Мікала́й Станісла́вавіч Каза́к (нар. ; в. Дзешчанка, Уздзенскі раён) — савецкі і беларускі фізік, акадэмік НАН Беларусі (2003; член-карэспандэнт з 2000). Доктар фізіка-матэматычных навук (1993). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2020).

Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га склікання (Мінская-Каліноўская выбарчая акруга № 108). Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе (намеснік кіраўніка працоўнай групы)Сайт Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га склікання.

Член Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі.

Біяграфія Скончыў Белдзяржуніверсітэт (1966). У 1966—1976 — старшы інжынер, старшы інжынер-канструктар, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі АН БССР, у 1976—1977 — загадчык кафедры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1977—1988 — малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, з 1988 — намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 1998—2004 — дырэктар Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі. Адначасова ў 2002—2004 — акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі. У 2004—2008 — галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, загадчык Міжнароднай навуковай лабараторыі аптычнай дыягностыкі Фраўнгофера-Сцяпанава. У 2008—2012 — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. З 2012 — загадчык лабараторыі, з 2014 па 2018 — в.а. дырэктара Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі, ў 2019—2023 — генеральны дырэктар ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка». У 2002—2014 — член Прэзідыума НАН Беларусі.

Навуковая дзейнасць Навуковыя працы па крышталяоптыцы, крышталяакустыцы і нелінейнай оптыцы. Выканаў даследаванні нелінейнага пераўтварэння выпраменьвання лазераў у розных крышталях і геаметрыях эксперыменту з улікам рэальных параметраў лазернага выпраменьвання. Стварыў шэраг высокаэфектыўных нелінейна-аптычных пераўтваральнікаў частаты і іншых параметраў выпраменьвання лазераў розных тыпаў. Атрымаў магутнае плаўна перабудоўваемае ультрафіялетавае выпраменьванне пераўтварэннем частоты лазераў на фарбавальніках, прадказаў нелінейна-аптычны эфект генерацыі пераменнага электрычнага поля. Рэалізаваў метад «нелінейнага люстэрка» для кіравання спектральнымі, часовымі і прасторавымі параметрамі выпраменьвання складаных лазерных сістэм. Распрацаваў нелінейна-аптычныя метады вымярэння параметраў лазернага выпраменьвання і рэчывы ў ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах, метад пасіўнай абсарбцыйнай спектраскапіі, схемы інфрачырвоных спектрометраў з высокай спектральнай яркасцю на аснове ўнутрырэзанатарнай ап-канверсіі, спосабы кіравання ультрагукавымі пучкамі. Вывучыў распаўсюджванне светлавых і ультрагукавых хваль паблізу асаблівых напрамкаў у крышталі і стварыў спосабы кіравання прасторавымі параметрамі гэтых пучкоў. Даследаваў розныя рэжымы нелінейна-аптычнага пераўтварэння частаты беселевых светлавых пучкоў. Паказаў магчымасць нараджэння і анігіляцыі аптычных віхур пры нелінейна-частотным пераўтварэнні гэтых пучкоў. Рэалізаваў метад фарміравання беселевых пучкоў вышэйшых парадкаў і пучкоў з дыслакацыяй хвалевага фронту з выкарыстаннем двухвосевых крышталяў.

Аўтар больш за 520 навуковых прац, у тым ліку 78 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.

Асноўныя працы Генерация мощного излучения с перестройкой спектра в области 280—385 нм // Письма в ред. ЖЭТФ. 1972. Т.15, вып. 1 (в соавт.). Внутрирезонансная лазерная спектроскопия с применением нелинейного преобразования частоты // Квантовая электроника. 1988. Т.15, № 9 (в соавт.). Воздействие электрического поля на фокусировку света в окрестности оптических кристаллов // Оптика и спектроскопия. 1997. Т.83, № 3 (в соавт.). Преобразование частоты бесселевых световых пучков нелинейными кристаллами // Квантовая электроника. 2000. Т.30, № 9. Spin-to-orbital angular momentum conversion for Bessel beams propagating alonfg the optical axes of homogenous unaxial and biaxial crystals // J. Optics. 2013. Vol. 15. № 4 (в соавт.).

Узнагароды і прэміі 1978 — Прэмія Ленінскага камсамола БССР 2000 — Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (у сааўтарстве) — за цыкл прац «Даследаванне нелінейна-аптычных з’яў і стварэнне на гэтай аснове новых высокаэфектыўных крыніц лазернага выпраменьвання». 2002 — Ордэн Францыска Скарыны 2012 — Ордэн Пашаны 2015 — Залаты медаль НАН Беларусі «За вялікі ўклад у развіццё навукі» 2023 — Сярэбраны медаль НАН Беларусі «За дасягненні ў навуцы» 2023 — поўны кавалер медалёў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Літаратура

Национальная академия наук Беларуси: персональный состав, 1928—2018. — Минск: Беларуская навука, 2018. — 614 с. ISBN 978-985-08-2360-1. — С. 121—123.

Крыніцы

Спасылкі Старонка дэпутата Мікалай Станіслававіч Казак: Даведка на сайце НАН Беларусі Мікалай Станіслававіч Казак у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:Фізікі Беларусі Катэгорыя:Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Катэгорыя:Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га склікання Катэгорыя:Дактары фізіка-матэматычных навук Катэгорыя:Выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы навукі Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Галоўныя вучоныя сакратары НАНБ