Гандлёвыя рады — гістарычны гандлёва-складскі комплекс у Навагрудку, помнік архітэктуры класіцызму. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння.

Гісторыя

Узведзены з цэглы на рыначнай плошчы горада ў 1812 г. па тыпавым праекце, складзеным у Санкт-Пецярбургу. У 1953 годзе ў мэтах прыстасавання пад прамысловы магазін рэстаўраваны і часткова перабудаваны. Так, напрыклад, былі зменены ўнутраная планіроўка, часткова галоўны фасад, канструкцыя даху (паніжаны), каланада абліцавана дэкаратыўнай керамічнай пліткай. У наш час таксама выкарыстоўваюцца як гандлёвая ўстанова.

Большы корпус гандлёвых радоў, які размяшчаўся ў цэнтры плошчы, не захаваўся.

Архітэктура

Гандлёвыя рады ў Навагрудку ўяўляюць у плане выцягнутую трапецыю. Накрыты двухсхільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і ў цэнтры падоўжных фасадаў. Мае цэнтральны і два бакавыя ўваходы. Галоўны паўднёвы фасад прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Раней на галоўным фасадзе былі ўваходныя дзверы ў крамы. Крамы асвятляліся аконнымі праёмамі на тыльным фасадзе. Уздоўж галоўнага фасада будынка абходная галерэя, утвораная дарычнай каланадай. Унутры — гандлёвая зала і невялікія складскія памяшканні.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Гандлёвыя рады Беларусі Катэгорыя:Славутасці Навагрудка Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм