Лінія (зона) Тэйсейра—Торнквіста — краявое шво Усходне-Еўрапейскай платформы.

Адмяжоўвае Заходне-Еўрапейскую маладую платформу ад Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў на захадзе старажытнай Усходне-Еўрапейскай платформы. Складаецца з серыі глыбінных (мантыйных) разломаў, уваходзіць у больш працяглы Дабруджска-Паўночнаморскі лініямент зямной кары.

Балтыйска-Прыднястроўская зона перыкратонных прагінаў — буйная монаклінальная структура каледонскага этапу тэктагенезу. Працягнулася з паўднёвага ўсходу на паўночны захад ад Чорнага да Паўночнага мораў. У будове вылучаюцца структурныя насы і залівы, якім адпавядаюць сучасныя структуры паверхні крышталічнага фундамента: Малдаўская монакліналь, Паўночна-Малдаўскае падняцце, Валынская ўпадзіна, Мазурскі і Лукаўска-Ратнаўскі выступы, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, Балтыйская сінекліза, частка Балтыйскага шчыта, упадзіна праліваў Скагерак і Катэгат.

Узнікла пад уздзеяннем прагінання суседняй геасінкліналі. Нарастальнае на захадзе апусканне суправаджалася вертыкальнымі блокавымі рухамі з утварэннем разломаў і лакальных структур. Развівалася ў кембрыі, ардовіку, сілуры, раннім дэвоне.

Запоўнена магутнай тоўшчай (да 3500 м) тэрыгенных і карбанатных адкладаў, з якімі звязаны асноўныя запасы нафты і газу на захадзе Усходне-Еўрапейскай платформы.

Літаратура

Катэгорыя:Геалогія Еўропы Катэгорыя:Усходне-Еўрапейская платформа