Густаў II Адольф (, , 9 снежня 1594, Стакгольм, Швецыя — 6 лістапада 1632, Лютцэн, каля Лейпцыга) — кароль Швецыі (1611—1632), сын Карла IX і Крысціны Гольштэйн-Готарпскай. Насіў мянушкі «Снежны кароль» і «Леў Поўначы»Jackob A. Riis. Hero tales of the Far North. — Richmond-hill, 1910. — ISBN 978-1-4510-1653-6..

Яго дваццацігадовае валадаранне з’яўляецца адной з найбольш бліскучых старонак у гісторыі Швецыі; немалаважным было яго значэнне і ў сусветнай гісторыі. Карл IX шмат клапаціўся і працаваў над найлепшым выхаваннем Густава і дасягнуў таго, чаго жадаў. Густаў быў адным з найбольш адукаваных кіраўнікоў свайго часу; свабодна размаўляў на нямецкай, галандскай, французскай, італьянскай і лацінскай; меў пэўныя веды і ў рускай, у польскай мовах. З навук Густаў ахвотней за ўсё займаўся матэматыкай і гісторыяй. Густаў таксама захапляўся фехтаваннем і верхавой яздой. З 11-гадовага ўзросту Густаў ужо прысутнічаў на соймах і ў саветах свайго бацькі, пры прыёмах замежных паслоў. Два чалавека мелі вялікі ўплыў на маладога Густава — Юхан Шутэ і Аксель Оксеншэрна. Апошняга Густаў у пачатку свайго валадарання прызначыў канцлерам і захаваў з ім шчырае сяброўства і сімпатыю да самай смерці.

Кіраванне Узыйшоўшы на прастол, Густаў Адольф атрымаў у спадчыну ад бацькі варожае стаўленне да арыстакратыі і тры вайны — з Даніяй, Расіяй і Польшчай. Арыстакратыю Густаў схіліў на свой бок, дараваўшы ёй шматлікія прывілеі і пабяцаўшы ўсё ўзгадняць з сойма. Дацкую вайну, інакш празваную Кальмарскай, кароль скончыў у 1613 годзе мірам у Кнерэдзе. Датчане хацелі захаваць за сабой крэпасць Эльфсбарг; Густаў выкупіў яе для Швецыі за мільён рыксдалераў.

Непаразуменні паміж Швецыяй і Расіяй узніклі яшчэ пры Карле IX. Вайна з Масквой, якая ставіла мэтай адціснуць рускіх ад Балтыйскага мора і Фінскага заліва, скончылася ў 1617 годзе Сталбоўскім мірам, па якім шведы атрымалі Ям, Івангарад, Капор’е, Нотэбург і Кексгольм. Густаў Адольф цешыўся дасягнутым вынікам і сказаў прад соймам: «цяпер рускія аддзелены ад нас азёрамі, рэкамі і балотамі, праз якія ім не так лёгка будзе пракрасціся да нас».

Па заканчэнні рускай вайны ўся ўвага Густава была звернута на Рэч Паспалітую; пачалася працяглая дынастычная барацьба, якая мела і агульнаеўрапейскае значэнне (як барацьба каталіцтва з пратэстанцтвам). Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй была «прэлюдыяй да вайны з Габсбургскім домам». Да 1618 года вайна вялася на тэрыторыі Рэчы Паспалітай . У 1621 годзе, пасля двухгадовага перамір’я, шведы ўзялі Рыгу (пасля чаго, 25 верасня 1621 года, горад атрымаў Прывілеі Густава II Адольфа) і перанеслі вайну ў Курляндыю. Новае перамір’е, да 1625 года, Густаў прысвяціў унутранай дзейнасці, рэфармаваў войска і флот. Польскі вайскавод Станіслаў Канецпольскі двойчы разбіў Густава Адольфа, пад Гомерштэйнам (1627) і Тшцянай (1629). У 1626 годзе пачалася так званая пруская вайна. Англія, Францыя і Нідэрланды, жадаючы прыцягнуць Густава да ўдзелу ў нямецкай вайне, прапанавалі сваё пасродніцтва да прымірэння яго з Рэччу Паспалітай. Апошняй дапамагала Аўстрыя.

Тым часам Густаў пачаў актыўна будаваць флот. 10 жніўня 1628 года быў спушчаны на ваду галеон «Ваза» — адзін з самых вялікіх і дарагіх караблёў таго часу, які, зрэшты, затануў у гавані Стакгольма пры першым жа плаванні. У 1629 года ў горадзе Альтмарк каля Данцыга было заключана 6-гадовае перамір’е паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй: Густаў утрымаў за сабой Лівонію, а ў Прусіі — гарады Элбінг, Браўнсберг, Пілау і Мемель. Пры гэтым Швецыя страціла ўсе свае набыцці ў Памераніі, прайграўшы польска-літоўскай дзяржаве.

Трыццацігадовая вайна У 1630 годзе Густаў Адольф прыняў удзел у Трыццацігадовай вайне. Прычыны, якія прымусілі яго ўмяшацца ў агульнаеўрапейскую зваду, былі палітычнымі і рэлігійнымі. Заўважыўшы імкненне Фердынанда II зацвердзіцца на Балтыйскім моры і асцерагаючыся, як бы Фердынанд, дасягнуўшы гэтага, не дапамог Жыгімонту III авалодаць шведскім прастолам, Густаў Адольф аказаў садзейнічанне Штральзунду. Перамога каталікоў над пратэстантамі несумнеўна пагражала і пратэстанцкай Швецыі. Да другарадных прычын варта аднесці перахопліванне імператарам лістоў Густава Адольфа, прымяншэнне яго тытула, недапушчэнне шведаў на Любекскі кангрэс, дапамога Польшчы. І палітычныя, і рэлігійныя прычыны былі так цесна звязаны, што адлучыць адну ад другой немагчыма. Тым часам, адны вучоныя, як Дройзен, высоўваюць выключна палітычныя матывы, іншыя (Гельбіг, Гардзінер і інш.) — рэлігійныя. У Германіі Густаў ваяваў супраць лепшых вайскаводаў таго часу — з Тылі пры Брэйтэнфельдзе (7—17 верасня 1631) і з Валенштэйнам у Лютцэна.

Густаў Адольф быў забіты ў бітве пры Лютцэне 16 лістапада 1632 года з-за няўдалага нападу кавалерыі і правалу ў страі.

Вынікі Нягледзячы на сваё нядоўгае жыццё, Густаў Адольф пакінуў глыбокі след у гісторыі ваеннага мастацтва як арганізатар арміі і вайскавод. Ён праявіў сябе як добры тактык, змяніўшы метады вядзення вайны. Яго валадаранне стала важнай старонкай у гісторыі Швецыі. Падчас Трыццацігадовай вайны кароль умацаваў уплыў Швецыі на астатнюю Еўропу, даў краіне новы імпульс да прагрэсу. Ён падняў народны дух шведаў і паставіў Швецыю ў адзін шэраг з вядучымі дзяржавамі. Сойм пры Густаве Адольфе стаў пастаяннай установай. Кароль спрасціў падатковую сістэму, завязаў гандлёвыя адносіны з Расіяй, Нідэрландамі, Іспаніяй і Францыяй, аднавіў Упсальскі ўніверсітэт, засноўваў школы. У апошні год жыцця Густаў заснаваў Дэрпцкі ўніверсітэт.

Кароль таксама пакінуў шэраг прац гістарычнага зместу і шматлікія лісты (выд. Стуфэ ў 1861 годзе).

Сям’я Кароль быў у шлюбе з Марыяй Элеанорай Брандэнбургскай і меў ад яе дзвюх дочак: Крысціна Аўгуста (1623—1624), прынцэса Крысціна (1626—1689), якая пасля смерці бацькі ў шасцігадовым узросце заняла шведскі прастол.

Акрамя таго, у Густава быў пазашлюбны сын ад галандкі Маргарэты Слотс, Густаў Густаўсан Вазаборгскі, граф Нюстадскі (1616—1653). Мужчынская лінія Вазаборгаў згасла ў 1754 годзе на яго ўнуку, а нямецкі род графаў Штраленгеймаў, які ўзяў пасля іх па жаночай лініі прозвішча «Вазабург» — у 1872 годзе.

Цікавыя факты Мянушку «Снежны кароль» атрымаў ад імператара Фердынанда II, які самаздаволена заявіў, што «снежны кароль, які пагражае яго краіне, растане пад прамянямі імператарскага сонца». Любімымі аўтарамі Густава былі Ксенафонт і Сенека. Напалеон ставіў Густава Адольфа ў адзін шэраг з вялікімі вайскаводамі старажытнасці.

Крыніцы

Літаратура Hollenberg. Svea Rikes Historia under K. Gustav-Adolf den stores regering. — 1790—1796 [даведзена да 1628 года]. Cronholm. Sveriges Historia under Gustav II Adolf regering. — 1857. Droysen. Gustav-Adolf. — 1869—1870. Форстен Г. В. Политика Швеции в смутное время («Ж. М. Н. Пр.», 1889—1890). Gohdes, C. B. (Conrad Bruno), Under the banners of the snow king; a story of the Lutheran hero, Gustavus Adolphus. Imprint 1915. Ивонин Ю. Е., Ходин А. А. Густав II Адольф // Вопросы истории. 2010. № 9. — С. 52—69.

Спасылкі Навела «Паж Густава-Адольфа» Конрада Фердынанда Мэйера, дзе апісаны пра апошнія месяцы жыцця Густава-Адольфа і яго пажа

Катэгорыя:Постаці лютэранства Катэгорыя:Каралі шведскія Катэгорыя:Ваза (дынастыя) Катэгорыя:Военачальнікі Швецыі Катэгорыя:Манархі, якія загінулі ў баі Катэгорыя:Удзельнікі Трыццацігадовай вайны