Будынак акруговага суда — адміністрацыйны будынак у Віцебску. Цяпер тут змяшчаецца Віцебскі мастацкі музей. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Гісторыя
Да рэвалюцыі ў будынку змяшчаўся акруговы суд.
У 1917 годзе ў будынку створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (мемарыяльная дошка ўстаноўлена ў 1959 годзе, адноўлена ў 1987 годзе). Да 1991 года ў будынку размяшчаўся Віцебскі абкам КПБ, цяпер — абласны мастацкі музей.
Архітэктура Мураваны будынак узведзены ў 1883 годзе па праекце архітэктара Міністэрства юстыцыі і інжынера М. Ф. Карчэўскага. Уваходзіў у ансамбль Саборнай плошчы (сучасная плошча Свабоды), галоўным фасадам арыентаваны на плошчу. Манументальны П-падобны ў плане будынак складаецца з галоўнага трохпавярховага, прыбудаваных да тарца, якія ўтвараюць унутраны двор, з уездам праз арку з боку плошчы. Галоўны корпус мае цэнтральны рызаліт, завершаны атыкавай сценкай з трохвугольным франтонам. Фасады маюць прамавугольныя (на 1-м і 3-м паверхах) і арачныя (на 2-м паверсе) аконныя праёмы, дэкараваныя ліштвамі. Фасады па вуглах і ў рызаліце апрацаваны рустам, дэкараваны пілястрамі на 2-м паверсе. Планіроўка калідорнага тыпу з двухбаковым размяшчэннем службовых памяшканняў. Інтэр’еры багата ўпрыгожаны: ляпныя плафоны, разеткі, карнізы, пілястры і інш.
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура Будынак акруговага суда // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2003. — Кн. 2. — С. 597.
Грамадскія і мемарыяльныя збудаванні // Якімовіч, Ю. А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. / Ю. А. Якімовіч. — Мн., 1990. — С. 18-19.
Спасылкі
Катэгорыя:Славутасці Віцебска Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Віцебска Катэгорыя:1883 год у Віцебску Катэгорыя:Вуліца Леніна (Віцебск)