Дрыбінскі гісторыка-этнаграфічны музей — музей, заснаваны ў Дрыбіне 15 лютага 1995 года рашэннем Дрыбінскага раённага Савета народных дэпутатаў.

Музею вылучылі спецыяльнае памяшканне. Кіраўнікамі музея былі Т. У. Лосева, В. У. Нямыкін, А. У. Патупчык. З 2004 года дырэктар А. М. Рабкавец. Асноўны фонд (2008) налічвае 2089 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 1445 адзінак. Экспазіцыйная плошча 253 м².

У музеі 19 калекцый (2008): археалогія, старадрукі, музычныя інструменты, народны касцюм, царкоўнае адзенне і прадметы культу, прадметы этнаграфіі і побыту, народная тканіна, дакументы і актавыя матэрыялы, фонадакументы, народныя майстры, зброя, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, прадметы, якія не ўвайшлі ў калекцыю, абразы, нумізматыка, значкі, фотаздымкі, друк, скульптура. У музеі 6 залаў: «Вялікая Айчынная вайна», «Промыслы і рамёствы», «Шапавальства», «Прырода Дрыбінскага краю», «Абразы», «Народнае адзенне».

Крыніцы

Катэгорыя:Музеі Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Дрыбін