Крыптавечарына (CryptoParty) — гэта глабальная ініцыятыва па азнаямленні шырокай грамадскасці з асновамі практычнай крыптаграфіі, такімі як ананімная сетка Tor, вечарыны падпісвання ключоў, TrueCrypt, віртуальныя прыватныя сеткі.

Як спадкаемца шыфрапанкаў 1990-х, крыптавечарына была прыдумана ў канцы жніўня 2012 года ў выпадковай Twitter-размове паміж аўстралійскімі прыхільнікамі прыватнасці (у тым ліку Эшэрам Вулфам, Asher Wolf) і экспертамі ў галіне камп’ютарнай бяспекі датычна прыняцця біля з папраўкамі ў заканадаўстве па кіберзлачынствах (2011)Біль з папраўкамі ў заканадаўства па кіберзлачыннасці 2011 года: і ўнясення законапраекта аб двухгадовым захаванні даных у гэтай краіне.

Самаарганізаваны DIY-рух («Зрабі сам»-рух) адразу пачаў вірусна распаўсюджвацца з тузінам аўтаномных крыптавечарын у лічаныя гадзіны па гарадах Аўстраліі, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі. «Калі я прачнуўся раніцай, яны былі ўсюды», — кажа Вулф у інтэрв’ю.

Шмат іншых вечарын было арганізавана і праведзена ў Чылі, Нідэрландах, Гаваях, Азіі і г. д. Выкарыстанне Tor у Аўстраліі рэзка павысілася, а лонданская крыптавечарына з 130 удзельнікамі, сярод якіх былі ветэраны руху «Акупіруй Лондан» (Occupy London), вымушана была перамясціцца з лонданскага хакерспэйса (London Hackspace) у кампус Google ва ўсходне-лонданскім тэхналагічным гарадку. Станам на сярэдзіну кастрычніка 2012 па ўсім свеце прайшло каля 30 крыптавечарын, некаторыя з іх рэгулярныя. У адзін і той жа дзень крыптавечарыны былі праведзены у Рэйк’явіку, Бруселі і Маніле.

Крыптавечарына напачатку атрымала словы падтрымкі ад Фонду Электронных Межаў (Electronic Frontier Foundation) і, меркавана, AnonyOps, таксама яе падтрымалі выкрывацель Агенцтва Нацыянальнай Бяспекі (NSA) Томас Дрэйк, рэдактар Вікілікс Хэдэр Марш і рэпарцёр часопіса Wired Квін Нортан.

Эрык Х’юз, які за два дзесяцігоддзі да таго напісаў маніфест шыфрапанкаў, выступіў з пленарнай прамовай «Ізноў зробім персанальныя камп’ютары персанальнымі» (Putting the Personal Back in Personal Computers) на крыптавечарыне ў Амстэрдаме 27 верасня 2012 г.

Марцін дэ Камінскі, заснавальнік Пірацкага Бюро (Piratbyrån), якое ў сваю чаргу заснавала Пірацкую Бухту (The Pirate Bay), лічыць крыптавечарыны найважнейшым грамадскім праектам у сучаснай крыптаграфіі. Коры Доктараў ахарактарызаваў крыптавечарыну як мерапрыемства «накшталт маркетынгавай сустрэчы (Tupperware party) для тых, хто вывучае крыптаграфію».

Першы чарнавік «Дапаможніка па арганізацыі крыптавечарыны» на 442 старонках (папяровая версія ёсць у продажы) быў складзены за тры дні сумеснага кніжнага спрынта і выпушчаны 4 кастрычніка 2012 г. пад ліцэнзіяй СС-BY-SA. Кніга пастаянна падтрымліваецца ў актуальным стане.

Напад і падзенне сайту

У красавіку і траўні 2013 года галоўная вікістаронка руху крыптавечарын cryptoparty.org стала аб’ектам серыі спамерскіх атак, і, як вынік, сайт перастаў працаваць. Абарона супраць спам-атак была зроблена больш складанай, чым на другіх вікі. Спам-атакі таксама былі вынікам выкарыстання непрыдатных налад плагіна ConfirmEdit. Выкарыстанне плагіна SimpleCaptcha не рэкамендуецца аўтарамі ConfirmEdit («[…] выкарыстоўваўся на вельмі невялікай колькасці вікі па-за Фондам ВікіМедыя, бо, магчыма, ён (плагін) недастаткова эфектыўны»).ConfirmEdit, Mediawiki extension. mediawiki.org 15-06-2013. Retrieved 23-06-2013

Крыптавечарыны ў Беларусі

Рух крыптавечарынак быў распачаты ў пачатку 2013 года Пірацкім Цэнтрам Беларусі. Першая крыптавечарына ў Беларусі прайшла ў Менску 5 лютага 2013 года і была прысвечана Дню Бяспечнага Інтэрнэта. На працягу года было праведзена каля 5 крыптавечарын, на якіх тэарэтычна і практычна разглядаліся тэмы інтэрнэт-бяспекі, прыватнага інтэрнэта, шыфравання даных (пошты, паведамленняў, файлаў, дыскаў).

Спасылкі Агульны сайт крыптавечарын па ўсім свеце

Зноскі

Катэгорыя:Крыптаграфія