Ва́цлаў Анто́навіч Багу́цкі (партыйны псеўданім Шпак, , в. Буракаў, Варшаўская губерня, Расійская імперыя — , расстрэльны палігон «Камунарка», Масква) — беларускі партыйны і дзяржаўны дзеяч, рэвалюцыянер. Намеснік Старшыні Савета Народных Камісараў БССР (1922—1924).

Біяграфія Нарадзіўся у 1884 годзе ў в. Буракаў Варшаўскай губерні (цяпер — Польшча) ў сям’і рабочага. Па прафесіі рабочы-металіст. У 1904 годзе ўступіў у СДКПіЛ. За рэвалюцыйную дзейнасць у Беларусі і на Каўказе 9 разоў арыштоўваўся, чатыры гады правёў у турмах. У 1906 годзе быў дэлегатам пятага з’езду РСДРП ад Гродзенскай губерні. У 1910 годзе збег ад пераследаў у Амерыку, дзе працаваў па арганізацыі сацыял-дэмакратычных груп польскіх рабочых. У 1912 годзе вярнуўся ў Расію.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, на фронце вёў рэвалюцыйную агітацыю сярод салдат. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года арганізаваў групу сацыял-дэмакратыі Польшчы і Літвы ў Тыфлісе, дзе быў членам выканкама Савета рабочых і салдат дэпутатаў ад арміі.

У 1918 годзе — кіраўнік камітэта СДКПіЛ у Беластоку і Гродна, арганізатар ячэек Кампартыі Польшчы.

Старшыня Гродзенскага падпольнага камітэта РКП(б) у 1918 годзе, старшыня Гродзенскага Савета рабочых дэпутатаў у студзені — красавіку 1919 года. У 1919—1920 гадах — старшыня Надзвычайнай камісіі ў Мінску, адначасова — член Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК КП(б)ЛіБ.

У 1921 годзе займаўся аднаўленнем камуністычных падпольных арганізацый на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у тым ліку Віленшчыны.

У 1921—1924 гадах — на савецкай і партыйнай рабоце ў Беларусі: загадчык арганізацыйнага аддзела, сакратар Цэнтральнага Бюро КП(б)Б і намеснік Старшыні СНК БССР, намеснік сакратара Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б). З’яўляўся прадстаўніком ЦК Кампартыі Польшчы ў Выканкаме Камінтэрна.

Пасля сканчэння курсаў марксізму-ленінізму пры Камуністычнай акадэміі ў Маскве (1929) працаваў ва Усесаюзным цэнтральным савеце прафесійных саюзаў, быў старшынёй ЦК прафсаюзаў работнікаў сувязі СССР, старшынёй скандынаўскай секцыі Выканкама Прафінтэрна. З 1936 года — у Хабараўску, член калегіі краявога суда.

Арыштаваны 5 верасня 1937 года ў Хабараўску па адрасе: вул. Камсамольская, д. 44. Асуджаны 19 снежня 1937 года за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны 31 сакавіка 1956 года ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР.

Член ЦВК СССР у 1922—1924 гадах і яго прэзідыума ў 1924 годзе.

Ушанаванне памяці Яго імем названа вуліца ў Гродне. У Мінску на доме, у якім ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Літаратура Иоффе, Э. Г. От Мясникова до Малофеева: кто руководил БССР / Э. Г. Иоффе. — Мн.: Беларусь, 2008. — 287 с. — С. 179—181. — ISBN 978-985-01-0803-6

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мазавецкім ваяводстве Катэгорыя:Камуністы Польшчы Катэгорыя:Рэвалюцыянеры Беларусі Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Лідары беларускай кампартыі (1919—1991) Катэгорыя:Намеснікі Старшыні СНК БССР Катэгорыя:Члены Прэзідыума Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б) Катэгорыя:Члены Прэзідыума ЦВК СССР Катэгорыя:Члены Цэнтральнага бюро КП(б)Б Катэгорыя:Прафсаюзныя дзеячы СССР Катэгорыя:Расстраляныя і пахаваныя на палігоне «Камунарка» Катэгорыя:Пакараныя смерцю рэвалюцыянеры Катэгорыя:Пасмяротна рэабілітаваныя ў СССР