Грыцук малы, вераценнік малы (Limosa lapponica) — птушка сямейства .

Апісанне Даўжыня цела 36—42 см, размах крылаў 64—80 см. Падобны да вялiкага грыцука. Адрозніваецца злёгку загнутай уверх дзюбай, а ў шлюбным уборы больш іржавага колеру ў апярэнні. Спод цела без палосак, іржавага колеру. У негнездавы час шэры з белымі грудзьмі. У палёце на хвасце цёмныя тонкія палоскі, на крылах адсутнічае люстэрка або яно вузкае, белае.

Пашырэнне Арэал разарваны: крайняя поўнач Палеарктыкі і ўзбярэжжы заходняй Аляскі. Пералётны від. Месца зімовак: еўрапейскія і афрыканскія ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна, еўрапейскія ўзбярэжжы Паўночнага мора, нешматлікі ў басейне Міжземнага мора, Чырвонае мора, Персідскі заліў, Паўднёвая і Усходняя Азія, Малайзія, Калімантан, Новая Гвінея, Аўстралія, Новая Зеландыя, Паўночная і Заходняя Афрыка. На тэрыторыі Беларусі рэдкі залётны толькі пад час міграцый від.

Гнездавы біятоп — забалочаная тундра, часта на марскіх берагах, вакол тарфянікаў, мохавых балот, багнаў, азёр, вільготныя лугі; паслягнездавы — галоўным чынам галечныя марскія ўзбярэжжы або берагі астравоў, таксама дэльты рэк, часта з пяском ці глеем.

Асаблівасці біялогіі Гняздо звычайна ў купіне раслін, акружанае вадой або слоем моху, пад прыкрыццем, ямка, высланая раслінамі з бліжэйшага наваколля (часам яйкі ляжаць без высцілкі на моху).

Яйкі звычайна 4 (часам 2—3), грушападобныя, зеленавата-бурыя альбо аліўкава-карычневыя, глыбокія плямы — папяліста-шэрыя, паверхневыя — карычнева-бурыя.

Літаратура Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X  — С. 436.

Катэгорыя:Бакасавыя Катэгорыя:Птушкі Аўстраліі Катэгорыя:Птушкі Афрыкі Катэгорыя:Птушкі Еўразіі Катэгорыя:Птушкі Новай Зеландыі Катэгорыя:Птушкі Паўночнай Амерыкі Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе