Сярге́й Іва́навіч Касця́н (, вёска Усохі, Клічаўскі раён — ) — беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч, вучоны-гісторык, грамадскі дзеяч. Кандыдат гістарычных навук (1980), дацэнт (1984), прафесар (1999).
Біяграфія Нарадзіўся 15 студзеня 1941 года ў шматдзетнай сялянскай сям’і на Магілёўшчыне. Дзяцінства прыпала на цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, калі сям'і даводзілася жыць у зямлянцы. Ягоны бацька, Іван Афанасьевіч Касцян, загінуў у 1943 годзе ў шэрагах савецкага партызанскага падполля. З адзінаццаці гадоў Сяргей быў вымушаны працаваць.
У 1947—1954 гадах навучаўся ва Усохскай сямігадовай школе. У 1953 годзе ўступіў у шэрагі УЛКСМ. Пасля заканчэння школы працаваў у калгасе «Камсамолец» Клічаўскага раёна. У 1956 годзе па камсамольскай пуцёўцы быў накіраваны ў будаўнічую школу ў Чалябінску, якую скончыў у 1957 годзе з атрыманнем спецыяльнасці цесляра 5-га разраду. З 1957 па 1960 год працаваў па спецыяльнасці ў жыллёва-будаўнічым цэху Чалябінскага трактарнага завода, адначасова атрымліваючы сярэднюю адукацыю ў школе рабочай моладзі.
У 1960—1964 гадах праходзіў тэрміновую службу на Ціхаакіянскім Ваенна-Марскім флоце. З'яўляўся вызваленым сакратаром камітэта камсамола, супрацоўнічаў з флоцкай газетай «Баявая вахта» (). За актыўнасць атрымаў афіцэрскае званне малодшага лейтэнанта (у далейшым прайшоў шлях да капітана трэцяга рангу).
Пасля дэмабілізацыі з 1964 па 1966 год працаваў выхавацелем у школе-інтэрнаце № 2 Чалябінска. У 1965 годзе паступіў на гістарычны факультэт Чалябінскага педагагічнага інстытута, аднак у 1966 годзе пераехаў у Мазыр. У 1970 годзе паспяхова скончыў гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута.
У 1967—1979 гадах займаў розныя камсамольскія і партыйныя пасады ў Мазырскім раёне: быў сакратаром камітэта камсамола калгаса «Каменка», другім і першым сакратаром Мазырскага раённага камітэта ЛКСМБ, інструктарам, загадчыкам парткабінета, а таксама загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды Мазырскага РК КПБ.
У 1979 годзе скончыў аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным універсітэце і ў 1980 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Удзел камсамола Беларусі ў меліярацыі беларускага Палесся (1966—1975 гг.)».
З 1979 па 1997 год займаўся навукова-педагагічнай дзейнасцю. Працаваў старшым выкладчыкам, загадчыкам кафедры гісторыі КПСС і навуковага камунізму, а таксама дацэнтам Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н. К. Крупскай. Кіраваў студэнцкім палітычным клубам «Глобус». Вучонае званне дацэнта атрымаў у 1984 годзе, у 1999 годзе стаў прафесарам, а ў 2000 годзе атрымаў ступень доктара інфармацыйных тэхналогій у галіне паліталогіі.
Памёр 21 жніўня 2026 года на 86-м годзе жыцця пасля цяжкай аперацыі.
Палітычная і грамадская дзейнасць З 1995 года актыўна ўдзельнічаў у вышэйшай палітычнай уладзе краіны. Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання. Пасля палітычнага крызісу 1996 года ўвайшоў у склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1-га склікання. У далейшым пераабіраўся дэпутатам 2-га і 3-га скліканняў. З'яўляўся актывістам фракцыі камуністаў. На працягу дванаццаці гадоў (з 2000 года) займаў пасаду намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД. Выступіў ініцыятарам стварэння дэпутацкага блока «Анты-НАТА» ў Палаце прадстаўнікоў 2-га склікання. Падчас натаўскіх бамбардзіровак Югаславіі наведваў Бялград, дзе сустракаўся з кіраўніцтвам краіны і выказваў салідарнасць з сербскім народам.
Быў адным з ініцыятараў аднаўлення дзейнасці Камуністычнай партыі Беларусі і ў 1997—2004 гадах займаў пасаду сакратара яе Цэнтральнага камітэта. Перакананы прыхільнік прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, ідэі саюзнага адзінства з Расіяй і славянскага брацтва.
У 2006 годзе Касцяну забаранілі ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.
Славянскі рух Асаблівае месца ў дзейнасці Касцяна займаў славянскі рух. Ён бачыў у славянскім аб'яднанні інструмент супрацьстаяння заходняй глабалізацыі і аднапалярнаму свету. У 1998 годзе Касцян прыняў удзел у 7-м Усеславянскім з'ездзе ў Празе, дзе Аляксандр Лукашэнка быў абраны ганаровым старшынёй Міжнароднага славянскага камітэта.
Пасля вяртання ў Беларусь Касцян ініцыяваў стварэнне грамадскага аб'яднання Беларускі славянскі камітэт (БСК), які афіцыйна быў зарэгістраваны ў 2001 годзе і дэклараваўся як правапераемнік Таварыства славянскай узаемнасці, заснаванага ў 1909 годзе. У 2005 годзе дзякуючы яго намаганням у Мінску прайшоў 9-ы Усеславянскі з'езд. Касцян таксама з'яўляўся старшынёй Славянскага парламенцкага саюза, членам Прэзідыума Еўрапейскага форуму міру і зрабіў вялікі ўнёсак ва ўзнаўленне працы Міжнароднага славянскага савета пасля пасяджэння ў Празе ў 1998 годзе.
З'яўляўся членам-карэспандэнтам Міжнароднай славянскай акадэміі (з 1982 года), акадэмікам Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій (з 2002 года), акадэмікам Міжнароднай Кірыла-Мяфодзіеўскай акадэміі славянскай асветы (з 2004 года).
Дзейнасць БСК пад кіраўніцтвам Касцяна неаднаразова выклікала крытыку. У 2012 годзе магілёўскія праваабаронцы звярнулі ўвагу на заявы мясцовага кіраўніцтва камітэта аб тым, што ў арганізацыю прымаюць выключна асоб «славянскага паходжання», што было расцэнена як праява дыскрымінацыі і прыкмета расісцкіх поглядаў.
15 сакавіка 2014 года на пазачарговым з'ездзе БСК прыняў рашэнне аб пераўтварэнні ў палітычную партыю. Галоўнай ідэалагічнай мэтай партыі Касцян абвясціў пабудову «славянскага сацыялізму» — грамадства, заснаванага на калектывізме, традыцыях, дзяржаўнай уласнасці і супрацьстаянні алігархіі. Аднак вясной таго ж года, на фоне анексіі Крыма Расіяй, беларускія ўлады насцярожана паставіліся да актывізацыі «рускага свету». Па словах Касцяна, на членаў БСК пачаўся беспрэцэдэнтны ціск з боку КДБ: сяброў арганізацыі пад пагрозамі прымушалі пісаць заявы аб выхадзе з камітэта, што фактычна згарнула публічную дзейнасць аб'яднання.
У верасні 2019 года адбыўся яшчэ адзін скандал: БСК абвясціў аб правядзенні фестывалю традыцыйнай культуры славян «Рарог» (з удзелам валхвоў і скамарохаў) у межах рэспубліканскага фестывалю народнага гумару «Аўцюкі» ў Калінкавіцкім раёне. Славянафілы заяўлялі, што імпрэза дапаможа выпрацаваць «беларускую нацыянальную ідэю». Аднак мясцовыя ўлады катэгарычна абверглі ўзгадненне такога мерапрыемства, назваўшы спробы правесці паралельны фестываль неэтычнымі. У выніку БСК быў вымушаны адмяніць сваю акцыю.
Кіраўніцтва літаратурным холдынгам (2002) У 2002 годзе Касцян стаў першым дырэктарам рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура i Мастацтва». У гэты дзяржаўны холдынг былі гвалтоўна аб'яднаны галоўныя літаратурныя часопісы краіны: «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Крыніца» і «Всемирная литература», а таксама газета «Літаратура і мастацтва».
Палітыка Касцяна на гэтай пасадзе, якую паэт Сяргей Законнікаў ахарактарызаваў як «касцянізацыю» літаратуры, выклікала рэзкі пратэст з боку творчай інтэлігенцыі. Новае кіраўніцтва пачало сістэматычна прыбіраць з нумароў творы класікаў — Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, Барыса Кіта. Намесніца Касцяна Таіса Бондар заяўляла, што старэйшае пакаленне «літаратуру больш не робіць». На знак салідарнасці народныя пісьменнікі Янка Брыль і Рыгор Барадулін, а таксама іншыя аўтары, забралі свае рукапісы з рэдакцыйных партфеляў і перайшлі друкавацца ў незалежны часопіс «Дзеяслоў».
Сам Сяргей Касцян у інтэрв'ю дазваляў сабе публічныя абразы ў бок Васіля Быкава, заяўляючы, што пісьменнік «усім надакучыў», страціў аўтарытэт і яго «ўжо не хочуць чытаць». На словы Быкава аб тым, што ён вернецца на радзіму пасля звяржэння дыктатуры, Касцян адказваў:
Акрамя таго, палітык называў Беларускі ПЭН-цэнтр «масонскай арганізацыяй» і адкрыта заклікаў КДБ, пракуратуру і Савет бяспекі праверыць дзейнасць незалежных літаратараў. Неўзабаве пасля шэрагу гучных скандалаў Касцян страціў сваю пасаду ў літаратурным холдынгу, саступіўшы яе Таісе Бондар.
Ацэнкі і вобраз у культуры У незалежных беларускіх медыя Сяргей Касцян меў неадназначную рэпутацыю. Выданне «Наша Ніва» характарызавала яго як «адыёзнага славянафіла», «страшэннага антыбеларуса» і апантанага прыхільніка палітыкі Аляксандра Лукашэнкі і саюза з Расіяй.
Постаць Сяргея Касцяна стала прататыпам для літаратурнага персанажа. У 2005 годзе Уладзімір Лобач апублікаваў сатырычнае апавяданне «Калядоўшчыкі», дзе вывеў палітыка ў вобразе звар'яцелага «дэпутата Кацяна». Паводле сюжэта твора, невядомыя прымусілі дэпутата прачытаць усю падшыўку газеты «Наша Ніва» пачынаючы з 1906 года, пасля чаго ён страціў розум і пачаў прымушаць чыноўнікаў падпісвацца на гэтае выданне:
Сям'я Быў жанаты. Разам з жонкай выхаваў двух сыноў. Меў шэсць унукаў.
Узнагароды Ордэн Садружнасці (Міжпарламенцкая асамблея СНД, 2006); медаль «Ветэран працы» (1987); медаль «120 гадоў з дня нараджэння І. В. Сталіна» (2000); медаль «Адмірал Ушакоў» (2001); нагрудны знак «Выдатнік народнай асветы БССР» (1978); Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР (1972); Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2001); лаўрэат прыза Еўрапейскага саюза культуры.
Бібліяграфія З'яўляецца аўтарам звыш 60 навуковых і навукова-метадычных публікацый па пытаннях гісторыі, палітыкі, культуры і эканомікі. Сярод асноўных кніг: З гісторыі меліярацыі Беларускага Палесся (1994) Камсамольская хроніка (1995) Боль мая Югаславія (2000) Хто ёсць я (у 2-х тамах, 2000) На стыку тысячагоддзяў (2004) Мір і адзінства славянам (2008)
Крыніцы
Спасылкі Старонка на сайце Нацыянальнага архіва Беларусі
Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3-га склікання Катэгорыя:Члены Камуністычнай партыі Беларусі Катэгорыя:Кандыдаты гістарычных навук Катэгорыя:Памерлі ў 2026 годзе Катэгорыя:Памерлі 21 жніўня Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС