Бабру́йскі за́мак — комплекс драўляных абарончых і адміністрацыйных збудаванняў сярэднявечнага Бабруйска.

Гісторыя Існаваў у XIV—XVIII стст. у Бабруйску на правым беразе ракі Бярэзіны. З боку ракі ахоўваўся высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, перакрытымі гонтавымі стрэшкамі, з іншых бакоў — абарончым ровам шырынёй да 15 м, земляным валам з трыма рэдутамі, на якім былі дубовыя сцены з трыма вежамі.

Да ўмацаванай двух’яруснай уязной брамы цераз роў быў перакінуты драўляны мост. Ніжні прамавугольны ярус брамы меў праезд, які зачыняўся падвоенымі варотамі са спецыяльнай «форткаю» для пешаходаў і сістэмай жалезных запораў — «зашчапкаў з прабоямі». Верхні ярус брамы ў выглядзе вежы на дзесяцерыку меў тры гакаўнічыя байніцы. Дзве двух’ярусныя вежы, вельмі падобныя паміж сабою, крытыя драніцамі і «дольным схованьем», былі абмазаны глінаю. Гэтыя тры вузлы абароны размяшчаліся з напольнага боку ад горада.

На замкавым дзяцінцы размяшчаўся мураваны цэйхгаўз для зброі. На тэрыторыі замка стаялі двухпавярховы драўляны палац (7 пакояў і прыхожая на ніжнім, 4 пакоі і галерэя з боку ракі на верхнім паверсе), накрыты гонтавым дахам, флігель-кухня і гаспадарчыя пабудовы (свірны, пякарня, скляпы) на падклетах. Паводле інвентара 1638 года, замак займаў плошчу 13,5 моргаў (9,6 га).

За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў. У 1502 і 1503 гадах яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова абложваў мяцежны князь Міхаіл Глінскі, у студзені 1649 года замак згарэў пад час аблогі войскамі гетмана Януша Радзівіла, у сакавіку 1655 года замак спалілі казакі гетмана Івана Залатарэнкі, у 1665 годзе замак згарэў пад час чарговай казацкай аблогі.

Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 года сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка, у выніку перабудовы 1692 года замак цалкам страціў абарончыя функцыі. На плане Бабруйска 1794 года сляды замка яшчэ выразна захаваліся.

Гл. таксама Замкі Беларусі

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Замкі Беларусі Катэгорыя:Замкі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Славутасці Бабруйска Катэгорыя:Гісторыя Бабруйска