Іаланда Венгерская (, каля 1215 — кастрычнік 1253) — венгерская прынцэса з дынастыі Арпадаў, дачка караля Венгрыі Андраша II і Іаланды Куртэнэ, жонка караля Арагона Хаймэ I Заваёўніка.

Паходжанне

Іаланда была дачкой караля Венгрыі Андраша II і яго другой жонкі Іаланды Куртэнэ. Па бацькоўскай лініі прыходзілася ўнучкай Беле III і яго першай жонцы Агнес Антыяхійскай. Па матчынай лініі была ўнучкай П’ера II дэ Куртэнэ і яго другой жонкі Іаланды Фландрскай.

Шлюб і дзеці

У 1235 Іаланда выйшла замуж за караля Арагона Хаймэ I Заваёўніка. Яны абвянчаліся 8 верасня ў Кафедральным саборы Барселоны. Для Хаймэ гэта быў другі шлюб. Першы, з Элеанорай Кастыльскай, быў ануляваны з-за крэўнага сваяцтва. Ад гэтага шлюбу застаўся сын Альфонса.

У Хаймэ і Іаланды нарадзілася 10 дзяцей:

Іаланда Арагонская (1236—1301), стала каралевай Кастыліі, выйшаўшы замуж за Альфонса X Кастыльскага, мела дванаццаць дзяцей. Канстанцыя Арагонская (1239—1269), выйшла замуж за Хуана Мануэля Кастыльскага, сына караля Кастыліі Фердынанда III, мела дваіх дзяцей. Педра III Арагонскі (1239—1285), успадкоўваючы бацьку, стаў каралём Арагона і Валенсіі, графам Барселоны, па просьбе сіцылійцаў прыняў карону Сіцыліі (у 1282). Быў жанаты з Канстанцыяй Сіцылійскай, меў шасцярых дзяцей. Хаймэ Маёркскі (1243—1311), пасля смерці бацькі атрымаў у валоданне васальнае каралеўства Маёрка. Акрамя Балеарскіх астравоў, у яго ўваходзілі каталонскія графствы Русільён і Сердань, а таксама сеньёрыя Манпелье, віконцтва Карла ў Аверні і баронства Амела каля Манпелье. Быў жанаты з Эскларамундай дэ Фуа, меў шасцярых дзяцей. Фердынанд Арагонскі (1245—1250), інфант Арагона, памёр у раннім узросце. Санча Арагонская (каля 1242—1255 — 1262 ці 1275), была заручана з Цібо V Наварскім. Атрымала хрысціянскую адукацыю, якая схіліла яе пакінуць двор і стаць манашкай. Ізабэла Арагонская (1247—1271), выйшла замуж за караля Францыі Філіпа III, мела чацвёра дзяцей. Марыя Арагонская (1248—1267), прыняла пострыг у манастыры Сіхены. Санча Арагонскі (1250—1275), у 16 гадоў быў прызначаны арцыбіскупам Таледа, пакараны мусульманамі ў Мартасе. Элеанора Арагонская (1251—?), інфанта Арагона, памерла ў раннім узросце.

Грамадская дзейнасць

Іаланда была таленавітай жанчынай і валодала моцным характарам. Прымала ўдзел у палітычных справах нароўні са сваім мужам. Хаймэ вельмі цаніў яе як дарадцу. Іаланда прымала ўдзел у важных міжнародных пагадненнях (Tractat d’Almizra з Кастыліяй, 1244). Падпісала дамову аб здачы горада Валенсіі эмірам Заянам ібн Марданішам. Разам з мужам урачыста ўступіла ў Валенсію 9 кастрычніка 1238 г.

Таксама заахвочвала спробы сваіх дзяцей пасварыць Хаймэ з яго старэйшым сынам Альфонса.

Смерць і пахаванне

Памерла ўва Уэсцы ад ліхаманкі ў кастрычніку 1253. Пахавана ў манастыры Santa María de Vallbona ў каталонскім горадзе Лерыда. Пазней побач з ёй была пахавана яе дачка Санча.

Парэшткі каралевы былі перанесены ў вядомую зараз грабніцу ў 1275. Пра гэта сведчыць надпіс на баку саркафага:

Fuit translata donna | Violans regina | Aragonum | anno 1276.

У 2002 годзе ўрад Венгрыі прафінансаваў рэстаўрацыю грабніцы, ахвяраваўшы на дадзеную мэту 12 000 еўра. Нягледзячы на гэта, дазволу на ўскрыццё саркафага манаская абшчына Вальбуэна не дала.

Літаратура

Del Arco, Ricardo. Sepulcros de la Casa Real de Aragón. Instituto Jerónimo Zurita. Consejo Superior de Investigaciones Científicas. Madrid. 1945. Ll. Cerveró Martí, «El comte Dionís d’Hongria, senyor de Canals, al seguici de la reina Violant: la descendència de Dionís als regnes de València i d’Aragó», a Jaime I y su época: X Congreso de Historia de la Corona de Aragón (Zaragoza, 1979), vol. 1, Saragossa, Institución Fernando el Católico, 1980, pp. 559–577. A. de Fluvià Escorsa, «Hongria i Catalunya: set segles de bones relacions», Paratge, 14 (2002), 83-85. F. Mateu i Llopis, «El Rex Hungarie y el Rex Valencie: sincronismos monetarios y sigilográficos en torno de doña Violante de Hungría», a Jaime I y su época: X Congreso de Historia de la Corona de Aragón (Zaragoza, 1979), vol. 3, Saragossa, Institución Fernando el Católico, 1980, pp. 545–555. F. Olivér-Brachfeld, Doña Violante de Hungría, reina de Aragón, Madrid-Barcelona, Ediciones de la Gacela, 1942 [trad. catalana: Violant d’Hongria, Barcelona, Associació Cultural Catalano-Hongaresa i de Relacions Culturals Hongria-Catalunya, 1991; trad. hongaresa: Árpád-házi Jolánta, Aragónia királyneja, Szeged, Anderle Ádám, 1993]. R. Pérez de Heredia Valle, La reina Doña Violante de Hungría: fragmentos de su vida y arraigo de su recuerdo en Castellón de la Plana, Castelló de la Plana, Fundación Dávalos-Fletcher, 2001. M. C. Roca, Les dones de Jaume I, Barcelona, l’Esfera dels Llibres, 2008.

Спасылкі

Хайме I Арагонский. Хроника Манастыр Святой Марыі

Катэгорыя:Арпады Катэгорыя:Кіраўнікі Арагона Катэгорыя:Кіраўнікі Сярэдневякоўя Катэгорыя:Гісторыя Арагона Катэгорыя:Жанчыны Сярэдневякоўя