Каравул, Караул або Калаур — замак Вялікага Княства Літоўскага. Імаверна, заснаваны ў часы ўладарства князёў Карыятавічаў на Падоллі ў другой палове XIV ст.Гулевич, В. Про виникнення та призначення замку Караул // Записки історичного факультету Одеського національного університету імені І. І. Мечникова. — Вип. 50. — 2024. — С. 390—397 Размяшчаўся ў нізоўях Днястра паблізу сучаснага Рашкава (Каменскі раён непрызнанага Прыднястроўя, дэ-юрэ Малдова). Заняпаў на пачатку XVI ст.
Гісторыя
Магчыма, замак меў стратэгічнае значэнне ў абароне паўднёвых меж Вялікага Княства Літоўскага і забеспячэння кантролю над Падоллем пасля яго далучэння ў 1362 годзе. У 1410 годзе кароль Ягайла надаў Нічку Караульскаму (Niczko Karaulski) землі на Падоллі. На думку Януша Куртыкі, Нічка мог быць ураднікам замка. Даследчыца Вольга Бялецкая дапускае, што Нічка паходзіў з Караула.Білецька О. Караул в історичних джерелах XV—XVI ст. // Ukraina Lithuanica. — Вип. 5. — 2019. — С. 28-52. Аднак, пэўна не вядома ці быў Нічка наогул звязаны з гэтым замкам.
Упершыню Каравул (Karawol) згадвае храніст Ян Длугаш сярод месцаў, якія ў 1411 годзе наведаў кароль Ягайла.Петрунь Ф. Ханські ярлики на українські землі: (До питання про татарську Україну) // Східний світ. — 1929. — № 2. Пазней вялікі князь Вітаўт надаў замак Андрэю Судзімонту, але вядома пра гэта толькі са справы яго нашчадкаў у 1581 годзе (Калавур с присεльки и сεлищи Рашъковомъ). Невядома якую ролю адыгрываў Каравул падчас Луцкай вайны ў 1431 годзе, калі Падолле стала полем барацьбы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. У 1432 годзе замак Каравул (Karawull) яшчэ належаў вялікаму князю Свідрыгайлу. Але ў 1442 годзе замак Караул (Carawl) ужо ўласнасць польскага ўрадніка Тэадора Бучацкага. У 1545 годзе Калаур згадваецца ўжо як селішча (Калаур, сεлищо, было пεрεд тымъ городовоε).
Сучасны стан Замак не захаваўся. Тэрыторыю каля Чырвоных скал пад Рашкавым, дзе размяшчаўся Каравул, даследавалі археолагі Ілля Літвінчук і Алег Рыбчынскі. Згодна з іх данымі, гарадзішча чатырохвугольнае, абведзена валам вышынёй 3-6 метраў і перыметрам да 180 метраў. Праглядаюцца тры бастэі і імавернае месца брамы. Роў амаль не захаваўся. Археолагі рэканструявалі гіпатэтычны выгляд замка.Литвинчук І., Рибчинський О. Маловідомий литовський замок Каравул на Дністрі поч. XV ст. — проблеми ревалоризації, консервації та музеєфікації городища // Науковий вісник «Межибіж» 1-2, 2021. — C. 145—152 Каля сяла Строінцы, паблізу Рашкава, назва Калаур захавалася за лясным масівам.
Крыніцы
Літаратура Петрунь Ф. Ханські ярлики на українські землі: (До питання про татарську Україну) // Східний світ. — 1929. — № 2. — С. 170—187. Lytvynchuk, I., Bevz, M., & Szmygin, B. 2018. Recovery of urban development stages of town Rashkiv. TEKA Komisji Architektury, Urbanistyki i Studiów Krajobrazowych Oddział Polskiej Akademii Nauk w Lublinie, 2018, 2, 125—137. Сіцінський, Ю. 2009. Поділля під владою Литви. Монографія. –Кам’янець-Подільський, 2009. – 160 с. Катэгорыя:Гісторыя Малдовы Катэгорыя:Замкі Вялікага Княства Літоўскага