Каракелонг () — найбуйнейшы востраў архіпелага Талаўд. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Паўночны Сулавесі. Плошча — 846 км².
Геаграфія Востраў Каракелонг знаходзіцца на ўсходзе мора Сулавесі ў 344 км на паўночны ўсход ад Манада, адміністрацыйнага цэнтра правінцыі Паўночны Сулавесі. Месціцца на лініі субдукцыі (падняцця) тэктанічных пліт. Уяўляе сабою S-падобны ланцуг з некалькіх вулканаў. Даўжыня — амаль 70 км. Найбольшая шырыня — 22,11 км. Умоўна падзяляецца на паўночную і паўднёвую часткі. Ландшафт гарысты. Найвышэйшы пункт — 680 м.
Клімат трапічны пасатны. З канца кастрычніка да пачатку красавіка працягваецца сезон мусонаў, які можа суправаджацца разбуральнымі цыклонамі.
У лясах на востраве захаваліся рэдкія віды птушак, у тым ліку эндэмічныя папугаі.
Гісторыя Некаторыя даследчыкі лічаць Каракелонг адным з галоўных цэнтраў перасялення старажытных аўстранезійцаў на Сулавесі, Філіпіны і Мікранезію. Мясцовае насельніцтва размаўляе на мове аўстранезійскага паходжання, якая ў сваю чаргу падзяляецца на паўднёвы і паўночны дыялекты.
З другой паловы XVII ст. Каракелонг уваходзіў у склад галандскіх каланіяльных валоданняў. Ля вёскі Тараган захаваліся рэшткі ўмацаванняў і магільняў, якія, згодна паданням астравіцян, належалі вярхоўным правадырам архіпелага Талаўд. Яны працягвалі кіраваць нават пасля ўсталявання галандскай улады, пакуль у XIX ст. апошні вярхоўны правадыр не паўстаў супраць каланіяльнай адміністрацыі і не пацярпеў паражэнне.
У 1950 г. востраў далучаны да Інданезіі.
Каракелонг у сусветнай культуры Востраў Каракелонг узгаданы ў рамане К. Чапека «Вайна з саламандрамі» (Válka s mloky, 1936).
Спасылкі Pulau Karakelong: Indonesia Austronesian Diaspora and the Ethnogeneses of People in Indonesian Archipelago: Proceedings of the International Symposium
Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Інданезіі