Абла́м, або забарол — невысокая (каля 1,5 м) надбудова над абарончымі сценамі і вежамі драўляных замкаў Беларусі ў XVI—XVII стст. Служыў нагрудным прыкрыццём для абаронцаў. Меў выгляд вертыкальнай сценкі з 3—7 вянкоў, якая апіралася на кансольныя выпускі бэлек гарадзен, тарасаў і вежаў і выступала за сцены ніжніх ярусаў. Аблам на вежах часцей рабілі вышэйшы — да 10 вянкоў.
Па бэльках насцілаўся верхні баявы мост з падсябіццямі, каб кідаць каменне і страляць у ворагаў, якія падышлі да сцяны. Прарэзаны байніцамі аблам часам завяршаўся дахам з цёсу альбо дранкі і ствараў крытую баявую галерэю, зручную для абаронцаў.
Абламы мелі ўмацаванні замкаў Віцебска і Улы. У Оршы абламы ў пачатку XVI ст. былі зроблены наверсе каменных сцен і вежаў гарадскіх умацаванняў. Іх таксама рабілі і над астрожнымі агароджамі, якія мелі выгляд моцнага частаколу, напрыклад, у Віцебску і Барысаве ў XVII ст.
Звычайна прыймаецца, што на землях Русі так называлася баявая пляцоўка з агароджай (брустверам, парапетам), замацаваная на версе сцяны або вежы. Але адзначаецца, што так маглі таксама называць: агароджу (парапет, бруствер), якая прыкрывала верхні ход па сцяне з вонкавага боку, або, у каменных крэпасцях, падыманыя стаўні ці шчыты, якімі бойніцу прыкрывалі ад абстрэлу знізу, або самі сцены крэпасці.
Забаролы на землях Русі будаваліся ў XI—XIV стст. і захоўваліся пазней.
Літаратура
Катэгорыя:Фартыфікацыйныя збудаванні Катэгорыя:Старажытнаруская архітэктура Катэгорыя:Архітэктура Беларусі