Вуглярод () C — хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, атамны нумар 6, атамная маса 12,011. Складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​12C (98,892 %) і 13 (1,108 %). Ізатопам ​​12C карыстаюцца для вызначэння атамнай адзінкі масы. У верхніх слаях атмасферы ўтвараецца радыеактыўны ізатоп ​14C. У зямной кары ў выглядзе мінералаў і гаручых выкапняў знаходзіцца 2,3∙10​−2 % вугляроду па масе, у атмасферы ў выглядзе вугляроду дыаксіду — 1,2∙10​−2 %. Вельмі шмат вугляроду ў космасе; на Сонцы па распаўсюджанасці займае 4-е месца пасля вадароду, гелію, кіслароду. Злучэнні вугляроду — асноўная састаўная частка тканак раслін і жывёл (біягены).

Існуюць 2 крышталічныя мадыфікацыі вугляроду (алмаз, графіт, 3-я — карбін — атрымана штучна) і аморфны (кокс, сажа, драўняны вугаль). Пры звычайных тэмпературах хімічна інертны, пры высокіх — рэагуе з многімі элементамі: з металамі і некаторымі неметаламі (напрыклад, бор, крэмній) утварае карбіды. Аморфны вуглярод хімічна больш актыўны (моцны аднаўляльнік). Атамы вугляроду здольныя злучацца адзін з адным і ўтвараюць вялікую колькасць злучэнняў, якія вывучае арганічная хімія.

Выкарыстоўваюць у вытворчасці алмазных інструментаў (гл. таксама Алмазная прамысловасць), вогнетрывалых матэрыялаў, электратэхнічных вырабаў, у ядзернай тэхніцы, гумавай, паліграфічнай, лакафарбавай прамысловасці, металургіі. Літаратура

Катэгорыя:Хімічныя элементы Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы