Лік — базавае паняцце матэматыкі, якое характарызуе колькасць; адна з асноўных матэматычных абстракцый, звязаная з выражэннем колькаснай характарыстыкі прадметаў.
У матэматыцы разглядаюць наступныя мноствы лікаў: натуральныя лікі цэлыя лікі рацыянальныя лікі рэчаісныя (сапраўдныя) лікі камплексныя
Набор правіл, што дазваляюць запісаць лікі з дапамогаю знакаў, называюць сістэмай злічэння. У матэматыцы ўжываецца дзесятковая сістэма злічэння, якая на сёння пануе і ў бытавой сферы.
Гісторыя У самым простым выглядзе паняцце ліку ўзнікла ў першабытным грамадстве і вызначалася неабходнасцю правядзення падлікаў і вымярэнняў у практычнай дзейнасці чалавека. Потым лік становіцца асноўным паняццем матэматыкі і далейшае развіццё гэтага паняцця звязана з вывучэннем яго агульных заканамернасцей (гл. тэорыя лікаў).
Паняцце натуральных лікаў (1, 2, 3, ...) узнікла ў старажытнасці з патрэбы параўноўваць і колькасна характарызаваць (лічыць) розныя мноствы прадметаў. 3 узнікненнем пісьменства лікі пазначалі рыскамі на матэрыяле, які служыў для запісу, напрыклад, папірусе, гліняных таблічках. Пазней уведзены іншыя знакі для абазначэння вялікіх лікаў. 3 цягам часу паняцце натуральнага ліку набыло больш абстрактную форму, якая ў вуснай мове перадаецца словамі, на пісьме — спецыяльнымі знакамі. Важным крокам з'яўляецца асэнсаванне бесканечнасці натуральнага рада лікаў, што адлюстравана ў помніках антычнай матэматыкі, працах Эўкліда і Архімеда.
Паняцце аб адмоўных ліках узнікла ў VI—XI ст. у Індыі. Аналіз аперацый складання, адымання, множання і дзялення спрыяў узнікненню навукі пра лікі — арыфметыкі. Узнікненне дробавых (рацыянальных) лікаў звязана з патрэбамі праводзіць вымярэнні. Напрыклад, даўжыня вымяралася адкладаннем адрэзка, прынятага за адзінку; аднак адзінка вымярэння не заўсёды ўкладвалася цэлую колькасць разоў, што вяло да дзялення цэлага на часткі. Патрэба ў дакладным выражэнні адносін велічынь (напрыклад, адносіны дыяганалі квадрата да яго стараны) прывяла да ўводу ірацыянальных лікаў. Пры рашэнні лінейных і квадратных ураўненняў па фармальных правілах іншы раз атрымліваліся адмоўныя і ўяўныя лікі, якім быў нададзены строгі сэнс — узнікла алгебра. Неабходнасць вывучаць фізічныя працэсы, непарыўныя ў прасторы і часе (напрыклад, рух цела), стымулявала ўвядзенне сапраўдных лікаў і паняцця лікавай прамой, што стала асновай стварэння матэматычнага аналізу. Далейшае развіццё паняцця ліку прывяло да камплексных лікаў, гіперкамплексных лікаў, p-адычных лікаў.
Гл. таксама Фармат ліку
Літаратура Бернік В. Лік // БЭ ў 18 т. Т. 9. Мн., 1999.
Катэгорыя:Тэорыя лікаў Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы