Баршчэўнік звычайны (Heracleum sphondylium) — травяністая расліна сямейства парасонавых.

Апісанне Двух-, радзей шматгадовая травяністая расліна з галінастым коранем і прамастойным баразнаватым апушаным сцяблом вышынёй 60-150 см. Лісце трайчастае, зверху апушанае, знізу па буйназубчастым краі шурпатае ад дробных шыпаватых валаскоў; бакавыя сегменты лісця на чаранках. Ліставая похва моцна выцягнутая. Суквецце — складаны шматпрамянёвы парасонік. Кветкі белыя. Пялёсткі краявых кветак вельмі выцягнутыя і глыбока надрэзаныя, лопасці іх моцна разыходзяцца. Плады адваротнаяйкападобныя.

Пашырэнне Сярэднееўрапейскі горна-таежны від. Пашырэнне: Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Еўропа. Знаходзіцца ў Беларусі ў асобным лакалітэце за ўсходняй мяжой пашырэння. Месцы росту: зараснікі хмызняку і закуставаныя лугавіны.

Асаблівасці біялогіі Цвіце ў чэрвені-ліпені. Пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажаецца насеннем.

Літаратура Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5

Катэгорыя:Баршчэўнік Катэгорыя:Травы Катэгорыя:Расліны, апісаныя ў 1753 годзе