Пі́на — рака ў Іванаўскім і Пінскім раёнах Беларусі, левы прыток Прыпяці.

Даўжыня ракі складае 40 км. Плошча вадазбору — 2460 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці — 8,6 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,01 ‰. На рацэ горад і порт Пінск.

Назва

На думку М. Фасмера, назва ракі Піна звязаная са ст.-інд. pīnás «тлусты, тоўсты», páyatē «напаўняецца», páyas «сок, вада». Параўн. піцьМ. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. Т. 3. Москва, 1987. С. 263..

Паводле У. Тапарова, назва Піна балцкага паходжання. Балцкія назоўныя аналагі — прускія тапонімы Pinno, Pynouwe, літоўскі гідронім PynaujaВ. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 201..

На думку В. Жучкевіча, назва ракі славянская, утвораная ад асновы пін, сэнсавае значэнне якой «прыпынак, прыстань, вір у рацэ, гаць». Параўн. беларускія словы спыніць, упынак, запынь, упын, пыніць, украінскае зупинка і г. д.В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 290..

Паводле В. Супруна назва ракі Піна паходзіць ад палескага дыялектнага пінна «пенная»В. Р. Супрун. За смугою часу: Даследаванні і меркаванні. Мінск, 1994. С. 27..

Гідраграфія Пачынаецца каля вёскі Пераруб Іванаўскага раёна, вусце — у межах Пінска. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў рака бярэ свой пачатак каля вёскі Дубай Пінскага раёна (даўжыня рэчышча 27 км). Піна -- частка Дняпроўска-Бугскага канала.

Цячэ па нізіне Прыпяцкага Палесся. Даліна невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча слабазвілістае, шырынёй 30—40 м. У выніку каналізавання лукавіны ракі выпрастаныя, рэчышча паглыблена на перакатах. Воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з Прыпяці праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. Для падтрымання суднаходнага рэжыму рака зарэгулявана шлюзамі, на асобных участках абвалаваная.

Берагі нізкія, месцамі забалочаныя. Хуткасць цячэння нязначная. У межах Пінска назіраецца адваротнае цячэнне (у перыяд межані).

Асноўныя прытокі справа: канава Выценская, канава Таўкачыха, канава Кобельская, канава каля вёскі Хамічава, Ступа; злева: Струга, Няслуха, Піліпаўка.

На перыяд вясновага разводдзя (з пачатку сакавіка, доўжыцца ў сярэднім 65–80 сутак; ускладняецца нераўнамернасцю снегараставання і выпадзеннем дажджоў) прыпадае 38,5 %, на летне-восеньскую межань — 32,8 %, на зімовую — 28,7 % аб’ёму гадавога сцёку.

У басейне ракі знаходзяцца азёры Акуніна, Гарынец, Пясчанае, Расне, Семяховічы і іншыя.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Прытокі Прыпяці Катэгорыя:Рэкі Іванаўскага раёна Катэгорыя:Рэкі Пінскага раёна