Зінаіда Міхайлаўна Бычкоўская (нар. , в. Калачы, Лагойскі раён) — беларускі дзяржаўны дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы (1973).

Біяграфія Нарадзілася 15 студзеня 1941 года ў в. Калачы Лагойскага раёна.

У 1952 годзе паехала вучыцца ў Мінск. Пасля вучобы ў 1959 годзе пачала працаваць прадзільшчыцай на Мінскім камвольным камбінаце. Майстэрску авалодаўшы сваёй прафесіяй, дамаглася найвышэйшай прадукцыйнасці працы. Толькі пры выкананні працоўных прыёмаў змены сілкавальнай галоўкі і ліквідацыі абрыву ніткі яна эканоміла за змену 37 хвілін працоўнага часу. Пяцігадовае заданне выканала за чатыры гады.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 снежня 1973 года за выдатныя поспехі ў выкананні заданняў пяцігодкі і прынятых сацыялістычных абавязацельстваў на 1973 год, вялікі творчы ўклад у павелічэнне вытворчасці тавараў народнага спажывання і паляпшэнне іх якасці Бычкоўскай Зінаідзе Міхайлаўне прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

У 1975 годзе мастак Калінін П. В. стварыў плакат «Зінаіда Міхайлаўна Бычкоўская» у серыі «Героям працы — слава», у якім гаварылася, што Зінаіда Бычкоўская «у дзевятай пяцігодцы дала звыш задання дзесяткі тон пражы. Прадукцыя, якую яна вырабляе, вышэйшай якасці».

Абіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1975—1980), намеснікам Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. З 27 снежня 1976 года па 28 лютага 1977 года выконвала абавязкі Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.

Працягвала працаваць прадзільшчыцай да выхаду на пенсію. Жыве ў Мінску.

Узнагароды ордэн «Знак Пашаны» (05.04.1971), Герой Сацыялістычнай Працы (31.12.1973), ордэн Леніна (31.12.1973), медалі.

Катэгорыя:Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Катэгорыя:Члены Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 9-га склікання