Чарнагорыя ( — ад тапоніма «Чорная гара») — заходне-балканская дзяржава. Мае сухапутныя межы з Харватыяй на захадзе, Босніяй і Герцагавінай на паўночным захадзе, Сербіяй на паўночным усходзе, Косавам на ўсходзе і Албаніяй на паўднёвым усходзе. На захадзе краіна абмываецца Адрыятычным морам.
Чарнагорыя падзяляецца на тры геаграфічных рэгіёны: адрыятычнае ўзбярэжжа, адносна раўнінная цэнтральная частка, горныя сістэмы Дынарскіх Альпаў на поўначы і ўсходзе. Да прыродных славутасцяў краіны адносяцца Скадарскае возера на мяжы з Албаніяй і самы глыбокі ў Еўропе рачны каньён — каньён ракі Тара ў нацыянальным парку Дурмітар на аднайменным нагор’і. Значныя плошчы краіны занятыя лясамі.
У старажытныя часы тэрыторыя сучаснай Чарнагорыі была заселена ілірыйскімі плямёнамі, у Рымскую эпоху ўваходзіла ў склад правінцый Панонія і Далмацыя. У VII стагоддзі сюды прыйшлі славяне, а ў XI стагоддзі паўстала першае незалежнае (ад Візантыі) княства Дукля. З XV па XVII стагоддзі цягнулася асманскае панаванне, зрэшты, падпарадкаваць краіну цалкам туркі так і не здолелі. У канцы XVII стагоддзя Чарнагорыя стала першай дэ-факта незалежнай славянскай дзяржавай на Балканах. Пасля Першай сусветнай вайны увайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з 1929 па 2006 гады (акрамя перыяду фашысцкай акупацыі) была часткай Югаславіі. У 1992—2006 гадах засталася адным з двух складнікаў спачатку Югаславіі, у 2003—2006 гадах — Сербіі і Чарнагорыі (т.зв. «Малая Югаславія»). У 2006 годзе адной з апошніх у свеце атрымала незалежнасць.
Чарнагорыя — адна з самых маладых краін на карце свету. Сёння гэта парламенцкая рэспубліка. Пачынаючы з 1990 года, краінай кіруе Дэмакратычная партыя сацыялістаў Чарнагорыі. Унітарная дзяржава, дзеліцца на 23 муніцыпалітэты. З’яўляецца адным з заснавальнікаў Міжземнаморскага Саюза і членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Савета Еўропы, Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора і Цэнтральнай еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю.
У пачатку XXI стагоддзя насельніцтва Чарнагорыі складае каля 620 тысяч жыхароў. Пераважае славянскае насельніцтва. Для чарнагорцаў характэрны дуалізм нацыянальнай свядомасці: яны і сербы, і чарнагорцы адначасова; а чарнагорская мова лічыцца варыянтам сербскай. Рэлігія ў асноўным праваслаўе. Падгорыца — сталіца і найбуйнейшы горад у краіне, Цэтынэ — былая каралеўская сталіца, гістарычны і культурны цэнтр.
Чарнагорыя класіфікуецца Сусветным банкам як краіна з прыбыткам, вышэйшым за сярэдні. Грашовая адзінка — еўра, пры гэтым Чарнагорыя не з’яўляецца часткай еўразоны. Асноўныя віды эканамічнай дзейнасці: турызм, прамысловасць (металургія, электратэхнічная, харчовая), сельская гаспадарка.
Этымалогія У большасці заходнееўрапейскіх моў з’яўляецца адаптацыяй венецкага Montenegro. Так венецыянскія маракі называлі гару Лоўчан (1748 м), што добра бачна з мора і калісьці была пакрыта густымі вечназялёнымі лясамі. На ўсю чарнагорскую зямлю назва распаўсюдзілая ў XV стагоддзі, калі дынастыя Чарноевічаў усталавалася ў княстве Зэта. У некаторых мовах (у тым ліку беларускай і рускай) традыцыйна выкарыстоўваецца прамы пераклад словазлучэння «чорная гара».
Геаграфія
Чарнагорыя ляжыць паміж 41° і 44° пн.ш. і 18° і 21° у.д.. Мяжуе з Харватыяй на захадзе, Босніяй і Герцагавінай на паўночным захадзе, Сербіяй на паўночным усходзе, Косавам на ўсходзе і Албаніяй на паўднёвым усходзе. На захадзе на працягу 294 км абмываецца Адрыятычным морам, што ўдаецца ў бераг вялікім ф’ёрдападобным залівам Бока Котарска. У адрозненне ад суседняй з поўначы Харватыі, Чарнагорыі не належыць ніводнага буйнога населенага адрыятычнага вострава.
Прырода
У плане рэльефу тэрыторыя краіны складаецца з чатырох не падобных паміж сабой зон, еднасць якіх праяўляецца, бадай што, толькі ў выключнай развітасці карставых працэсаў. Прыбярэжная паласа, якая распасціраецца ўздоўж Адрыятычнага мора ад Херцэг-Нові на захадзе да вусця ракі Баяна на ўсходзе, мае шырыню не больш за 10 км. Бераг Чарнагорыі раўнінны і толькі на поўначы ўваход у Котарскі заліў вартуюць вапняковыя горы Лоўчан і Ар’ен. За ўзбярэжжам пачынаецца моцна паедзеная карстам горная града. Трэцяя зона ўключае басейн Скадарскага возера, даліну ракі Зэта, Белапаўліцкую раўніну і Нікшыцкае поле. Поўнач і ўсход краіны — гэта высозныя Дынарскія Альпы з масівамі Дурмітар і Праклецце, таксама моцна закарставаныя; з найвышэйшым пунктам Чарнагорыі — гарой Зла Калата на мяжы з Албаніяй (2534 м, масіў Праклецце). Сукупнасць старажытных ледавіковых і сучасных карставых працэсаў падаравала Чарнагорыі адзін з найбольш расчлененых рэльефаў у Еўропе з перападамі вышынь да 2 км, нездарма каньён ракі Тара (1300 м) лічыцца найглыбейшым у нашай частцы свету. Маюцца паклады баксітаў, медзі, цынку, каменнай солі.
У паўночнай Чарнагорыі клімат умераны кантынентальны, на Адрыятычным узбярэжжы — міжземнаморскі. У прыморскай вобласці лета звычайна працяглае, цёплае (+23-25 °C) і досыць сухое, зіма — кароткая і прахалодная (+3-7 °C), вільготная. У горных раёнах умерана цёплае лета (+19-25 °C) і адносна халодная зіма (ад +5 да −10 °C), ападкі выпадаюць у асноўным у выглядзе снега. Ападкаў выпадае ад 500 да 1500 мм у год, пераважна ў выглядзе дажджу, у гарах блізу марскога ўзбярэжжа месцамі выпадае звыш 3000 мм. У паўночных абласцях Чарнагорыі снег ляжыць да 5 месяцаў.
Балканскі водападзел падыходзіць вельмі блізка да Адрыятычнага мора, якому аддаюць даніну толькі імклівыя кароткія рэкі і ручаі. Большая частка Чарнагорыі з рэкамі Лім, Тара і інш. праз раку Дрына належыць да басейна Дуная. У карставых абласцях многія малыя рэкі і нават вялікія — на некаторых участках — цякуць пад зямлёю. На мяжы з Албаніяй размясцілася самае вялікае возера Балкан — Скадарскае возера (плошча 391 км²), што мае карставае паходжанне. Карставы рэльеф азначае наяўнасць яшчэ і вялікай кольскасці загадкавых пячор, некаторыя з якіх маюць глыбіню больш за 1 км.
Становішча ў горным рэгіёне з выразным кліматападзелам, выхад да Адрыятычнага мора, вялікае возера — усё гэта стварае ўмовы для сапраўднага свята біяразнастайнасці — у Еўропе Чарнагорыя лідзіруе па колькасці відаў раслін і жывёл на адзінку плошчы. З 526 еўрапейскіх відаў птушак 333 сустракаецца ў Чарнагорыі, адных толькі малюскаў ў водах Адрыятыкі 354 віды. Трэцяя частка Чарнагорыі пакрыта лясамі, у якіх сустракаюцца мядзведзі, алені, куніцы, дзікі. Узбярэжныя лясы з дубу і кіпарысу, што былі сведкамі эпохі антычнасці, зведзены і ў горных раёнах падмененыя маквісам.
Ахова прыроды — адзін з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі Чарнагорыі. Каб захаваць рачныя экасістэмы, у краіне абмежавана будаўніцтва гідраэлектрастанцый. Створана 5 нацыянальных паркаў: Дурмітар, Біяградска-Гора, Лоўчан, Скадарскі, Праклецце.
Гісторыя
Старажытнасць
У бронзавым веку на берагах Скадарскага возера жылі ілірыйцы. У VII—VI стагоддзях да н.э. на ардыятычным узбярэжжы былі заснаваны значныя грэчаскія калоніі. У IV ст. да н.э. на чарнагорскую зямлю прыйшлі кельцкія плямёны. У III стагоддзі да н.э. узнікла ілірыйскае каралеўства са сталіцай у Шкодэры (цяпер гэта Албанія). Рымскія легіянеры ўпершыню з’явіліся тут, пераследуючы піратаў, аднак на тым не спыніліся і ў II стагоддзі да н.э. падпарадкавалі Ілірыю. Горны, бедны на карысныя выкапні край не надта цікавіў заваёўнікаў, таму мясцовыя жыхары пазбеглі раманізацыі. Лінія падзелу Рымскай імперыі на усходнюю і заходнюю часткі (395) пралегла акурат на захад ад Скадарскага возера, забяспечыўшы Чарнагорыі неспакойную будучыню на цывілізацыйным разломе. У перыяды слабой Візантыйскай імперыі чарнагорскія землі неаднойчы цярпелі ад уварванняў качэўнікаў: готаў у V стагоддзі, авараў у VI стагоддзі.
Славянскія княствы
У VI стагоддзі на адрыятычныя берагі прыйшлі славяне і ўжо ў наступным сталі дамінуючай этнічнай групай. У IX стагоддзі на тэрыторыі Чарнагорыі было тры славянскіх княствы: Дукля ў паўднёвай частцы, Травунія на захадзе і Рашка на поўначы. У 1042 годзе архонт Стэфан Воіслаў узначаліў паўстанне, якое прывяло да незалежнасці Дуклі ад Візантыі і ўсталявання дынастыі Ваіслаўлевічаў. Дукля дасягнула свайго росківту пры сыне Воіслава Міхайле (1046—1081) і яго ўнуку Канстанціне Бодзіне (1081—1101). У XII стагоддзі Дукля была ўключана ў склад Рашкі ў якасці правінцыі пад назвай Зэта. У канцы XIV стагоддзя паўднёвая частка Чарнагорыі (Зэта) патрапіла ад уладу высакароднай сям’і Балшычаў, а пазней Чарноевічаў, і, пачынаючы з XV стаггоддзя, усё часцей згадвалася як «Црна Гора» («Чорная гара»).
Новы час
З 1496 па 1878 гады вялікія часткі краіны (у асноўным гэта горны рэгіён Брда) неаднаразова траплялі пад уладу Асманскай імперыі. Некаторыя тэрыторыі некаторы час знаходзіліся пад кантролем Венецыі, Першай Французскай імперыі, Аўстрыйскай імперыі і Аўстра-Венгрыі. Аднак Чарнагорыя ніколі не губляла самастойнасці цалкам. Краіна ўяўляла сабой унікальную для Балкан форму аўтаноміі ад Стамбула, якой з 1515 года кіравалі мітрапаліты-ўладыкі. У 1697 годзе Чарнагорыя атрымала фаткычную незалежнасць, прызнаную еўрапейскімі дзяржавамі толькі праз два стагоддзі — пасля чарнагорска-турэцкай вайны 1876—1878 гадоў на Берлінскім кангрэсе 1878 года. У 1852 годзе мітрапаліт-уладыка Даніла Петравіч з дынастыя Петравічаў-Негашаў стаў князем, а Чарнагорыя — свецкай дзяржавай. У 1910 годзе княства змяніла статус на каралеўства. Да XX стагоддзя незалежная Чарнагорыя павялічылася ў памерах у некалькі разоў, паступова далучыўшы да сваёй тэрыторыі часткі Старой Герцагавіны, Метохіі і Рашкі. Улада дынастыі Петравічаў-Негашаў пратрывала да 1918 года. Ваяўнічая маленькая дзяржава паўдзельнічала ў Першай Балканскай вайне і вельмі пакрыўдзілася, калі Шкодэр, узяцце якога каштавала чарнагорскаму войску 10 000 жыццяў, быў аддадены наваўтворанай Албаніі. У Першай сусветнай вайне Чарнагорыя рашуча выступіла на баку Антанты і чарнагорскія жаўнеры поплеч з сербскімі біліся супраць аўстра-венгерскіх армій, ды пацярпелі паразу. У 1916—1918 гадах аўстрыйцы акупавалі краіну, а кароль Нікола I апынуўся выгнаннікам у Бардо.
Югаславія
З 1918 года краіна стала часткай Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, якое ў 1929 годзе пераўтварылася ў Югаславію. У адміністрацйным плане з 1922 па 1929 гады Чарнагорыя, да якой былі далучаны горад Будва і вобласць Котарскага заліва, была ядром Цэцінскай вобласці; у 1929—1941 гадах краіна была часткай Зэцкай банавіны, што гэтаксама мела сталіцу ў Цэтынэ і акрамя чарнагорскіх уключала ў свой склад памежныя землі сучасных Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі.
У 1941 годзе разам з усёй Югаславіяй была акупавана фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі, ды аддадзена італьянцам, якія стварылі тут марыянетачную манархію. У ліпені 1941 года пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі югаслаўскія патрыёты ўзнялі паўстанне, у ходзе якога большая частка Чарнагорыі была вызвалена, а найбуйнейшыя гарады — узятыя ў аблогу. У жніўні паўстанне было задушана сіламі 67тысячнай італьянскай арміі, пераведзенай з Албаніі. У далейшым камуністычна настроеныя сілы працягнулі партызанскую барацьбу, манархісты (чэтнікі) ж пачалі супрацоўнічаць з акупацыйным рэжымам і змагацца супраць партызан. Самым драматычным эпізодам партызанскай вайны ў Югаславіі стала бітва на Нератве (люты-сакавік 1943 года), калі партызанскія сілы здолелі выйсці з акружэння ды разграміць чэтнікаў. Пасля капітуляцыі Італіі ў верасні 1943 года партызаны хутка ўзялі пад кантроль усю Чарнагорыю, аднак краіну неўзабаве рэакупавалі нацысцкія войскі. Канчаткова Чарнагорыя была вызвалена партызанамі ў снежні 1944 года.