То́дар То́даравіч Кляшто́рны (, в. Парэчча, цяпер , Віцебская вобласць, Беларусь — 29/, , турма НКУС) — беларускі паэт, перакладчык.

Біяграфія

Пасля службы ў Чырвонай Арміі вучыўся на рабфаку ў Оршы. У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на радыё, у рэдакцыях беларускіх газет і часопісаў. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. Уваходзіў у нефармальнае згуртаванне ТАВІЗ.

У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў пакой Тодара Кляшторнага часта быў месцам сяброўскіх сустрэч пісьменнікаў. Як адзначаў Максім Лужанін, у ганарарныя дні паэт ініцыяваў сяброўскія бяседы «на закрытым ад цікаўных вачэй балкончыку рэстарана „Еўропа“»Лужанін, М. Наш рух — калодзеж непачаты… / М. Лужанін // ЛіМ. — 1988. — 1 крас. — С. 15.. У апошні родную вёску Парэчча Тодар Кляшторны наведаў летам 1936 года.

Арыштаваны 3 лістапада 1936 года ў Менску па адрасе вуліца Фабрычная, дом 10/4, кватэра 7. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 29 кастрычніка 1937 года а 11:00 як «член антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957 годаКляшторны Тодар Тодаравіч // Ахвяры і карнікі : [аб палітычных рэпрэсіях 1937―1938 гадоў] / Леанід Маракоў. — Мінск, 2007. — 439 с..

Сям'я

Быў жанаты з Янінай Міхайлаўнай Германовіч (1909—1959), арыштаванай і асуджанай 28 лістапада 1937 года асобай нарадай пры НКУС як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК.

Меў трох дачок -- Тадзіяну (ад першых складоў імёнаў бацькі і маці), дзіцячую паэтку, Весналіну і Маю, адну з заснавальніц і кіраўніцу Мартыралога Беларусі.

Творчасць Друкавацца пачаў у 1925 годзе ў часопісе «Аршанскі маладняк». Выйшлі зборнікі паэзіі «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Палі загаманілі» (1930), «Праз шторм — на штурм» (1934).

Тодар Кляшторны — аўтар інтымнай, пейзажнай, філасофска-медытацыйнай лірыкі, вершаў песеннага складу, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланняў («Ліст да дзяўчыны», «Ліст у Сібір»), вершаў, блізкіх да народнай творчасці («Бачу і чую — чую і бачу», «Ой, ты дзеўчына», «Там за гарамі не воўкі завылі», «На Усходзе Дальнім, на палях Кітая»), твораў публіцыстычнай скіраванасці («Лукішкі»), байкі («Чужыя дзеці»), пародыі («Вольны запіс прамовы аднаго пісьменніка на пленуме ССП», пародыя на Кандрата Крапіву «Дзед і Баба»), эпіграмаў («Нашым крытыкам: „Сяўбовае, сяброўскае“»)Мушынскі М. «Сляды дарог», якія вядуць у будучыню. З гісторыі выдання і асэнсавання літаратурнай спадчыны Тодара Кляшторнага // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 21—22. — 160 с..

Аўтар паэмаў «Калі асядае муць» (1927), «У дарозе» (1927; паэма ўвайшла ў зборнік «Светацені»https://belisrael.info/?p=17462), «Беларусь» (1928), «Палі загаманілі» (1930), «Сляды дарог» (1932), «Наш кірунак дарог — на Маскву» (1933) і «Радзіма» (1934). На думку Міхася Мушынскага, гэта былі вершы-подступы да жанру паэмы.

Аўтар апавяданняў («Праз куламесіцу часу», 1926) і нарысаў («Нашы межы непарушныя», 1933; «Уся справа ў людзях», 1934 і іншыя).

Пераклаў на беларускую мову пятую частку «Прыгод удалага ваякі Швейка» Карала Ванека (у суаўтарстве са Змітраком Астапенкам, 1932), раман Фёдара Панфёрава «Брускі» (у суаўтарстве з Міхасём Багуном, ч. 1, 1932), «Песню Чырвонай Арміі» Паўло Тычыны (1934), «Ленін» Валерыя Брусава (1934), «Любімец партыі» Віктара Гусева (1934) і асобныя творы Ізі Харыка, Г. Лахуці, А. Кутатэлі, М. Асеева, Л. Первамайскага, С. Стальскага, Р. Альбэрці, А. Безыменскага, М. Галоднага. Пераклаў уступ паэмы Уладзіміра Маякоўскага «На ўвесь голас»Кенька М. Тодар Кляшторны — перакладчык // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 68. — 160 с..

Творы Тодара Кляшторнага перакладаліся на літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы. На яго вершы І. Іваноў і Мікола Равенскі напісалі песні.

Ацэнкі

Многія творы Тодара Кляшторнага пры яго жыцці станавіліся аб’ектамі нападаў з боку абаронцаў партыйна-класавага падыходу да мастацтва: крытыка ўшчувала аўтара за неадпаведнасць ідэалагічным запатрабаванням эпохі, наяўнасць упадніцтва, песімізму, ясеніншчыны, паэтычнай вольніцы, збродніцтва і багемнага стаўлення да свету. Крытык Я. Калядны ў рэцэнзіі на першую кніжку Кляшторнага пісаў: «Трошкі асобна стаіць Кляшторны. У яго часта — шаблоннасць, штампы, асабліва ў вобразах. І змест у яго асаблівы. Ён захістаўся і затужыў ад гэтага. Ён на раздарожжы». У 1928 годзе Алесь Гародня ў рэцэнзіі на зборнік «Светацені» канстатаваў прасякнутасць «меланхалічнымі настроямі» ўсёй творчасці паэта, называў «эстэтнічанне» яе характэрнаю рысаю, а ключавыя вобразы тыпу «ружовыя шклянкі», «наліўкі ледзяныя» і інш. — «спадчынай багемшчыны»Полымя. 1928. № 8. С. 167—169. У 1930 годзе на выхад зборніка «Ветразі» С. Куніцкі ў часопісе «Маладняк» адзначыў поўны разрыў лірычнага героя Тодара Кляшторнага з грамадскім жыццём: «Усе настроі… камбінуюць адзін вобраз, вобраз чалавека, які падчас губляе ўсякі сэнс жыцця, губляе ўсякую зацікаўленасць жыць»Маладняк. 1930. № 8—9. С. 147. Крытык Лукаш Бэндэ пісаў пра Кляшторнага як пра «пілікаючага лірніка», чые «мінорныя гукі пілікання, нікому не патрэбны»Бэндэ, Л. Ці варта сёньня быць поэтай?.. (Адказ т. Кляшторнаму) / Л. Бэндэ // БДАМЛМ. — Фонд 66. — Воп. 1. — Адз. зах. 96. — Арк. 2..

Крытык Саламон Левін у палымяным артыкуле «На наш бераг» прыпісвае паэту звужанасць і індывідуалістычнасць перажыванняў, імпрэсіянізм пейзажных малюнкаў і «эстэтычны алкагалізм». Левін называе паэму «Калі асядае муць» «упадніцкім, песімістычным, шкодным» творам і перакрэслівае паэмы «Пракседа» і «Беларусь». Як адзначае Ірына Багдановіч, менавіта Саламон Левін адзначыў імпрэсіяністычную манеру пісьма Тодара Кляшторнага, разуменне ім паэзіі як містычнай сілы, прыхільнасць да падсвядомага пазнання рэчаіснасці і важнасць суб’ектыўных перажыванняўБагдановіч І. Матыў скокаў у творчасці Тодара Кляшторнага і эстэтычныя асаблівасці беларускага дэкадансу // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 68, 73. — 160 с.. Ізідор Плашчынскі ў артыкуле «Праз муту жыцця да гоману палёў» адзначае, што «Кляшторны не прынёс адразу ў літаратуру энергічнага спеву захаплення ад стварэння новых форм жыцця», падкрэсліваючы, што «паэзіі Тодара Кляшторнага характэрна тое, што ў ёй няма цвёрдай лініі»Узвышша. 1931. № 5. С. 54—55. На думку крытыка, своеасаблівасць творчасці аўтара заключаецца «ў скрыжаванні сілы і бяссілля, у падваенні, якое змяшчае падчас у сабе самыя процілеглыя моманты». Пра паэму Тодара Кляшторнага «Калі асядае муць» Саламон Левін, Алесь Гародня, Арэст Канакоцін, Лукаш Бэндэ і іншыя пісалі, што гэта ідэйна заганны, упадніцкі, дэкадэнцкі твор і аўтар яго сам з’яўляецца дэкласаваным элементам (героі паэмы атаясамляліся з аўтарам і расцэньваліся як ворагі сацыялізму). Крытык А. Цітоў лічыў паэму апагеем прыхільнасці паэта да багемыПолымя. 1930. № 11—12. С. 178.

Адам Бабарэка наступным чынам ахарактарызаваў другі зборнік Тодара Кляшторнага: «Светацені — па агульнаму ўражанню ад іх твораў — гэта спакойна-задуменнае дзіваванне зменлівасцю, якая пазнана паэтам у быцці, як свайго роду абсалютны закон жыцця. Як ілюстрацыі гэтай зменлівасці, адчутай і перажытай паэтам у асобных момантах часу, і выступаюць усе вершы Светаценяў»Бабарэка А. З нататак Адама Бабарэкі, прысвечаных паэтычнай творчасці Тодара Кляшторнага // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 54—57. — 160 с..

На думку М. Мішчанчука, Тодар Кляшторны не змог супрацьстаяць таталітарнаму націску і здрадзіў сваёй ранняй манеры пісьма, адышоў ад маляўнічасці і двухстыльнасці (вершы «Рыжы, но…», «У вёсцы», «Так было раней») і стаў пісьменнікам натуралістычнага плану, фактографам, перайшоўшы на шлях рытарычнага, гучнага, шаблоннага гладкапісу. На думку Міхася Мушынскага, творы паэта 1930-х сведчаць пра паспяховасць спробаў дэфармаваць прыродныя схільнасці Тодара Кляшторнага як паэта-лірыка і штурхнуць яго на шлях дэкламацыйна-пафаснага апявання радасці жыцця і поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва.

Як адзначае Міхась Мушынскі, пасляваенныя выданні літаратурнай спадчыны Тодара Кляшторнага (1960, 1970, 2003) ілюструюць цяжкасці вызвалення крытычнай думкі ад ідэалагічных напластаванняў 1930-х і спрошчаных вульгарызатарскіх ацэнак. На думку даследчыка, у літаратурна-крытычных ацэнках складальнікаў кніг адчуваецца празмерная асцярожнасць і саступкі ранейшым застарэлым уяўленням, як, напрыклад, у прадмове Сяргея Грахоўскага да зборніка «Выбраных вершаў» (1970): «Тодар Кляшторны… едзе ў першыя калгасы, на будаўніцтва дарог і піша паэму „Палі загаманілі“ і вершы, якія склалі зборнік „Праз шторм на штурм“. Але ні ў паэме, ні ў вершах яшчэ не раскрыты глыбінныя працэсы новага жыцця. Яно ўбачана… без пранікнення ў характары людзей, без разумення вытокаў іх энтузіязму, новых адносін да справы»Грахоўскі, С. Лірык нашага рання //. На думку Міхася Мушынскага, уключаныя ў зборнік 2003 года вершы і паэмы Тодара Кляшторнага яскрава пераконваюць у несправядлівасці гэтых ацэнак.

Алесь Пашкевіч у прадмове да апошняга зборніка вершаў паэта адзначае, што Тодар Кляшторны «выявіўся найперш паэтам авангарднага мыслення, творцам імажынісцкай школы з яркімі і непаўторнымі перажываннямі, настроямі, пачуццямі, якія ім нібыта і не пісаліся, а выспеўваліся…»Пашкевіч А. Вернік паэзіі // Кляшторны Т. Сляды дарог. Выбранае. Мн., 2003. На думку М. Мішчанчука, лірыка Кляшторнага з’яўляецца «лірыкай палярных стылявых прынцыпаў». Так, у пейзажнай лірыцы пераважае рамантычная сімволіка і адчуваецца ўплыў не толькі Сяргея Ясеніна, але і імажыністаў, а ў творах пра рэальнае чалавечае жыццё («У вёсцы», «Так было раней») дыялогі герояў і аўтарскія каментары выбудоўваюцца ў чыста рэалістычным стылявым ключы. Як адзначае А. Бельскі, схільнасць да паэтыкі імажынізму выяўляецца ў наступных творах Тодара Кляшторнага: «Зазімак», «Зацвілі сярэбраныя росы…» і «На ледзяной гітары». Паводле В. Дзямко, у паэме Тодара Кляшторнага «Калі асядае муць» праз апісанне антыномій паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці паэт набліжаецца да праблематыкі экзыстэнцыялізму.

На думку Л. Гараніна, у літаратурным працэсе таго часу Тодар Кляшторны выступае як паэт-наватар, стваральнік асаблівай асацыятыўнай вобразнасці, пабудаванай на спалучэнні разнаякасных з’яў, выражэнні незвычайнага стану душы, яе нечаканых і глыбокіх перажыванняў узлётаўГаранин С. Л. О роли возрожденческой парадигмы в творчестве Тодора Кляшторного // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 34—36. — 160 с.. Віктар Жыбуль адзначае, што ў наш час стала магчымым адкрыта і без усялякай адмоўнай канатацыі сцвярджаць, што паэт «фактычна… быў адным з прадстаўнікоў беларускага імажынізму» (Уладзімір Конан) або імпрэсіянізму (Ірына Багдановіч), а яго творчасць «вызначалася альтэрнатыўным (у дачыненні да афіцыйнай нормы) метадам мастацкага пісьма, які ў асноўным адпавядаў эстэтычным прынцыпам мадэрнізму і дэкадансу».

Успаміны