Святлана Міхайлаўна Клімковіч (,  — ) — беларуская пісьменніца, перакладчыца.

Біяграфія

Нарадзілася 26 жніўня 1935 года ў Мінску ў сям’і пісьменніка Міхася Клімковіча.

У 1958 годзе скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала карэктарам, літработнікам, адказным сакратаром газеты «Голас Радзімы» (1958—1970), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1970—1972), рэдактарам у часопісе «Народная асвета» (1972—1974), рэдактарам рэдакцыі праграм для моладзі на Беларускім тзлебачанні. У 1977—1990 гг. — адказны рэдактар бюлетэня Беларускага тэатральнага аб’яднання (з 1987 г. Саюза тэатральных дзеячаў) «Тэатральны Мінск». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1986 г.

Памерла 27 студзеня 2001 года. Пахавана ў Мінску на Вайсковых могілках побач з бацькам і маці.

Творчасць Выступала ў друку з 1958 года. У перыядычным друку публікавала апавяданні, нарысы, казкі, тэатральныя рэцэнзіі і артыкулы. Асобным выданнем выйшла казка «Лалі-Лаль» (1974, на аснове яе створаны тэле- і радыёспектаклі).

Аўтар п’ес для тэатра лялек «Дар ляснога цара» (пастаўлена ў 1978), «Балада пра белую вішню» (апублікавана ў зборніку п’ес «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» ў 1984, пастаўлена ў 1984 і на Беларускім радыё ў 1988), «Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу» (апублікавана ў 1981, Масква, і ў зборніку «Радзіма мая дарагая», 1989), п’есы «Вясновая песня» (пастаўлена на Беларускім радыё, 1985). Напісала лібрэта опер «Дзікае паляванне караля Стаха» (пастаўлена ў 1989) і «Францыск Скарына» (пастаўлена на Беларускім тэлебачанні ў 1990). Зрабіла пераклад з польскай мовы, рэстаўрацыю і сцэнічную рэдакцыю оперы XVIII ст. «Апалон-заканадаўца, альбо Парнас рэфармаваны» (апублікавана і пастаўлена ў 1989).

Творы Лалі-Лаль. Казка. Мінск. 1974. Сказка о царе Юрике и кузнеце Рымше. Пьеса-сказка в 2 действиях. Москва. 1981. Змяіны кароль. Казкі, вершы. Мінск. 2007.

Літаратура Гарэлік Л. М. Клімковіч Святлана. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 3. — Мінск, 1994. — С. 270. Грышкевіч В. М. Клімковіч Святлана. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 3. — Мінск, 1994. — С. 270.  — С. 342.

Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў СССР Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі паводле алфавіта Катэгорыя:Пісьменніцы Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя:Выкладчыкі БДУ