Чайчын () — востраў на возеры Струста (Браслаўская група азёр). Другі па плошчы востраў Беларусі. Займае 1,62 км². У наш час незаселены.

Гісторыя Лічыцца, што назва вострава Чайчын была дадзена дзякуючы шматлікім чайкам, якія насяляюць яго берагі. У першай палове XX стагоддзя на ім знаходзіўся хутар Востраў Струста. У 1931 г. яго насельніцтва складала 27 чалавек. Канчаткова ліквідаваны падчас калектывізацыі пасля II Сусветнай вайны.

У 1995 г. уключаны ў склад Нацыянальнага парка Браслаўскія азёры.

Геаграфія міні|злева|Карта Чайчын — найбуйнейшы востраў возера Струста. Найбольшая даўжыня — 2,2 км. Найбольшая шырыня — 1,65 км. Месціцца прыкладна за 1 км на ўсход ад вёскі Струста на заходнім беразе возера, 440 м на поўнач ад мыса Панцелееўскі Рог на паўднёвым беразе. Ад вострава прыкладна 3,7 км на поўдзень да Браслава, 200 км на паўднёвы ўсход да Мінска, 114 км на захад да Полацка, 200 км на паўднёвы захад да Віцебска. Чайчын добра бачны з гары Маяк.

Мае дзіўныя звілістыя абрысы. У некалькі месцах углыб вострава ўдаюцца залівы. На паўночным усходзе (насупраць лецішчаў вёскі Струста) вылучаецца пясчаны пляж. На паўднёвым усходзе — доўгая пясчаная каса, на якой гняздуюць шматлікія птушкі.

На востраве маюцца 2 малыя унутраныя замкнёныя вадаёмы, але толькі адзін з іх мае сталы характар. Мясцовыя жыхары называюць яго проста «возера» ці «азярцо». У ім нават ловіцца рыба.

Прырода Большая частка вострава пакрыта лесам і высокімі хмызнякамі. Распаўсюджаныя дрэвы — хвоя, бяроза, вольха. Ядловец дасягае 3 — 4 м у вышыню. На Чайчыне гняздуюць шматлікія птушкі.

Ахова Востраў Чайчын з'яўляецца часткай Нацыянальнага парка Браслаўскія азёры. Турыстычныя стаянкі забаронены. Магчымы толькі кароткія пешаходныя экскурсіі.

Літаратура Шидловский К. Браславские озёра. Путеводитель по зоне отдыха Браслав. — Мн.: Полымя, 1989 Шидловский К., Плыткевич С. Браслав и его окрестности. Путеводитель. — Мн.: Рифтур, 2002 Хільмановіч У. Скарбы Беларусі. Востраў Чайчын. // Ніва. Тыднёвік беларусаў у Польшчы. № 8 (2858), 20 лютага, 2011. С. 10

Спасылкі Алена ДЗЯДЗЮЛЯ Ледавiковая спадчына Сяргей Плыткевіч: «А на тым востраве ёсць унутранае возера — цудоўнае месца для цмока!..» Национальный парк Браславские озера

Катэгорыя:Астравы Беларусі Катэгорыя:Незаселеныя астравы Катэгорыя:Азёрныя астравы Катэгорыя:Геаграфія Браслаўскага раёна