Ві́ленскія кансерва́тары («зубры́», «ві́ленскія зубры́», «крэ́савыя зубры́») (польск.: Żubry, Konserwatyści wileńscy, Żubry wileńscy, Żubry Kresowe) — палітычная групоўка канстытуцыйна-манархічнага і кансерватыўнага характару ў Польшчы ў 1918—1939 гг., прадстаўленая галоўным чынам, карэнным каталіцкім і польскамоўным сярэднезаможным і заможным дваранствам Заходняй Беларусі і звязанай з ім інтэлігенцыяй.
Віленскія кансерватары лічылі сябе нашчадкамі гісторыі і традыцый Вялікага Княства Літоўскага, выказваліся за аднаўленне манархічнай і федэрацыйнай Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, за далучэнне да Польшчы тэрыторый былых Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў і стварэння пасля таго польска-беларускай федэрацыі. Яны выступалі праціўнікамі польскіх сацыялістаў і «эндэкаў»; патрабавалі павагі права прыватнай уласнасці, павагі каталіцызма і іншых веравызнанняў; выказваліся за дэцэнтралізацыю кіравання дзяржавай і развіццё мясцовага самакіравання; за стымуляванне эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі і доступ беларусам на дзяржаўныя пасады, за падтрымку праваслаўнай царквы і ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўнае набажэнства; прыхільна-нейтральна ставіліся да фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці ў беларускамоўных сялян Польшчы, аднак самі канчаткова паланізаваліся і ўключаліся ў склад польскага этнасу.
Падтрымалі «майскі пераварот» (1926), мелі пэўны час двух міністраў ва ўрадзе, а таксама былі прадстаўлены ў сейме і сенаце Польшчы, дзе ўваходзілі ў склад Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам (BBWR), які падтрымліваў Юзафа Пілсудскага. У 1935 г. з-за слабеючых палітычных пазіцый былі вымушаны пайсці на саюз з польскімі «эндэкамі». З пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 г. перасталі існаваць як палітычная групоўка.
Сацыяльнае паходжанне і складванне групоўкі (1918—1926)
«Віленскія кансерватары» Другой Рэчы Паспалітай (Польшчы) у пэўнай ступені сталі пераемнікамі ліберальна-кансерватыўнай плыні краёўцаў. Па сацыяльным паходжанні яны былі, як правіла, заможнымі і сярэднезаможнымі каталіцкімі дваранамі-маянткоўцамі з былых паўночна-заходніх губерняў Расійскай імперыі, хоць матэрыяльнае становішча многіх з іх было падарвана ў выніку папярэдніх трагічных падзей. Віленскія кансерватары атрымалі ў Другой Рэчы Паспалітай неафіцыйную мянушку «зубры» — з-за таго, што мясцовыя заможныя і сярэднезаможныя маянткоўцы Беларусі і самі сябе так называлі ў часы Расійскай імперыі. Некаторыя з іх былі раней членамі мясцовых таварыстваў сельскай гаспадаркі, займалі пасады ў Дзяржаўнай Думе і Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі і з’яўляліся дзеячамі ліберальна-кансерватыўнай плыні «краёвасці». Разам з тым у склад віленскіх кансерватараў увайшло і новае пакаленне землеўласнікаў (князь Яўстах Сапега, князь Януш Радзівіл, князь Альбрыхт Радзівіл, граф Ян Тышкевіч і інш.), мала звязаных з памяцю аб рэаліях жыцця мясцовага каталіцкага дваранства ў часы Расійскай імперыі.
У 1918—1921 гг. прадстаўнікі старога пакалення кансерватараў (граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі, Эдвард Вайніловіч, Аляксандр Мяйштовіч, Раман Скірмунт, граф Марыян Плятэр, Станіслаў Ваньковіч, Станіслаў Горват, Станіслаў Лапацінскі і інш.) спрабавалі паўплываць на тое, каб усходнюю мяжу Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай) правялі як мага далей наўсход (да ўсходніх меж былой Рэчы Паспалітай — да часу першага падзелу ў 1772 г.) і была заключана федэрацыйная ўнія паміж Польшчай і літоўска-беларускімі землямі (тэрыторыямі былога Вялікага Княства Літоўскага). Аднак, як паказалі пункты Рыжскага дагавора (1921), па розным прычынам ніводны іх намер не сустрэў ніякай падтрымкі ў Варшавы (сярод польскіх «эндэкаў») і замежных урадаў. Гэта расцэньвалася мясцовым дваранствам як трагедыя і здрада былым традыцыям і супольнай гісторыі. Дзяржаўнай мовай у Польшчы стала толькі польская мова. Да «майскага перавароту» (1926) віленскія кансерватары адыгрывалі нязначную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы і шукалі саюзу з іншымі палітычнымі групоўкамі кансерватыўнай накіраванасці, адмовіўшыся ад сувязі з польскімі «эндэкамі».
У 1919 г. віленскія кансерватары ўвайшлі ў склад кансерватыўнай па ідэалогіі Партыі канстытуцыйнай працы (Stronnictwo Pracy Konstytucyjnej), перайменавай у 1920 г. у Правую нацыянальную партыю (Stronnictwo Prawicy Narodowej), і стварылі ў Вільні ў 1920 г. адзел партыі, у якім яны згрупаваліся. Яны таксама звярталіся да традыцый «рэалістаў» (членаў былой варшаўскай кансерватыўнай па ідэалогіі Партыі рэальнай палітыкі); падтрымлівалі ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года і манархічнага ладу дзяржавы, а таксама лічылі сябе нашчадкамі гісторыі і традыцый Вялікага Княства Літоўскага.
На чале віленскіх кансерватараў сталі князь Яўстах Сапега (1881—1963), Аляксандр Мяйштовіч (1864—1943), Шыман Мяйштовіч, князь Януш Радзівіл (1880—1967), князь Альбрэхт Радзівіл (1885—1935), граф Ян Тышкевіч (1896—1939), граф Артур Патоцкі, граф Марыян Броель-Плятэр, граф Эмерык Чапскі (1897—1979), граф Ежы Чапскі (1861—1930), Аляксандр Хамінскі (1859—1937), Людвік Хамінскі (1890—1953), Станіслаў Мацкевіч (1896—1966), Марыян Здзяхоўскі (1861—1938), Станіслаў Ваньковіч (1860—1937), Тадэвуш Дамбоўскі і інш.
З часу, калі ўплыў Правай нацыянальнай партыі (Stronnictwo Prawicy Narodowej) стаў слабець, віленскія кансерватары ў 1924 г. далучыліся да Хрысціянска-нацыянальнай партыі сельскай гаспадаркі (Chrześcijańsko-Narodowe Stronnictwo Rolnicze) і актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы аграрнай рэформы і з’ездах манархістаў Польшчы.
Свая перыёдыка — газета «Słowo»
У 1922 г. віленскія кансерватары заснавалі сваю газету «Słowo» (1922—1939), галоўным рэдактарам якой стаў малады журналіст Станіслаў Мацкевіч (1896—1966). Газета «Słowo» стала як бы працягам газеты краёўцаў-кансерватараў «Kurier Litewski» (1905—1915) і супраціўніцай газеты «Dziennik Wileński», выдаванай у Вільні прыхільнікамі Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкамі», «эндэцыяй») з іх ідэямі польскага нацыяналізму — фарміравання монаэтнічнай дзяржавы і палітыкі асіміляцыі (паланізацыі) іншых этнічных груп у дзяржаве. Акрамя таго, «эндэкі» былі антыманархістамі. «Słowo» фінансавалася за кошт асігнавання мясцовых арыстакратаў (князь Яўстах Сапега, князь Альбрыхт Радзівіл, граф Ян Тышкевіч, граф Артур Патоцкі, граф Марыян Броель-Плятэр, Станіслаў Ваньковіч і г.д.), Віленскага зямельнага банка (на чале якога стаяў яго старшыня Аляксандр Мяйштовіч) і іншых ахвяраванняў. У газеце стала друкавалі свае артыкулы не толькі былыя вядомыя аўтары газеты «Kurier Litewski» (Чэслаў Янкоўскі, Тадэвуш Дамбоўскі, Станіслаў Ваньковіч, Марыян Здзяхоўскі, Аляксандр Хамінскі і г.д.), але і новае пакаленне мясцовых публіцыстаў-кансерватараў — Станіслаў Мацкевіч, Ксаверый Прушынскі, Казіміра Ілляковіч і г.д. Часам прысылалі свае артыкулы вядомыя публіцысты-кансерватары з іншых куткоў дзяржавы — Адольф Банчэўскі, Аляксандр Бахенскі, Альфонс Парчэўскі, Казімір Галчынскі, Уладзіслаў Студніцкі.
Падтрымка Юзафа Пілсудскага і «санацыі»
Кансерватары міжваеннай Польшчы не стваралі адзінай плыні. Віленскія кансерватары, у адрозненне ад кракаўскіх, варшаўскіх і пазнаньскіх кансерватараў, рашуча падтрымалі «майскі пераварот» (1926), у выніках якога бачылі гарантыю захавання дзяржаўнага ладу без усеўладдзя сейма (парламента); гарантыю ўзмацнення ролі прадстаўнічай улады; гарантыю цэласці дзяржавы (без партыкулярызма грамадства — па шматлікім партыям, якія ставілі партыйныя інтарэсы вышэй дзяржаўных); гарантыю ад звад, карупцыі і прыватных спраў дэпутатаў («паслоў»); гарантыю ад сацыялістычных эксперыментаў «левых» партый; гарантыю захавання права прыватнай уласнасці, сямейных каштоўнасцей, рэлігійнасці. Акрамя таго, асаджэнне і перамога над «эндэкамі» былі галоўнай мэтай у час майскага перавароту Юзафа Пілсудскага і першага перыяда «санацыі» у Польшчы. Пілсудскі адразу хацеў наладзіць з асобнымі кансерватарамі супрацоўніцтва і прапанаваў ужо 5 чэрвеня 1926 г. князю Янушу Радзівілу пасаду міністра замежных спраў, а Марыяну Здзяхоўскаму (ці князю Здзіславу Любамірскаму) — пасаду прэзідэнта, але тыя адмовіліся.
У той час віленскія кансерватары вырашылі стварыць асобную кансерватыўную арганізацыю, чым актыўна заняліся іх лідары — князь Яўстах Сапега, граф Ян Тышкевіч і Станіслаў Мацкевіч. 4 ліпеня 1926 г. у Вільні на сходзе 100 асоб (пасля зачытання дакладаў прафесара Марыяна Здзяхоўскага і князя Яўстаха Сапегі) была створана Кансерватыўная арганізацыя дзяржаўнай працы (Organizacja Zachowawcza Pracy Państwowej), якая аб’яўлялася як грамадскае аб’яднанне, а не партыя. Старшынёй яе Галоўнай рады быў выбраны Аляксандр Мяйштовіч, а яго намеснікамі — Іпаліт Гечэвіч (1854—1935) і Марыян Здзяхоўскі; на чале Галоўнага кіраўніцтва арганізацыі сталі князь Яўстах Сапега, граф Ян Тышкевіч, Станіслаў Ваньковіч, Станіслаў Мацкевіч, прафесар Уладзіслаў Завадскі, Уладзіслаў Худзінскі і Міхал Абязерскі. Сход ухваліў рэзалюцыю, якая заклікала да сканчэння ў дзяржаве спрэчак адносна «майскага пераварота» (1926) і падтрымала пастулаты «санацыі» наконт паляпшэння ладу дзяржавы, гаспадарчых і грамадскіх адносін. У верасні 1926 г. арганізацыя ўжо налічвала каля 3000 членаў (у тым ліку, далучыліся магілёўскі арцыбіскуп (1917—1931) Эдвард Роп (1851—1939), князь Юзаф Друцкі-Любецкі (1897—1943), князь Людвік Святаполк-Чацвярцінскі (1877—1941), граф Ян Красіцкі, Альгерд Крычынскі, Вітальд Свіда і інш.) і мела аддзелы ў Віленскім, Палескім і Навагрудскім ваяводствах, а яе праграма 3 снежня 1926 г. была надрукавана ў газеце «Słowo» (№ 282, 1926 г.): падкрэслівалася павага да права прыватнай уласнасці, каталіцызма і іншых веравызнанняў; аб’яўлялася аб праве няпольскага насельніцтва (у тым ліку — яўрэяў) на ўласнае развіццё, калі іх інтарэсы не будуць супярэчыць з інтарэсамі польскага народа і дзяржавы; патрабавалася пераглядзець канстытуцыю ў кірунку абмежавання ўсеўладдзя сейма; аб’яўлялася аб неабходнасці эвалюцыйнага пераходу да манархічнага ладу дзяржавы, яе дэцэнтралізацыі і развіцця мясцовага самакіравання, і інш.
Падтрымка планаў «санацыі» і агульнае паразуменне стала прычынай таго, што Юзаф Пілсудскі 2 кастрычніка 1926 г. увёў двух «віленскіх кансерватараў» у новы ўрад, у якім маршал вырашыў гарманізаваць інтарэсы ўсіх сацыяльных груп, прымаючы з праграмы цэнтрыстаў і правых ідэю грамадскай салідарнасці. Так, Караль Незабытоўскі (1865—1952), ураджэнец Гродзенскага павета, член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, член Краёвай партыі Літвы і Беларусі, дэпутат (1911—1912) ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі (замест Рамана Скірмунта), член камітэта Польскай рады Мінскай зямлі (чэрвень 1918 г.), стаў у міністрам сельскай гаспадаркі і дзяржаўных маёмасцей Польшчы (1926—1927), а пасля (па прычыне перайменавання пасады) міністрам сельскай гаспадаркі (1927—1929) і сенатарам (1928—1930) ад Палескага ваяводства. А Аляксандр Мяйштовіч (1864—1943), былы віцэ-старшыня Ковенскага таварыства сельскай гаспадаркі (1900—1904) і дэпутат (1909—1917) ад Ковенскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, (ад імя Юзафа Пілсудскага) старшыня (1921—1922) Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы і шматгадовы старшыня Віленскага зямельнага банка, стаў міністрам юстыцыі Польшчы (1926—1928) у кабінетах Юзафа Пілсудкага і Казімежа Бартэля.
25 кастрычніка 1926 г. Юзаф Пілсудскі, з намерам атрымаць саюзнікаў супраць польскіх «эндэкаў», зрабіў візіт у Нясвіж — у сядзібу князёў Радзівілаў, куды спецыяльна (у ліку каля 200 асоб) з’ехаліся для сустрэчы з маршалам мясцовыя кансерватыўныя арыстакраты і заможныя маянткоўцы (з паўночна-усходніх ваяводстваў Польшчы — былых Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў Расійскай імперыі). Эдвард Вайніловіч быў таксама запрошаны сваімі добрымі сябрамі нясвіжскімі Радзівіламі на сустрэчу з Юзафам Пілсудскім, але Вайніловіч не паехаў, бо адышоў ад палітычнай дзейнасці і не ўступаў у палітычныя партыі.