Сло́німскі раё́нны краязна́ўчы музе́й імя́ Іо́сіфа Іо́сіфавіча Стабро́ўскага — музей у горадзе Слоніме Гродзенскай вобласці (Беларусь). З'яўляецца адным з найстарэйшых гісторыка-краязнаўчых музеяў краіны.

Гісторыя Заснаванне і дзейнасць у міжваенны перыяд Адкрыццю краязнаўчага музея ў Слоніме папярэднічала правядзенне ў 1924 годзе выставы старажытных дакументаў і кніг, арганізаванай даследчыкам і калекцыянерам Іосіфам Іосіфавічам Стаброўскім. Праз чатыры гады пасля правядзення арганізацыйнага збору мясцовых краязнаўцаў і ўтварэння Слонімскага аддзела Польскага краязнаўчага таварыства (ПКТ) пачаліся падрыхтоўчыя работы па адкрыцці паўнавартаснага музея. Для гэтага было знойдзена памяшканне ў будынку павятовай адміністрацыі, закуплена экспазіцыйнае абсталяванне. Дырэктарам новай установы быў прызначаны І. І. Стаброўскі.

Упершыню музей адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў 20 верасня 1929 года ў прысутнасці прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. Яго першапачатковая экспазіцыя і фонды ўключалі ў сябе 5 тысяч экспанатаў. Музей меў яскрава акрэслены гістарычны профіль, а яго экспазіцыя цалкам базіравалася на калекцыях, якія І. І. Стаброўскі збіраў на працягу ўсяго жыцця і ахвяраваў гораду. Па багацці і ўнікальнасці экспанатаў слонімскі музей мог параўнацца з лепшымі музеямі Еўропы таго часу.

Экспазіцыя стваралася выключна на аснове ўласных густаў дырэктара, які сумяшчаў калекцыйны і тэматычны прынцыпы размеркавання матэрыялаў. Гэта часам прыводзіла да пэўных памылак, але выставы карысталіся велізарнай цікавасцю, асабліва сярод навучэнцаў. Сучаснікі адзначалі надзвычайную апантанасць і адданасць І. І. Стаброўскага сваёй справе. Ён праводзіў у музеі дні і ночы, працуючы ў неацяпляемым памяшканні з адкрытымі вокнамі нават у мароз, каб зберагчы каштоўныя экспанаты ад цвілі.

Музей у гады Другой сусветнай вайны Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе і ўсталявання савецкай улады музей быў часова закрыты. Адносіны новых улад да ўстановы былі пагардлівымі. Згодна з дакладной запіскай метадыста Наркамасветы БССР ад снежня 1940 года, памяшканне ў доме былога фабрыканта Гурэвіча, якое ў лістападзе 1939 года было выдзелена музею, цалкам занялі пад прыватную кватэру старшыні райвыканкама Швайнштэйна. Музейныя экспанаты былі выкінуты са старога будынка і ў бязладдзі скінуты ў дзвюх прахадных пакоях прыватнай кватэры.

У перыяд нямецкай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны І. І. Стаброўскі прыклаў каласальныя намаганні, каб уратаваць сабраныя калекцыі. Пачынаючы з лета 1944 года ён аднавіў асветніцкую працу: праводзіў экскурсіі для ваеннаслужачых і школьнікаў, чытаў лекцыі для настаўнікаў.

Пасляваенны перыяд і сучаснасць У 1946 годзе музей быў перайменаваны ў Баранавіцкі абласны гісторыка-краязнаўчы музей. Гэта рашэнне тлумачылася тым, што Баранавіцкі абласны музей выяўленчага мастацтва быў знішчаны падчас вайны, і ў Слоніме апынуўся найбуйнейшы музейны збор на тэрыторыі тагачаснай Баранавіцкай вобласці. У гэты перыяд да кіраўніцтва ўстановай прыйшлі новыя людзі, І. І. Стаброўскі быў паніжаны на пасадзе да навуковага супрацоўніка, а за прынцыповую пазіцыю ў 1948 годзе ўвогуле звольнены з працы. Пасля яго звальнення і да сярэдзіны 1950-х гадоў у музеі змянілася 6 дырэктараў і 22 навуковыя супрацоўнікі, што прывяло да заняпаду ўстановы і шматлікіх памылак у экспазіцыйнай працы.

У кастрычніку 1952 года, пасля ўваходжання Слонімскага раёна ў склад Гродзенскай вобласці, установе вярнулі першапачатковую назву — Слонімскі раённы краязнаўчы музей. Пры гэтым частка яго калекцый была перададзена Баранавіцкаму абласному і Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музеям.

У 1957 годзе музей атрымаў двухпавярховы будынак на плошчы Леніна, 1, дзе знаходзіцца і сёння. У 1959 годзе сіламі музейных супрацоўнікаў упершыню былі праведзены археалагічныя раскопкі на тэрыторыі старажытнага слонімскага замчышча. За час свайго пасляваеннага існавання экспазіцыя музея перабудоўвалася тры разы. Цяперашняя выставачная плошча складае больш за 400 м². У трох экспазіцыйных залах размешчаны аддзел прыроды, у шасці — аддзелы гісторыі ад старажытных часоў да сучаснасці. Установа мае дзве выставачныя залы: у будынку музея (36 м²) і ў вёсцы Жыровічы (270 м²). Штогод музей наведваюць больш за 30 000 чалавек.

Фонды

Агульны музейны фонд уключае ў сябе больш за 23 000 экспанатаў. Сярод іх вылучаецца багатая калекцыя неалітычных і мезалітычных прылад працы і керамікі, галава старажытнаславянскага ідала (Слонімскі ідал), старажытнаславянскія рэлікварыі, слонімскія судовыя акты XVI—XVIII стагоддзяў, арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года (выданне 1647 года ў перакладзе на польскую мову), слуцкія паясы, драўляная скульптура са слонімскіх касцёлаў.

Захоўваецца калекцыя манет XVI—XIX стагоддзяў, у тым ліку скарбы шведскіх манет, а таксама манет Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стагоддзяў. Акрамя таго, у зборах маюцца аўтографы М. М. Карамзіна, Г. Р. Дзяржавіна, Л. М. Талстога, два лісты А. С. Пушкіна да Н. Ганчаровай, кітайскія мініяцюры. Сярод іншых унікальных рэчаў — бронзавы бюст Напалеона, выкананы ў Парыжы ў 1885 годзе, каляровы план Слоніма 1825 года, планы асобных маёнткаў XVIII—XIX стагоддзяў, вялікая калекцыя дакументаў і старажытных рукапісаў.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Сайт Слонімскага раённага краязнаўчага музея Музейныя вандроўкі. Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя І. І. Стаброўскага 80-гадовы шлях Слонімскага музея

Катэгорыя:Музеі Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Славутасці Слоніма Катэгорыя:Культура Слоніма Катэгорыя:Краязнаўчыя музеі Беларусі Катэгорыя:Гістарычныя музеі Беларусі Катэгорыя:Музеі, заснаваныя ў 1929 годзе