Аграрны каледж — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, знаходзіцца ў в. Лужасна. Навучанне вядзецца па накірунках: «Агранамія», «Заатэхнія» і «Ветэрынарная медыцына». Філіял Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Гісторыя У 1904 годзе пачалося будаўніцтва будынка для сельскагаспадарчага вучылішча. 15 лістапада 1909 года было адкрыта Лужаснянскае сельскагаспадарчае вучылішча. Першы прыём навучэнцаў быў праведзены ў 1909 годзе, і гэты год лічыцца датай арганізацыі навучальнай установы. 1 кастрычніка 1920 вучылішча пераўтворана ў другую прыступку сельскагаспадарчай школы і пачало называцца Лужаснянская сельскагаспадарчая школа. 9 лютага 1928 сельскагаспадарчая школа ператворана ў Лужаснянскую прафесійную школу тэхнічных культур (ільну і канопляў). У 1930 годзе — Лужаснянскі дзяржаўны сельскагаспадарчы ільнопяньковы тэхнікум Наркамата земляробства БССР. У 1936 тэхнікум пачаў выпускаць аграномаў шырокага профілю.
2 сакавіка 1977 года Лужаснянскаму сельскагаспадарчаму тэхнікуму было прысвоена імя Ф. А. Сурганава — выпускніка, актыўнага ўдзельніка партызанскага руху на Беларусі, дзяржаўнага дзеяча, старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
З студзеня 1983 г. Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум імя Ф. А. Сурганава рэарганізаваны ў Лужаснянскі саўгас-тэхнікум імя Ф. А. Сурганава, да тэхнікуму далучана навучальная гаспадарка «Лужасна». З чэрвеня 1996 г. Лужаснянскі саўгас-тэхнікум імя Ф. А. Сурганава рэарганізаваны ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум імя Ф. А. Сурганава. З сакавіка 2002 года Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум імя Ф. А. Сурганава рэарганізаваны ў Лужаснянскі дзяржаўны аграрны каледж імя Ф. А. Сурганава. У ліпені 2002 года Лужаснянскі сельскагаспадарчы каледж увайшоў у склад Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Архітэктура
Помнік архітэктуры стылю мадэрн. Мураваны 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Выступы аб'ёмаў ствараюць невялікі ўнутраны дворык. У аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі вылучаецца трохпавярховая вуглавая частка з уваходам, сіметрычнай групоўкай праёмаў, складанымі шчытамі. Паміж імі размешчаны высокі спічасты шацёр, які надае выразнасць сілуэту будынка. Фасады вырашаны ў 2 колеры. Плоскасці фасадаў прарэзаны 2 радамі шырокіх акон, прамавугольных на 1-м паверсе і лучковых на 2-м. Сістэма размяшчэння памяшканняў — калідорная. На кожным паверсе — па тры пакоі. Захаваліся белыя кафляныя печы.
Вядомыя выпускнікі Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, беларускі дзяржаўны дзеяч Аркадзь Іванавіч Лапо, беларускі вучоны-раслінавод
Гл. тасама Лужаснянскі дэндрапарк
Літаратура Земляробчая школа // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 191. Лужеснянской земледельческой школы здание // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2007. — Т. 4. — С. 555.
Катэгорыя:Лужасна Катэгорыя:Каледжы паводле алфавіта Катэгорыя:Каледжы Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1909 годзе Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны Катэгорыя:Аб’екты, названыя ў гонар Фёдара Сурганава Катэгорыя:1909 год у Беларусі