Трахеі́ды — мёртвыя адраўнелыя клеткі раслін, якія праводзяць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі і выконваюць механічную функцыю. Трапляюцца ў ксілеме (драўніне) вышэйшых раслін, за выключэннем некаторых пакрытанасенных (напрыклад, злакаў, асок). У папарацепадобных і ў большасці голанасенных раслін трахеіды — адзіныя праводныя элементы драўніны.

Даўжыня трахеід 0,5—10 мм (3—5 мм у хвоі і лістоўніцы, да 10 мм у агавы), дыяметр да 0,1 мм. Клеткі замкнёныя, выцягнутыя, звужаныя і завостраныя на канцах. У папярочным сячэнні звычайна многавугольныя. Сценкі з кольчатымі, спіральнымі, лесвічнымі, сетчатымі патаўшчэннямі або акаймаваны порамі. Размешчаны вертыкальнымі радамі.

У працэсе эвалюцыі з трахеід утварыліся сасуды, валакністыя трахеіды з абмежаванай вадаправоднасцю і спецыялізаваныя механічныя элементы — лібрыформ.

У палеабатаніцы трахеіды маюць важнае дыягнастычнае значэнне пры вызначэнні выкапнёвай драўніны.

Крыніцы

Літаратура

Трахеида // Словарь фитоанатомических терминов : учебное пособие : [более 500 терминов] / Л. И. Лотова, М. В. Нилова, А. И. Рудько. — Москва : URSS, Ленанд, 2007. — С. 82. — 109 с. : ил., табл. : 22 см; ISBN 978-5-382-00179-1.

Катэгорыя:Тканкі раслін