Койданаўскі бой — адбыўся пад м. Койданавам Мінскай губерні Расійскай імперыі на дарозе Нясвіж — Мінск паміж расійскім корпусам К. В. Ламберта і французскім атрадам Ф. К. Касецкага 3 (15) лістапада 1812 году ў вайну рускіх з французамі.
У кастрычніку 1812 г. 32-тысячная расійская Дунайская армія на чале з адміралам П. В. Чычагавым, наступаючы з поўдня, заняла Брэст. Авангард Дунайскай арміі знаходзіўся ля Слоніма. Калі Чычагаў даведаўся пра адступленне Напалеона з Масквы, 7 (19) кастрычніка 1812 г. рушыў са Слоніма, каб пераняць французскія войскі на р. Бярэзіне.
Камандуючы авангардам 3-й Заходняй расійскай арміі Ламберт 30 кастрычніка (11 лістапада) накіраваў атрад палкоўніка К. Б. Кнорынга да Нясвіжа, а сам з галоўнымі сіламі 1 (13) лістапада выбіў часці генерала Касецкага з Новага Свержаня, сярод якіх быў і 22 пяхотны полк пад камандваннем Станіслава Чапскага. Французскі губернатар Мінска прыдаў Касецкаму з Мінскага гарнізону 5 тыс. чал. і 2 гарматы і загадаў адкінуць расійскія войскі ад Нясвіжу.
Касецкі адступіў да Койданава, дзе 3 (15) лістапада адбылася галоўная бітва. Рускія акружылі мясцовы рэкруцкі полк на чале з графам Чапскім і ўзялі ў палон. Французы адбілі некалькі атак, але пад націскам намнога большых расійскіх войскаў пачалі адступаць у напрамку Мінску, але былі акружаны і прымушаны здацца. Касецкі пад Койданавам страціў каля 3 тыс. чал. палоннымі, а за 2 дні (1 і 3 лістапада) больш за 1 тыс. чал. забітымі, 65 афіцэраў і 3870 чал. ніжніх чыноў палоннымі.
Разам з Касецкім у Мінск прарваліся паводле адных звестак 500 чал., паводле другіх — каля 100 чал. У выніку Койданаўскага бою быў адкрыты шлях 3-й Заходняй арміі П. В. Чычагава на Мінск і Барысаў.
Пасля страты 4 (16) лістапада Мінска, у якім знаходзіліся значныя запасы харчавання, амуніцыі і боепрыпасаў, Напалеон вымушаны быў адступаць па дарозе на Вільню.
Літаратура Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 3. СПб. 1860. С. 219—225. Краснянский В. Г. Минский департамент Великого княжества Литовского (эпизод из истории войны 1812 г.). СПб. 1902. Михайловский-Данилевский А Н. Описание Отечественной войны в 1812 г. Ч. 1. СПб. 1839. Койданаўская бітва 1812. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VI. Мінск. 1972. С. 49. Бекцінееў Ш. Койданаўскі бой 1812. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1997. С. 224. Бекцінееў Ш. І. Койданаўскі бой 1812. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 8. Мінск. 1999. С. 378. Бекцінееў Ш. Койданаўскі бой 1812. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 86-87.
Катэгорыя:Французска-руская вайна 1812 года Катэгорыя:Гісторыя Дзяржынска Катэгорыя:1812 год у Беларусі Катэгорыя:Бітвы ў Беларусі