Гісто́рыя Эсто́ніі — падзеі на тэрыторыі сучаснай Эстоніі з моманту пачатку рассялення там людзей і да сённяшняга дня.
Першыя чалавечыя паселішчы ўзніклі на гэтай тэрыторыі прыкладна за 9500—9600 гадоў да нашай эры ў рамках, так званай, кундскай культуры. Да X—XIII стагоддзяў склалася раннефеадальная структура грамадства, дзе на чале зямель стаялі старэйшыны і правадыры ваенных дружын.
У XIII стагоддзі крыжакі, задушыўшы супраціўленне эстаў, уключылі гэтыя землі ў склад Лівонскага ордэна. З гэтага часу немцы на працягу некалькіх стагоддзяў займалі ў Эстоніі ключавыя пазіцыі ва ўладных структурах, культуры, эканоміцы і г. д. У XVI стагоддзі Эстонія прайшла эпоху Рэфармацыі, таму з гэтага часу асноўнай рэлігійнай канфесіяй на яе тэрыторыі стала пратэстанцтва. У тым жа стагоддзі паводле вынікаў Лівонскай вайны паўночная Эстонія ўвайшла ў склад Швецыі, а яшчэ праз паўстагоддзя таксама ў Швецыю была ўключана і паўднёвая Эстонія.
Пасля Паўночнай вайны паміж Швецыяй і Расіяй Эстонія ў 1721 годзе была ўключана ў склад Расійскай імперыі. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1897 года ў Эстоніі пражывала , з іх эстонцы складалі трохі больш за 90 %, рускія — 4 % і немцы — 3,5 %.
Пасля распаду Расійскай імперыі 24 лютага 1918 года была абвешчана незалежная і дэмакратычная Эстонская Рэспубліка. Незалежнасць была дасягнута падчас Вызваленчай вайны. 2 лютага 1920 года Савецкая Расія і Эстонія падпісалі мірны дагавор аб узаемным прызнанні. 22 верасня 1921 года Эстонія стала членам Лігі нацый.
У выніку падзелу сфер уплыву паміж СССР і Германіяй у 1939 годзе, Эстоніі ў верасні 1939 года Савецкім Саюзам быў навязаны «Пакт аб узаемадапамозе», а 6 жніўня 1940 года Эстонія была ўключана ў склад СССР. У перыяд з 7 ліпеня 1941 года па 24 лістапада 1944 года тэрыторыя Эстоніі была акупавана нацысцкай Германіяй. Пасля таго як савецкія войскі аднавілі кантроль над тэрыторыяй Эстоніі, яна зноў была ўключана ў склад СССР. ЗША і шэраг іншых краін гэта ўключэнне прызналі дэ-факта і не прызналі дэ-юрэ.
20 жніўня 1991 года незалежнасць Эстоніі была адноўлена. 17 верасня 1991 года Эстонія была прынята ў ААН. У 2004 годзе Эстонія стала членам Еўрапейскага Саюза і НАТА.
Дагістарычны і старажытны перыяды
Жыццё людзей на тэрыторыі сучаснай Эстоніі стала магчымым пасля адступлення ледавіка падчас апошняга ледавіковага перыяду. Паводле археалагічных дадзеных найстаражытнейшым з вядомых паселішчаў тут з’яўляецца стаянка старажытных людзей на беразе ракі Пярну каля вёскі Пулі, што каля горада Сіндзі, якая існавала прыкладна ў 9500—9600 гадах да нашай эры. Гэтыя і пазнейшыя паселішчы паляўнічых і рыбакоў адносяцца да, так званай, кундскай культуры. Яна існавала ажно да эпохі мезаліту (V тысячагоддзе да нашай эры). З V па III тысячагоддзі да н.э. тэрыторыя Эстоніі была заселена народамі нарвенскай культуры і культуры ямачна-грабеньчатай керамікі. У эпоху неаліту (IV—II тысячагоддзі да н.э.) іх змяніла культура шнуравой керамікі. У другой палове неаліту, пачынаючы прыкладна з 2900 гг. да н.э., на тэрыторыі Эстоніі сталі разводзіць скаціну — кароў, коз, авечак і свіней, да I тысячагоддзя да н.э. жывёлагадоўля стала галоўнай галіной гаспадаркі. Паселішча Акалі.
У I тысячагоддзі да н.э. насельніцтва тэрыторыі цяперашняй Эстоніі перайшло да аселага ладу жыцця і пачало будаваць першыя ўмацаваныя паселішчы. Найбольш вядомыя з іх — Асва і Рыдала на востраве Саарэмаа і Іру пад Талінам. З сярэдзіны I тысячагоддзя да н.э. развіваюцца сухапутныя і марскія кантакты з суседзямі. Гэты перыяд вядомы ў археалогіі як . У першыя стагоддзі нашай эры асновай гаспадаркі становіцца земляробства, у другой палове I тысячагоддзя шырокае распаўсюджанне атрымала ворыўнае земляробства з выкарыстаннем быдла ў якасці цяглавой сілы.
Назва «Эстонія» можа паходзіць ад слова «Aestii», якое ўпершыню згадваецца рымскім гісторыкам Тацытам у 98 годзе н.э. у трактаце «Пра паходжанне германцаў і месцазнаходжанне Германіі». Так, паводле яго слоў, германцы называлі народы, якія жылі на паўночны ўсход ад ракі Віслы. Палітолаг адзначае, што эстонцы з’яўляюцца карэнным народам, якія на працягу некалькіх тысячагоддзяў пражываў на гэтай зямлі. Эстонская мова паводле паходжання адносіцца да фіна-ўгорскай групы, плямёны-носьбіты гэтых моў з’явіліся на тэрыторыі цяперашняй Эстоніі ў выніку міграцыі з усходу і поўначы прыкладна ў 3300-3200 гадах да н.э.
XI стагоддзе стала пераломным момантам у характары засялення Эстоніі: мноства старых гарадзішчаў-паселішчаў было закінута, але былі пабудаваны новыя і больш магутныя. Узраслі колькасць насельніцтва і плошчы земляробства. Да канца жалезнага веку сфарміравалася сістэма адміністрацыйнага падзелу. Асноўнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай у старажытнай Эстоніі былі кіхельканды, якіх налічвалася агулам каля 45. Яны складаліся з вакавых акруг, у якія ўваходзілі ад некалькіх дзясяткаў да сотні сяліб (сямейных фермаў). Кіхельканды аб’ядноўваліся ў мааканды. Да пачатку XIII стагоддзя іх было восем: Вірумаа, Ляанемаа, Равала, Саарэмаа, Сакала, Угандзі, Хар’юмаа, ЯрвамааАртыкул Мааканд, Вялікі энцыклапедычны слоўнік. Асноўнай сацыяльна-эканамічнай адзінкай была сямейная ферма. Да X—XIII стагоддзяў склалася раннефеадальная структура грамадства, дзе на чале зямель стаялі старэйшыны і правадыры ваенных дружын. Культура гэтага перыяду знайшла адлюстраванне ў эпасе Калевіпаэг.
Каля 1030 года адбыўся паход князя Яраслава Мудрага ў эстонскія землі. Вынікам паходу было заснаванне горада Юр’еў (Тарту). У 1061 годзе мясцовыя плямёны адбілі горад. У далейшым эсты з аднаго боку і пскавіцяне з наўгародцамі з іншага здзяйснялі да пачатку XIII стагоддзя ўзаемныя набегі. Аналагічныя канфлікты адбываліся ў эстаў са скандынаўскімі вікінгамі з IX стагоддзя.
Сярэднявечча
Сярэднявеччам у Эстоніі лічыцца перыяд з пачатку XIII стагоддзя і да другой паловы XVI стагоддзя, гэта значыць з пачатку распаўсюджання хрысціянства і да Лівонскай вайны.
Хрысціянства прыйшло ў Эстонію значна пазней, чым у іншыя краіны Еўропы. Спачатку на гэтай тэрыторыі з’явіліся місіянеры, затым пачалася ваенная экспансія, якую падтрымлівалі разрозненыя сілы: папская курыя, Гамбургска-Брэменскія архібіскупы, Тэўтонскі ордэн, Дацкае і Шведскае каралеўствы. Першыя спробы папскіх місіянераў перавярнуць эстаў у хрысціянства пачаліся ўжо ў 1170-я гады, але поспеху не мелі.
Заваяванне Эстоніі крыжакамі
У XII стагоддзі пачаўся Лівонскі крыжовы паход. Да эстонскай зямлі крыжакі дабраліся да 1206—1208 гадоў. У 1217 годзе эсты пацярпелі паражэнне ў бітве пры Вільяндзі, у якім загінуў старэйшына Лембіту.
У 1219 годзе дацкі кароль Вальдэмар II заваяваў Паўночную Эстонію, перамогшы эстаў у бітве пры Лінданісэ. Нямецкі Ордэн мечнікаў заваяваў Паўднёвую Эстонію да 1224 года і востраў Саарэмаа (Эзэль) да 1227 года. У выніку, гэтыя землі трапілі пад уладу Лівонскага ордэна. Фарміраванне новай адміністрацыйнай сістэмы на заваяваных землях працягвалася да канца XIII стагоддзя. Асноўнымі прычынамі паражэння сталі колькасная і ваенна-тэхнічная перавагі праціўніка, а таксама адсутнасць цэнтралізаванай палітычнай улады ў эстаў.
На заваяваных ордэнам землях былі створаны Эзэль-Вікскае (Саарэ-Ляэнескае) і Дэрпцкае (Тартускае) біскупствы. Паўночная частка Эстоніі ўваходзіла ў склад дацкага каралеўства. У 1240 годзе дацкі кароль дараваў землі для стварэння Талінскага біскупства. Пасля пераўтварэння Рыжскага біскупства ў архібіскупства ў 1251 годзе Дэрпцкае і Эзэль-Вікскае біскупствы перайшлі ў падпарадкаванне да Рыжскага архібіскупа. Талінскі біскуп падпарадкоўваўся архібіскупу Лунда і свецкай улады на сваёй тэрыторыі не меў.
Канфлікты новых улад з мясцовым насельніцтвам прывялі да паўстанняў, самым вядомым з якіх стала паўстанне Юр’евай ночы ў Дацкай Эстляндыі ў 1343 годзе. Датчане не змаглі самастойна справіцца з ім і пазвалі па дапамогу Тэўтонскі ордэн. У далейшым праз рост унутраных праблем 29 жніўня 1346 года дацкі кароль Вальдэмар IV Атэрдаг прадаў дацкую частку Эстляндыі вялікаму магістру Тэўтонскага ордэна Генрыху Дуземеру за 19 тысяч сярэбраных кёльнскіх марак, а апошні перадаў Эстляндыю ландмайстру Тэўтонскага ордэна ў Лівоніі Госвіну фон Херыке.
Нямецкае кіраванне У рэгіёне была сфарміравана феадальная сістэма. Феадаламі былі нямецкія рыцары, біскупы і нешматлікія эстонскія старэйшыны, якія хутка анямечыліся. Правы сялян паслядоўна абмяжоўваліся ажно да ўвядзення прыгоннага права к XVI стагоддзюЭстонія ў энцыклапедыі «Кругасвет». У 1550 годзе натуральныя падаткі дасягнулі 25 %, а першы выпадак продажу селяніна асобна ад зямлі датуецца 1495 годам.
Уся адміністрацыйная і судовая ўлада знаходзілася ў руках нямецкіх магістратаў. У гарадах утварыліся купецкія гільдыі і цэхі рамеснікаў. Рэваль, Дэрпт, Пернау і Фелін уваходзілі ў Ганзейскі саюз. Самі ж эстонцы, якія складалі каля 80 % насельніцтва, заставаліся сялянамі і не мелі асабістай свабоды да скасавання прыгоннага права ў 1816—1819 гадах. У XIV стагоддзі існавалі істотныя рознагалоссі паміж буйнымі феадаламі Лівоніі, якія прыводзілі да ўзброеных сутыкненняў. У XV стагоддзі адбылася кансалідацыя саслоўяў і ўрэгуляванне адносін паміж імі.
Архітэктурнае аблічча гарадоў, асабліва Таліна (у розныя часы называўся таксама Калывань, Лінданісэ і РэвельНазвы Таліна) з яго сярэдневяковай готыкай, фарміравалася пад моцным уплывам заходняй і паўночнаеўрапейскай («ганзейскай») архітэктуры. Насельніцтва Эстоніі ў 1550 годзе склала каля 250 тысяч чалавек, з якіх прынамсі 6 % жылі ў гарадах, у тым ліку 8000 у Таліне і 6000 у Тарту Гарады Эстоніі адыгрывалі істотную ролю ў гандлі паміж рускімі гарадамі і Захадам. Першая ў Эстоніі бібліятэка была заснавана ў Таліне ў 1552 годзе.
Існуюць рознагалоссі наконт дачынення каталіцкай царквы да эстонскага насельніцтва. Энцыклапедыя «Кругасвет» піша, што «каталіцкая вера мела слабае распаўсюджанне сярод эстонцаў, бо царква не праяўляла цікавасці да іх мовы і культуры». Энцыклапедыя «Эстоніка», насупраць, сцвярджае, што «каталіцкая царква, ва ўсякім разе, у гарадах праяўляла вялікую ўвагу да так званых „нянемцаў“ (эстонцаў)». Ва ўсіх талінскіх цэрквах і манастырах, акрамя нямецкай, чыталіся пропаведзі і на эстонскай. Сярод сялян былі распаўсюджаны язычніцкія звычаі, пераплеценыя з каталіцкімі абрадамі. К XVI стагоддзю жыхары Эстоніі сталі карыстацца хрысціянскімі імёнамі, якія прыйшлі на змену старажытным эстонскім.
Рух Рэфармацыі, пачатак якой быў пакладзены Марцінам Лютэрам у Германіі (1517 г.), атрымаў шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі сучаснай Эстоніі. Асновай Рэфармацыі ў Эстоніі паслужылі эканамічныя супярэчнасці гарадоў як гандлёвых цэнтраў з аднаго боку і Ордэна і рыцарства з другога. Лютэранскія прапаведнікі пачалі сваю рэгулярную дзейнасць у Таліне і Тарту вясною 1524 года. Восенню таго ж года выбухнулі беспарадкі, у якіх гараджане (галоўным чынам просты люд і маладыя купцы) у іканаборстве руйнавалі не толькі прыходскія цэрквы і манастыры, але і жыллё духавенства. У сельскай мясцовасці ўкараненне лютэранства адбывалася значна больш павольна і нават у XVIII стагоддзі сельскія лютэранскія святары скардзіліся на прыхільнасць сваіх вернікаў да каталіцкіх абрадаў. Адным з патрабаванняў Рэфармацыі было правядзенне набажэнства на мовах мясцовых народаў, што стала прычынай выдання ў Германіі першых кніг на эстонскай мове (1525 г. ці 1535 г.).
Эстонія ў Новы час
Лівонская вайна
У XVI стагоддзі Лівонская канфедэрацыя, Рускае царства, Вялікае Княства Літоўскае, Шведскае і Дацкае каралеўствы ўступілі ў буйны і працяглы канфлікт за тэрыторыі, сярод якіх была і тэрыторыя сучаснай Эстоніі. Гэты канфлікт, які доўжыўся з 1558 па 1583 гады, атрымаў назву Лівонская вайна. Вынікам канфлікту быў распад Лівонскай канфедэрацыі, Эстонія была падзелена паміж Швецыяй і Вялікім Княствам Літоўскім, праз паўстагоддзя Паўднёвая Эстонія таксама была перададзена Швецыі.