Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў — помнік архітэктуры барока з рысамі класіцызму ў в. Удзела, Глыбоцкі раён. Размяшчаецца ў цэнтры вёскіКасцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў у в. Удзела, Глыбоцкі р-н.

Гісторыя Пабудаваны ў 1766—91 гг. з цэглы на месцы драўлянага храма 1643 г., фундаванага разам з кляштарам францысканцаў Іосіфам Рыгоравічам Корсакам Удзельскім і яго жонкай Марыянай з ШвыйкоўскіхГалубовіч В.У. Каталiцкая царква у Полацкiм ваяводстве у канцы XVI - першай палове XVII стагоддзя // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A, Гуманитарные науки: научно-теоретический журнал. — Новополоцк, 2011. — № 1. — С. 13-17 . Комплекс уключаў касцёл, жылы комплекс, гаспадарчыя пабудовы, цагляную агароджу з брамай-званіцай. Узорам для стварэння касцёла з'яўляўся базыльянская царква ў Беразвеччы. Будаўніцтва мураванага жылога корпуса скончана ў 1805 г., гарэў у 1809 г. У 1837 г. галоўны фасад увянчаны трохвугольным франтонам і пазбаўлены бакавых вежаў. У гэты ж час выканана афармленне інтэр'ера ў стылі класіцызму

Кляштар скасаваны ў 1851 г., касцёл пераведзены ў парафіяльны. У 1910 г. парафія налічвала 2978 вернікаў. У 1948 г. закрыты савецкімі ўладамі. У 1988 г. ўтварыўся касцёльны камітэт, які ў 1989 г. вярнуў храм парафіянам і адрэстаўраваў яго пад кіраўніцтвам кс. Ю. Булькі.

У 2002 г. на тэрыторыі касцёла адкрыты помнік Св. Максіміліяну Кольбэ.

Архітэктура

Касцёл — трохнефавая 2-вежавая псеўдабазілікаКляштар францысканцаў у вёсцы Удзела (Глыбоцкі раён) з паўцыркульнай апсідай і сіметрычнымі сакрысціямі па баках. Цэнтральны неф не мае верхняга асвятлення. Усе нефы маюць аднолькавую вышыню і накрыты агульным двухсхільным дахам, што надае збудаванню важкую манументальнасць. Познебарочны характар святыні відавочны толькі ў ніжняй частцы галоўнага фасада-нартэкса. Яго хвалістая плоскасць расчлянёна 2-граннымі пілонамі і калонамі, квадратнымі плакеткамі, арачнымі экседрамі, што стварае вытанчаную нюансіроўку святла і ценю. Бакавыя і алтарны фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках.

Унутраная прастора падзелена на нефы 6 магутнымі чатырохграннымі пілонамі і перакрыта цыліндрычным скляпеннем на папружных арках і распалубках. Над прытворам размешчаны выгнутыя хоры, на якіх размяшчаўся 12-галосны арган. Барочнае афармленне інтэр'ера ў 1809 г. зменена на класіцыстычнае. Сцены апяразаны шырокім карнізным поясам, крапаваны іанічнымі канелюраванымі пілястрамі. Пад храмам крыпта з 42 пахаваннямі манахаў-францысканцаў.

Кляштарны корпус вырашаны 2-павярховым П-падобным у плане будынкам, які быў злучаны з касцёлам калідорам. Ад кляштара захавалася адно крыло, іншыя разабраны ў 1882.

Перад галоўным фасадам касцёла па восі цэнтральнага ўвахода ў 2-й палавіне 19 ст. пабудавана з цэглы квадратная ў плане двух'ярусная класіцыстычная брама-званіца.

Літаратура Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў // Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін ; фатограф А.Л. Дыбоўскі. – Мн., 2008. – С. 354. Касцёл Бязгрэшнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін ; маст. І.І. Бокі. - Мн., 2000. – С. 152-153. Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя / уклад.: А.М. Кулагін, У.А. Герасімовіч. – Мн., 2000. – С. 161. Касцёл францысканцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С.В. Марцэлеў [і інш.]. – Мн., 1985. – С. 238-239. Костел Непорочного Зачатия Девы Марии // Духовные святыни Витебщины = Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст Н.И. Степаненко, В.Г. Синковец. - Витебск, 2007. – С. 24. Марцынкевіч, Р. Тут зноў гучыць малітва Францішка з Асіза / Р. Марцынкевіч // Веснік Глыбоччыны. - 2002. - 24 ліп. - С. 3. Мурзіч, А. Гісторыя касцёла ў вёсцы Удзела / А. Мурзіч // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). - 2006. - 21 кастр. - С. 2, 6. Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 248-249.

Спасылкі

Касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў у в. Удзела, Глыбоцкі р-н

Кляштар францысканцаў у вёсцы Удзела (Глыбоцкі раён)

Катэгорыя:Касцёлы Віцебскай дыяцэзіі Катэгорыя:Касцёлы Глыбоцкага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1791 годзе Катэгорыя:Францысканскія кляштары Беларусі Катэгорыя:Удзела Катэгорыя:1791 год у Беларусі