Бакштанская воласць, або воласць Бакшты — адміністрацыйная адзінка Менскага княства і Вялікага Княства Літоўскага. Месцазнаходжанне цэнтра невядомае, калі і існавала паселішча з назваю Бакшты, то знікла не пазней ХVI ст.

Геаграфія Воласць ахоплівава значную частку цяперашняга Пухавіцкага і заходнюю частку Чэрвеньскага (прыкладна да лініі сучасных вёсак Валевічы і Волма) раёнаў.

Гісторыя У сярэдзіне ХV ст. з Бакштанскай воласці пачалі вылучаць прыватныя ўладанні. Паміж 1440 (пачаткам уладарства Казіміра) і 1450 (смерцю Кезгайлы Валімонтавіча) гадамі са згоды радных паноў Кезгайла сярод іншых наданняў атрымаў два буйныя пажалаванні "людзей" у Башктанскай воласці — першае з 60 сялянскіх гаспадарак, другое — яшчэ з 30, якія выплочвалі даніну памерам 10 уставаў мёду.

Сяляне, падораныя пану Кезгайлу, мусіць, жылі ў дзясятку-двух вёсак і насялялі значную частку Бакштанскай воласці. З пазнейшых звестак вынікае, што гэтыя ўладанні Кезгайлы цягнуліся шырокім пасам даўжынёй 60-65 і шырынёй 10-15 км — ад узбярэжжа Пцічы на поўдні Пухавіцкага раёна да сучасных Дукоры і Смілавіч, ахоплівалі ўвесь захад Чэрвеньскага раёна. Гэты абшар заставаўся ўласнасцю Кезгайлаў на працягу не меней за стагоддзе — да іх згасання ў 1554 годзе, а пасля часткамі перайшоў да іншых уладальнікаў.

Апроч Кезгайлы Валімонтавіча зямельныя наданні ў Бакштанскай воласці атрымлівалі і незаможныя баяры, якіх пазней называлі шляхтай. Баяры, у адрозненне ад наданняў Кезгайле «з поўным правам і панствам», атрымлівалі наданні сціплейшыя паводле памераў і ўмоў. Часта баярын атрымліваў толькі некалькі "людзей" (сялянскіх сем’яў), якія ўтваралі адно-два невялікіх сяла ці нават толькі частку паселішча. Пры гэтым на сваю карысць мог браць толькі частку павіннасцяў, што выконвалі гэтыя сяляне. Астатнія павіннасці яны працягвалі выплачваць ці адпрацоўваць разам з воласцю на карысць дзяржавы. Баяры не былі зацікаўлены, каб іх падданыя належалі ім толькі часткова, праводзячы частку часу на грамадскіх работах, у гэтым не былі зацікаўлены і самі падданыя, таму выкананне павіннасцяў для воласці з баярскіх падданых паступова спынялася. Але, такім чынам, дадатковы цяжар грамадскіх работ прыпадаў на валашчан дзяржаўнай часткі воласці, гэта было прычынай канфліктаў.

Апроч баяр, наданні на падобных умовах атрымлівалі ў часы Казіміра (1440—1492) і Аляксандра (1492—1506) знатныя татары, звестак пра наданні ім зямлі і "людзей" у Бакштанскай воласці не захавалася, але ўскосна факты сведчаць, што, прынамсі, адна група татар атрымала іх. Татары аселі ў Бакштанскай воласці на ўскрайку сённяшніх Смілавіч, дзе яшчэ ў ХІХ ст. было паселішча Татарская Слабада.

Літаратура Насевіч В. Тэрыторыя Чэрвеньскага раёна ў перыяд феадалізму // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на. — Мн., 2000. — С. 30-32, 32-47, 53-54.

Катэгорыя:Менскае княства Катэгорыя:Староствы Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гісторыя Чэрвеньскага раёна Катэгорыя:Гісторыя Пухавіцкага раёна