Ян Даманоўскі або Даманеўскі (; каля 1496 або 1500Józef Jasnowski, Jan Domanowski // Polski Słownik Biograficzny, 1939—1946. T. V. — S. 298—299, Даманава, цяпер Бельскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — 1563) — рымска-каталіцкі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, дыпламат, юрыст. Адзін з найбольш адукаваных людзей свайго часу, знаўца права.
Біяграфія Вучыўся, верагодна, у Кракаўскай Акадэміі, пазней удасканальваў адукацыю ў Італіі, дзе вывучаў права і тэалогію. У 1521 годзе пратэкцыяй вялікай княгіні Боны Сфорцы стаў канцлерам віленскага біскупа. Ад 1524 года пробашч у Іўі, ад 1528 — канонік віленскі, ад 1529 — пробашч кафедры святога Станіслава ў Вільні, якую адбудаваў пасля пажару. У 1526 годзе ўдзельнічаў у складанні 1-га віленскага сінадальнага статуту. Вікарый і афіцыял віленскай капітулы ад 1531 года, актыўны змагар з Рэфармацыяй.
Ад 1539 года сакратар каралеўскі (спачатку Жыгімонта Старога, пасля — Жыгімонта Аўгуста). У 1540—1544 гадах удзельнічаў у камісіі па вызначэнні мяжы з Інфлянтамі, у 1545 — з Прусіяй. У 1546 годзе пасол Паноў-Рады да Жыгімонта Аўгуста ў справе ўніфікацыі манеты ВКЛ і Польшчы. У 1551 годзе пасланец у Інфлянты для ўрэгулявання памежных пытанняў. Ад гэтага ж часу, магчыма, узначальваў 1-ю камісію па распрацоўцы Статута ВКЛ 1566 года, якая складалася з 5 каталікоў і 5 праваслаўных.
У 1555 годзе прызначаны, а ў 1556 годзе зацверджаны біскупам жамойцкім. Збіраў падаткі са святароў на патрэбы вайны з Масковіяй. На яго загад Пётр Раізій апрацаваў статут жамойцкай дыяцэзіі Constitutiones ecclesiae mednicensis і Novelle constitutionis ecclesie mednicensis. У 1559—1561 гадах удзельнічаў ва ўсіх найважнейшых дзяржаўных нарадах, на якіх вырашалася пытанне далучэння Інфлянтаў да ВКЛ. 28 лістапада 1561 года прымаў прысягу ў Готхарда Кетлера і прадстаўнікоў інфлянцкіх станаў на вернасць ВКЛ.
Крыніцы
Літаратура Józef Jasnowski Jan Domanowski // Polski Słownik Biograficzny, 1939—1946. T. V. — S. 298—299.
Катэгорыя:Нарадзіліся ў XV стагоддзі Катэгорыя:Біскупы жамойцкія Катэгорыя:Каралеўскія сакратары