Стараду́бскае кня́ства — буйное феадальнае ўладанне ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага, пазней — Маскоўскай дзяржавы.

Утворанае ў 1454 годзе як удзел князя Івана Андрэевіча Мажайскага, уцекача ад маскоўскага князя Васіля II Цёмнага. У 1499 годзе яго сын Сямён Мажайскі атрымаў ад вялікага князя Аляксандра пацвярджэнне на вотчыну, у якую ўваходзілі Старадуб, Гомель, Чарнігаў, Бранск, Карачаў і Хоцімль. Увясну 1500 года Сямён і ўладальнік Ноўгарад-Северскага княства князь В. І. Шамячыч перайшлі на бок вялікага князя маскоўскага Івана III. Пры гэтым іх княствы захавалі на пэўны час шырокую ўнутраную аўтаномію. У першай чвэрці XVI стагоддзя існаванне гэтых буферных утварэнняў, якія разам з Разанню засланялі ўласна маскоўскую тэрыторыю ад татарскіх набегаў, дзеля тактычных меркаванняў дапускалася Масквой. Каля 1503 года старадубскім князем стаў сын Сямёна Мажайскага Васіль, які актыўна ўдзельнічаў у войнах з ВКЛ. Пасля яго смерці ў 1518 годзе Старадубскае княства перайшло да маскоўскага вялікага князя Васіля III і было ліквідавана. Гомель з акругай вернуты ў склад ВКЛ у выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—1537 гадоў.

Літаратура

Natanson-Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1. Lwów-Warszawa, 1922. Kuczyński S. M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy. Warszawa, 1936. Зимин А. А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV — первой трети XVI в. — М., 1988.

Катэгорыя:Гісторыя Старадуба Катэгорыя:З’явіліся ў 1454 годзе Катэгорыя:Удзельныя княствы ў складзе Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Зніклі ў 1518 годзе