Кры́ўча (, ) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Малажынскага сельсавета.

Геаграфія

Размяшчэнне У 11 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 39 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 130 км ад Гомеля.

Транспартная сістэма Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Камарын — Брагін.

Планіроўка складаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой з поўдня пад вострым кутом далучаецца кароткая просталінейная вуліца. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.

Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як сяло Крыўча ў валоданні князя Вішнявецкага, з 2-й паловы XVII стагоддзя — Канецпольскіх. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1811 годзе ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні, валоданне Ракіцкіх. У 1897 годзе знаходзіўся хлебазапасны магазін, вятрак. У 1908 годзе ў Брагінскай воласці.

З 8 снежня 1926 года цэнтр Крыўчанскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей.

У 1931 годзе арганізаваны калгас «Пераможца», працавалі 2 ветракі (з 1907 года), конная крупарушка (з 1907 года), 3 гамарні. На ўскраіне ў 1930-40 гадах размяшчалася Крыўчанская МТС.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны у верасні 1943 года фашысты спалілі 115 двароў і забілі 11 жыхароў. У баях за вызваленне вёскі і яе наваколля загінулі 22 салдаты (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). Тут жа ўсталявана скульптура салдата, якая ўвекавечвае памяць 209 мясцовых жыхароў, якія загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе. У 1959 годзе цэнтр калгаса «XVIII партз’езд». Размяшчаліся сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, амбулаторыя, аддзяленне сувязі, 2 крамы.

Паблізу ёсць радовішчы жалезняку.

Да 1998 года ў склад Крыўчанского сельсавета ўваходзіла цяпер не існая вёска Чырвоная Дуброва.

Насельніцтва

Колькасць 2004 год — 40 гаспадарак, 107 жыхароў.

Дынаміка 1850 год — 18 двароў. 1897 год — 45 двароў, 348 жыхароў (паводле перапісу). 1908 год — вёска (47 двароў, 416 жыхароў) і фальварак (1 двор, 12 жыхароў). 1940 год — 116 двароў, 402 жыхары. 1959 год — 285 жыхароў (паводле перапісу). 2004 год — 40 гаспадарак, 107 жыхароў. 2006 год (01.01.2006) — 38 гаспадарак, 99 чалавек, з якіх 22 ва ўзросце да 16 гадоў, 42 — у працаздольным і 35 — старэйшым за працаздольны.

Літаратура

Катэгорыя:Малажынскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Брагінскага раёна