Мальфрыда або Мальфрыд (1090-я — пасля 1137) — жонка двух скандынаўскіх уладароў — конугаў нарвежскага (1111—1130) і дацкага (1133—1137).

Паводле саг («Кола Зямное», «Гнілая скура», «Сага пра Кнютлінгаў»), дачка конунга Гардарыкі (вялікага князя кіеўскага) Харальда (Мсціслава Уладзіміравіча) і Хрысціны Інгэсдотэр. Старажытнарускія крыніцы не згадваюць яе.

Традыцыйна лічаць, што ў 1111 годзе Мальфрыда была ў Шлезвігу ў ярла Эйліва і выйшла замуж за нарвежскага когунга Сігурда, які вяртаўся з крыжовага паходу. Некаторыя даследчыкі даюць іншы час — 1116 год. Аднак, такі ход падзей супярэчыць звесткам пра шлюб у «Царкоўнай гісторыі» нармандскага храніста XII ст. Ардэрыка Віталіса. Паводле Ардэрыка, Сігурд Крыжак вяртаўся з крыжовага паходу праз Русь, дзе спыняўся і ўзяў у жонкі дачку караля (Per Russism vero remeans, Malfridam, regis filiam, uxorem duxit, domomque reversus, paulo post, regnum Deo, suscepit). На думку Фёдара Успенскага, гэта версія пераважае традыцыйную, хоць звесткі Ардэрыка і ўнікальныя, але падарожжы крыжаносцаў праз Русь былі нярэдкімі, тады як быццё Мальфрыды ў Шлезвігу ў ярла Эйліва даследчык лічыць слаба матываваным звяном у рэканструкцыях гісторыкаў.

У шлюбе Сігурда і Мальфрыды нарадзілася дачка Крысціна, яе назвалі па бабе з матчынага боку. Крысціна адыграла значную ролю ў гісторыі Нарвегіі XII ст., яе сын Магнус Эрлінгсан у 1163—1164 годзе заняў нарвежскі сталец і быў першым каранаваным і памазаным уладаром у Скандынавіі.

Паводле сагі «Гнілая скура», незадоўга да смерці Сігурд кінуў Мальфрыду і ўзяў другую жонку на імя Цэцылія, што справакавала канфлікт з царкоўнымі іерархамі, якія занялі даволі жорсткую пазіцыю ў гэтым пытанні. Паводле «Кола Зямнога», шлюб быў агулам нешчаслівы, а канчатковы разрыў здарыўся ў 1128 годзе. Пэўна не вядома ці заставалася Мальфрыда ў Нарвегіі пасля фактычнага разводу. Сігурд памёр у 1130 годзе, такім чынам, Мальфрыд аўдавела, а конугам стаў яе пасынак Магнус Сігурдсан.

Мальфрыда ўехала ў Данію да сваёй адзінакроўнай сястры Інгіб’ёрг Мсціслаўны, чый муж Кнуд Лавард змагаўся за сталец са сваім дзядзем Нільсам. У гэтым змаганні Кнуда Лаварда падтрымліваў пасынак Мальфрыды, нарвежскі конунг Магнус Сігурдсан. Гісторыкі прыпісваюць Мальфрыдзе арганізацыю шлюбу паміж пасынкам і дачкой сястры Інгіб’ёрг — Крысцін Кнудсдотэр. Аднак, у 1131 годзе Нільс заманіў Кнуда Лаварда ў пастку і забіў яго.

Каля 1133 года Мальфрыда ўзяла другі шлюб з адзінакроўным братам нябожчыка Кнуда Лаварда — Эрыкам Эмунам. Неўзабаве яны вымушаны ўцякаць з Нарвегіі ад пераследу Нільсам да Магнуса Сігурдсана ў Данію. Але жонка Магнуса, пляменніца Крысцін Кнудсдотэр, папярэдзіла, што ён хоча схапіць іх і выдаць Нільсу. Тады Эрык Эмун і Мальфрыда знайшлі прытулак у праціўніка Магнуса ў барацьбе за нарвежскі сталец Харальда Гілі. Калі Магнус Сігурдсан даведаўся пра ўчынак жонкі, то адправіў яе ад сябе.

У 1134 годзе Эрык Эмун перамог Нільса і стаў конунгам Даніі. Пра дзяцей у шлюбе Эрыка і Мальфрыды нічога не вядома, адзіны спадчыннік Эрыка — Свейн-Пётр Гратэ, імаверна, быў дзіцём наложніцы. Захавалася грамата Эрыка Лундскаму сабору, дзе ён называе жонку ўнучкай шведскага караля. Пасля забойства Эрыка на тынгу ў ліпені 1137 года лёс Мальфрыды невядомы.

Крыніцы

Літаратура

Den Store Danske Encyclopædi Nils Petter Thuesen. Magnus 4 Sigurdsson Blinde // Norsk biografisk leksikon, 2. utg. Bd 6. 2003. Knut Helle. Aschehougs Norgeshistorie. Bd 3. Under kirke og kongemakt. 1995.

Спасылкі

Катэгорыя:Мужы і жонкі манархаў Даніі Катэгорыя:Жонкі манархаў Нарвегіі Катэгорыя:Манамахавічы Катэгорыя:Князёўны Русі