Вінцэ́нт Яку́б Ду́нін-Марцінке́віч, у беларускай традыцыі пач. XX ст. Вінцу́к Ду́нін-Марцінке́віч (, ; , фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі павет — , Люцінка, Мінскі павет) — беларускі паэт, драматург, тэатральны дзеяч. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, лічыцца першым класікам новай беларускай літаратуры.
Паходжанне
Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Марцінкевічаў гербу «Лебедзь». Прыдомак «Дунін-» Вінцэнт Марцінкевіч дадаў у сталым узросце, да 1832 года не было ніводнага дакумента з прыдомкам. Усе дакументы бацькі, маці і брата маюць толькі прозвішча Марцінкевіч. Упершыню «Дунін-» з’явіўся ў дакументах Мінскага дваранскага сходу, дзе малады Вікенцій даказваў сваё дваранскае паходжанне. Гісторык Зміцер Дрозд лічыць, што бальшыня пададзеных у радаводзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча дакументаў — падробкі.
Паводле гербоўнікаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, яго сваякі паходзілі з Даніі. Прыдомак прозвішча — датчанін. Пазней, у паэме «З-над Іслачы, або Лекі на сон», згадваючы сваю асобу ў шэрагу іншых персанажаў твора, ён напіша: «Мой герб такога роду, які налічвае дванаццаць ваяводаў». Але гэта, хутчэй за ўсё, мастацкая фантазія Марцінкевіча.
Працяглы час Дуніна-Марцінкевіча памылкова называлі пляменнікам мітрапаліта рымска-каталіцкай царквы Расійскай імперыі Станіслава Богуша-Сестранцэвіча. На праўдзе, яны не былі ў крэўным сваяцтве — пляменніца Сестрэнцэвіча, Людавіка Рыкачэўская, была першай жонкай бацькі Вінцэнта Марцінкевіча — Яна Марцінкевіча, але Вінцэнт быў сынам Яна з другога шлюбу.
У расійскай традыцыі і дакументах Расійскай імперыі яго запісвалі як Віке́нцій Іва́навіч Ду́нін-Марцінке́віч.
Біяграфія
Раннія гады Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся 4 лютага 1808 года ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета (цяпер вёска Панюшкавічы, Бабруйскі раён) у сям’і шляхціца-арандатараПачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. / Уклад. Г. В. Кісялёў. Мн., 1977. С. 118.. У 1824 годзе скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча, пазней Віленскую базыльянскую бурсу. Рана асірацеў, атрымліваў падтрымку ад Станіслава Богуша-Сестранцэвіча.
Лічыцца, што вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце (паводле іншых звестак — у Віленскім універсітэце) на медыцынскім факультэце, але не мог прызвычаіцца да анатаміравання і кінуў вучобу. Звестак пра ўсе этапы адукацыі не пацвярджаюцца ніякімі архіўнымі дакументамі, а вядомы толькі паводле біяграфій Марцінкевіча. У фармулярным спісе аб службе ніякіх даных аб атрыманай адукацыі няма. Хутчэй за ўсё, яна была хатняй.
З 1827 года распачынае чыноўніцкую кар’еру. Ён працаваў памочнікам каморніка пры Мінскім межавым судзе, служыў перакладчыкам у Мінскай епархіяльнай кансісторыі, быў служачым у Мінскай крымінальнай палаце. У лістападзе 1835 года па падазрэнні ў падробцы дваранскіх дакументаў і каралеўскіх пячатак быў арыштаваны і знаходзіўся пад хатнім арыштам, на гарадской гаўптвахце і каля тыдня ў Мінскім турэмным замку. Вярнуўся на працу ў духоўную кансісторыю толькі праз 4 месяцы, у лютым 1836 годзе, дзе ў тлумачэнні пра такі вялікі прагул напісаў толькі пра хатні арышт, схаваўшы факт зняволення ў турме. У выніку расследавання быў пакінуты на працы, але з «моцным падазрэннем».
Творчыя гады У 1840 годзе сумесна з жонкай Юзэфай Бараноўскай, з якой ажаніўся ў вельмі маладым веку, набыў невялікі маёнтак Люцінка (Люцынка) у Пяршайскай воласці (каля мястэчка Івянец) Мінскага павета і пайшоў з дзяржаўнай службы. У Люцынцы актыўна займаецца творчасцю. Тут разгарнулася яго культурна-асветная, літаратурная і тэатральная дзейнасць і прайшлі ўсе наступныя гады жыцця, тут арганізаваў тэатр. Пры гэтым часта бываў у Мінску ў асяродку дэмакратычнай інтэлігенцыі. У пачатку 1840-х гадоў, паводле некаторых звестак, служыў нейкі час аканомам-кіраўніком у маёнтку Шчаўры Сенненскага павета Магілёўскай губерні ў асвечаных памешчыкаў Рашкоўскіх, з якімі захоўваў прыяцельскія адносіны і пазней.
Дачка Каміла і сын Міраслаў падавалі вялікія надзеі ў дзяцінстве як добрыя выканаўцы на фартэпіяна, Дунін-Марцінкевіч вазіў іх на канцэрты ў Вільню, Кіеў, Варшаву. У 1854 годзе заўдавеў і праз некалькі гадоў ажаніўся зноў — з Марыяй Грушэўскай. Паводле некаторых звестак, у 1850-х гадах быў дэпутатам мінскай дваранскай зборні.
У пачатку 1840-х гадоў пачаў пісаць лібрэта. Напісаў тэксты некалькіх аперэт: «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада» (1843). Музыку для іх стварыў Станіслаў Манюшка з удзелам мінскага музыканта Канстанціна Кжыжаноўскага, часткова самога Дуніна-Марцінкевіча. Таксама Дунін-Марцінкевіч сам выканаў адну з галоўных роляў «Рэкруцкага набору». У тыя ж гады стварае камічную оперу «Сялянка» («Ідылія»). У 1846 годзе твор быў выдадзены віленскім выдаўцом Завадскім, ён стаў важным для станаўлення беларускай літаратуры праз тое, што сяляне ў ім гаварылі па-беларуску. 9 лютага 1852 года опера была пастаўлена ў Мінску, сам Дунін-Марцінкевіч быў кіраўніком пастаноўкі, а таксама выканаў ролю войта Навума Прыгаворкі.
У 1850-я гады Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч жыў пераважна ў Мінску. З ім падтрымлівалі цесныя сувязі бібліёграф Ігнат Легатовіч, мастак Адам Шэмеш, паэт А. Пянькевіч, выдавец Аляксандр Валіцкі, кампазітар Станіслаў Манюшка, калекцыянер Юры Кабылінскі і інш. У гасцях, калі прыязджалі ў Мінск, у яго былі паэты Уладзіслаў Сыракомлля, Адам Плуг, музыкант А. Концкі і г.д. У Мінску выходзяць паэтычныя кнігі: «Гапон» (1855), «Вечарніцы і Апантаны» (1855), «Цікавішся? Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Апрача польскамоўных твораў, у зборнікі ўвайшлі таксама і буйныя беларускія творы: паэмы або вершаваныя аповесці і апавяданні «Гапон», «Дурны Зміцер, хоць хітры», «Стаўроўскія дзяды», «Купала», «Шчаўроўскія дажынкі», вершы «Павіншаванне войта Навума...», «Верш Навума Прыгаворкі...». У 1857 годзе Дунін-Марцінкевіч напісаў разгорнутую беларускую баладу «Травіца брат-сястрыца», цыкл вершаваных аповесцей «Быліцы, расказы Навума», але галоўная аповесць цыкла — «Халімон на каранацыі» — не была прапушчана расійскай цэнзурай, і была надрукаваная толькі ў 1945—1946 гады.
Пачынае беларускі пераклад паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». У 1859 годзе дзве першыя песні-«быліцы» перакладу былі надрукаваныя і цалкам падрыхтаваныя да выпуску віленскім выдаўцом Сыркіным, але ў выніку не дапушчаныя да выпуску расійскімі ўладамі праз лацінскі шрыфт выдання, які быў забаронены для выданняў па-беларуску ў Расійскай імперыі (афіцыйна — «беларускай гаворкай»). Тыраж быў знішчаны, захавалася некалькі экзэмпляраў. Пасля гэтага Дуніну-Марцінкевічу не ўдавалася выдаць беларускія творы, хоць у 1867 годзе ён спрабаваў надрукаваць «Быліцы, расказы Навума» кірыліцай («рускім шрыфтам») у «Віленскім весніку». Да канца жыцця яму ўдалося зрабіць дзве публікацыі на польскай мове, абедзве ў 1861 годзе: кніга «Люцынка, або Шведы на Літве» (Вільня) і публіцыстычны артыкул «Ліст у рэдакцыю «Газэты Польскей», у якім ён тлумачыў мэты сваёй літаратурна-асветніцкай дзейнасці і заклікаў да асветы народа.
Паўстанне і рэакцыя. Апошнія гады
Паводле поглядаў быў блізкі да шляхецкіх рэвалюцыянераў (правае крыло «чырвоных»). У 1861 годзе ўдзельнічаў у паездцы Уладзіслава Сыракомлі ў Варшаву, якая мела палітычную афарбоўку. У час паўстання 1863 года паўстанцы мелі падтрымку ў Люцынцы, сам жа пісьменнік у пачатку паўстання знік з дому і расшукваўся ўладамі, якія падазравалі яго ў напісанні беларускіх антыўрадавых выданняў (напрыклад, «Гутаркі старога дзеда»). У кастрычніку 1864 года Вінцэнт-Дунін Марцінкевіч быў арыштаваны ў мястэчку Свір Свянцянскага павета і дастаўлены ў Мінск. Да снежня 1865 года быў зняволены ў мінскай турме. Прамы ўдзел Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні не быў даказаны, ён быў вызвалены з абавязацельствам жыць бязвыезна ў Люцынцы пад наглядам паліцыі, на яго быў накладзены вялікі штраф. Дачка Каміла за сувязь з паўстанцамі была выслана ў Сібір і з 1863 года адбывала ссылку ў Салікамску. Нагляд паліцыі быў зняты ў 1872—1874 гадах, але ізноў устаноўлены ў 1876 годзе. Прычынай нагляду стала адкрыццё ў Люцынцы без дазволу ўлад невялікай школы, дзе галоўнай настаўніцай была дачка пісьменніка Цэзарына. Да самай смерці заставаўся пад наглядам паліцыі. Зрэдку бываў у Мінску, на больш далёкія паездкі не атрымліваў дазволу.
Сябры і прыхільнікі (Ян Карловіч, Аляксандр Ельскі) абмяркоўвалі выданне твораў Дуніна-Марцінкевіча за мяжой Расійскай імперыі, аднак звестак пра здзяйсненне гэтых планаў няма. Не маючы магчымасці друкавацца, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч працягваў творчую дзейнасць. У гэты перыяд ім створаны фарс-вадэвіль «Пінская шляхта» (1866, напісаны на пінскай гаворцы; надрукаваны па-беларуску ў 1918), камедыя «Залёты» (1870, часткова па-беларуску і па-польску; надрукавана ў 1918), паэма «З-над Іслачы, або Лекі на сон» (1868, на польскай мове, надрукавана ў 1984).
Памёр у Люцынцы, пахаваны непадалёк ва ўрочышчы Тупальшчына.
Магіла
Да Другой сусветнай вайны на магіле Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча стаяў дубовы крыж з надпісам па-польску: «Тут спачываюць Вінцэнт, Марыя і Цэзарына Марцінкевічы. Памерлі ў 1885, 1891 і 1902 гг». Як пісаў публіцыст і тагачасны выкладчык маладзечанскага педагагічнага інстытута Мікола Ермаловіч, крыж быў пастаўлены ўнучкамі пісьменніка ў 1930 годзе. Марыя Паўлаўна Марцінкевічава з Грушэўскіх — другая жонка Вінцэнта, Цэзарына — дачка.
У 1957 годзе Саюз пісьменнікаў БССР змяніў крыж на каменны помнік з мармуровай плітой і надпісам: «Тут пахаваны выдатны беларускі пісьменнік Вікенці Іванавіч Дунін-Марцінкевіч. 1807—1884». Была выкарыстана русіфікаваная форма імя, а згадкі пра пахаванне сваякоў пісьменніка былі прыбраныя. У 1977 годзе на помніку быў пастаўлены бронзавы бюст. Як адзначае літаратуразнавец Язэп Янушкевіч, бюст ёсць вельмі спрошчаным.
Творчасць
Пісаў па-беларуску (пераважна лацінкай) і па-польску. Творчую дзейнасць пачаў з оперных лібрэта. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з галоўных роляў.
Прысылаў свае творы ў газету «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»), якую рэдагаваў Адам Ганоры Кіркор. У 1846 годзе ў Вільні надрукаваны яго драматычны твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была пастаўлена ў 1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатральным калектывам (паўторна пастаўлена ў Мінску ў 1994). Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім).
Першыя вядомыя паэтычныя творы Дуніна-Марцінкевіча на польскай мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэлігійнымі матывамі.
У 1850-я гады распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдактычным духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1856, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамантычная цікавасць да народных звычаяў, традыцый і рэалістычнае імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы народных легенд, казак, паданняў. У творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча сфарміраваўся своеасаблівы метад рамантычнага этнаграфізму, які адпавядаў пачатковаму этапу развіцця беларускай літаратуры XIX ст.