Домік Пятра I — помнік архітэктуры барока ў Полацку, размешчаны па адрасе вул. Ніжне-Пакроўская, 33; функцыянуе як стацыянарная выстаўка «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай».

Гісторыя Пабудаваны ў цэнтры горада як жылы. Ёсць паданне, што ў 1705 годзе ў доме жыў маскоўскі цар Пётр I. На мяжы XVIII—XIX стагоддзяў перабудаваны. Аднапавярховы будынак з паўпадвальным паверхам мае ў плане форму няправільнага прамавугольніка (19х8,5 м).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны дом значна пацярпеў. У 1949 годзе будынак адрамантаваны: адноўлены разбураныя часткі сцен зроблены дах, фасады атынкаваны з цягай карнізаў і аконных абрамленняў, пакладзены новыя падлога і столь, запоўнены дзвярныя і аконныя праёмы. Будынак быў прыстасаваны пад дзіцячую бібліятэку. Захаваліся і ўяўляюць пэўную каштоўнасць драўляныя дзверы разной работы.

У 1998 годзе ў будынку адкрылася стацыянарная выстаўка «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай».

Архітэктура Сцены цагляныя, атынкаваныя звонку і ўнутры. Асноўныя памяшканні паўпадвала перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, астатнія крыжовымі. Пакоі першага паверха маюць пазнейшыя плоскія перакрыцці. З боку ракі на фасадзе дзевяць акон, на бакавым — тры. Уваход зроблены з боку задняга фасада. Зараз уваход ссунуты ў бок вугла. Раней унутры існавала яшчэ адна папярочная сцяна, аб чым сведчыць план паўпадвала, і дом меў скляпеністыя перакрыцці.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Збудаванні Полацка ў стылі барока Катэгорыя:Славутасці Полацка Катэгорыя:Пётр I Катэгорыя:Ніжне-Пакроўская вуліца (Полацк)