Леанід Марцінавіч Дайнека (, в. Змітраўка 2-я, Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць — , Мінск) — беларускі пісьменнік.
Біяграфія Скончыў у 1959 годзе тэхнічнае вучылішча ў Ніжнім Тагіле, у 1967 годзе аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ.
Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Беларускім тэлебачанні. У 1972—1989 гадах — адказны сакратар часопіса «Маладосць». З 1989 года ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». З 1993 года займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, заснаваў фірмы «Пасад» і «БелПі» (брэнд «Крамбамбуля» і іншыя).
Памёр 21 жніўня 2019 года. Пахаваны 25 жніўня на могілках у Калодзішчах.
Творчасць Дэбютаваў у друку ў 1961 годзе. Аўтар зборнікаў вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985) — лейтматывы твораў: услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі. Некаторыя вершы Леаніда Дайнекі пакладзены на музыку. Таксама аўтар зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976).
Аўтар дылогіі «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979), якая раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1917—1919; рамана «Футбол на замініраваным полі» (1987), дзе асэнсоўвае тэму горада; фантастычнага рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992).
Гістарычныя раманы Вядомы як адзін з найлепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў. Аўтар раманаў «Меч князя Вячкі» (1987) пра барацьбу Полацка з немцамі ў Ніжнім Падзвінні ў XIII стагоддзі, «След ваўкалака» (1988) пра полацкага князя Усяслава Брачыславіча, «Жалезныя жалуды» (1990) пра ранні этап станаўлення Вялікага Княства Літоўскага;. У 2008 годзе выйшаў раман «Назаві сына Канстанцінам», дзеі якога адбываюцца ў XV—XVI ст. у Рыме, Вялікім Княстве Літоўскім і Канстанцінопалі. Раманы «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка» (часопіс «Дзеяслоў» № 1-3, 2010), «Той, каго ўдарылі па шчацэ» (2011). Раманы «Ілоты» (2015) і «Сын ільва, дачка Зеўса — Леанід і Зінаіда» (2017) выйшлі ў кнізе «Леанід Дайнека. Выбраныя творы» («Беларуская навука», серыя «Беларускі кнігазбор», 2018).
Прэміі і ўзнагароды Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа (1989) за гістарычны раман «Меч князя Вячкі» (1987) Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Кастуся Каліноўскага (1990) за гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» (1987) і «След ваўкалака» (1988). Прэмія імя Валянціна Пікуля (2010) з уручэннем залатога медаля за цыкл гістарычных раманаў. Медаль «500-годдзе Аршанскай бітвы» (2015).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі-фантасты Беларусі Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага