі канонікамі замацоўваліся землі паміж Стрэшынам і Рагачовам. Паселішча таксама ўнесена ў «Спіс гарадоў далёкіх і блізкіх». У 1430 годзе Стрэшын згаданы сярод уладанняў вялікага князя Свідрыгайлы.

У грамаце караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра IV ад 5 мая 1480 года Стрэшын названы сярод гарадоў, у якіх купцу Цярэнцьевічу дазваляўся бяспошлінны гандаль. У пачатку XVI стагоддзя паселішча цярпела ад нападаў крымскіх татараў. У 1529 годзе віленскія канонікі атрымалі права збіраць пошліны з тавараў, якія правозіліся праз Стрэшын.

У 1563 годзе Стрэшын быў значна разбураны ў час ваенных дзеянняў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. У актах Магілёўскага магістрата за 1578 і 1579 гады ён называўся горадам. У 1592 годзе Стрэшын згаданы ў Баркалабаўскім летапісе. У пачатку XVII стагоддзя тут быў заснаваны каталіцкі касцёл, які не захаваўся.

У ліпені 1654 года казакі пад кіраўніцтвам Івана Залатарэнкі ўзялі Стрэшын штурмам і спалілі замак. Пазней умацаванне было адноўлена і праіснавала да канца XVIII стагоддзя. У 1755 годзе ў склад Стрэшынскага маёнтка ўваходзілі 709 двароў.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Стрэшын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Стрэшын і воласць, якія раней належалі Віленскаму капітулу, былі секвестраваны і перададзены графу Івану Астэрману. У 1807 годзе ў паселішчы пабудавалі мураваную Пакроўскую царкву ў стылі класіцызму.

Стрэшын быў цэнтрам воласці Рагачоўскага павета. У 1880 годзе ў склад воласці ўваходзілі 26 вёсак з 1372 дварамі. Праз мястэчка праходзіла паштовая дарога з Горваля ў Жлобін. Тут дзейнічалі народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, карчмы і млыны. Паводле перапісу 1897 года, у Стрэшыне працавалі паравы млын, дзесяць крам, дзве гарбарныя майстэрні, карчма і паштовае аддзяленне; двойчы на год праводзіліся кірмашы.

У 1909 годзе пры мясцовай школе дзейнічала бібліятэка. 27 красавіка 1910 года жыхары Стрэшына сустракалі мошчы прападобнай Ефрасінні Полацкай, якія на параходзе «Галавачоў» перавозілі з Кіева ў Полацк.

У лютым 1918 года Стрэшын быў акупаваны германскімі войскамі і вызвалены 6 снежня 1918 года. У 1924—1927 і 1939—1956 гадах паселішча з’яўлялася цэнтрам Стрэшынскага раёна. З 27 верасня 1938 года Стрэшын мае статус гарадскога пасёлка. У 1931—1932 гадах былі арганізаваны калгасы «1 Мая» і «Усход», дзейнічалі крухмальны і цагельна-ганчарны заводы, алейні, кравецкая і шавецкая майстэрні, ветракі і кузня.

У 1939 годзе яўрэі складалі каля 33 % насельніцтва Стрэшына. Пасёлак быў акупаваны нямецкімі войскамі з 11 жніўня 1941 года да 29 лістапада 1943 года. У верасні 1941 года акупанты стварылі гета, у якім апынуліся каля 480 чалавек. Забойствы яўрэяў, у тым ліку дзяцей, пачаліся неўзабаве пасля акупацыі. Пры эксгумацыі пахаванняў у 1944 годзе былі выяўлены 463 целы.

У Стрэшыне дзейнічаў атрад народнага апалчэння колькасцю 172 чалавекі. У баях каля пасёлка загінулі больш за 500 савецкіх воінаў, пахаваных у брацкай магіле ў цэнтры Стрэшына. У студзені 1944 года тут размяшчаўся палявы шпіталь. У памяць пра жыхароў, якія загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе, у 1965 годзе ўсталяваны мемарыял.

У 1962 годзе да Стрэшына далучылі пасёлкі Ворон-Гаёк і Грымячы Мох, у 1966 годзе — Ліпы і Новы Свет. У 1972 годзе ў Стрэшын перасялілі жыхароў пасёлка Ніўкі. У 1990—1992 гадах у пасёлку пабудавалі 115 цагляных дамоў для перасяленцаў з тэрыторый Кармянскага раёна, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Насельніцтва

Эканоміка У пасёлку дзейнічаюць лясніцтва і прадпрыемствы мясцовай гаспадаркі. Раней працавала цагельня.

Культура У Стрэшыне працуюць Дом культуры, бібліятэка і музей дзяржаўнай установы адукацыі «Стрэшынская сярэдняя школа Жлобінскага раёна».

Славутасці

Стрэшынскае гарадзішча і замак На паўднёва-ўсходняй ускраіне Стрэшына, на мысе правага берага Дняпра, знаходзіцца гарадзішча XII стагоддзя, вядомае як Замкавая гара. На ім існаваў Стрэшынскі замак, акружаны валам і ровам. У наш час на тэрыторыі гарадзішча ўсталяваны памятныя знакі і камень, а таксама драўляны макет замка.

Свята-Пакроўская царква Свята-Пакроўская царква пабудавана ў 1807 годзе з цэглы ў стылі класіцызму. Гэта рэдкая для Беларусі цэнтрычная культавая пабудова. Да цэнтральнага чацверыка з чатырох бакоў далучаны аднолькавыя паўкруглыя аб’ёмы, адзін з якіх займае алтар. Царква з’яўляецца асноўнай архітэктурнай дамінантай Стрэшына.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі храм быў закрыты і выкарыстоўваўся як склад, стайня, клуб і рэстаран. У 1989 годзе будынак перадалі Праваслаўнай царкве, пасля чаго пачалася рэстаўрацыя. 28 ліпеня 1991 года храм быў зноў асвечаны.

Іншыя славутасці парк плошчай каля 3,5 га; брацкая магіла савецкіх воінаў; помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну; зона адпачынку «Грымячы мох»; драўляны макет Стрэшынскага замка; скульптура рыбака. Галерэя

Вядомыя асобы Дзмітрый Васільевіч Бярнацкі (1912—1945) — савецкі ваенны дзеяч, Герой Савецкага Саюза. Іаан Кармянскі (1837—1917) — протаіерэй, кананізаваны Беларускай праваслаўнай царквой у ліку праведных. Мікалай Іванавіч Кіраў — савецкі лёгкаатлет, бронзавы прызёр летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года, шасціразовы чэмпіён СССР. Грыгорый Іосіфавіч Рутман (1927—2012) — хімік-тэхнолаг, доктар тэхнічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Васіль Рагаўцоў (нар. 1952) — беларускі паэт, мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Уладзімір Яўцехавіч Сінякоў (нар. 1947) — беларускі палітык.

Гл. таксама Стрэшынскі замак Гета ў Стрэшыне Свята-Пакроўская царква (Стрэшын)

Зноскі

Літаратура Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1: Гомельская вобласць / рэдкалегія: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 2004. — 632 с. — ISBN 985-11-0303-9.

Спасылкі

Катэгорыя:Пасёлкі гарадскога тыпу Гомельскай вобласці Катэгорыя:Населеныя пункты на Дняпры Катэгорыя:Мястэчкі Менскага ваяводства