Раздол ( — «расколатая даліна») — у легендарыуме Дж. Р. Р. Толкіна схаваны прытулак Элранда, створаны ім у Эрыядоры ў 1697 годзе Д. Э. для абароны ад Саўрана. Гэта месца знаходзілася ў глыбокай даліне ля заходняга падножжа Імглістых гор і заставалася схаваным дзякуючы пярсцёнку Элранда — Вілье (Vilya) — аж да заканчэння вайны Пярсцёнка. Пасля знішчэння Пярсцёнка Усеўладдзя сіла пярсцёнка Элранда вычарпалася, і ён сплыў за Мора, аднак Раздол нейкі час заставаўся пад уладай яго сыноў — Эладана і Элрахіра. Келеборн адвёў лорыенскіх эльфаў туды пасля таго як пакінуў Латлорыен.
Назва У беларускім перакладзе рамана «Валадар Пярсцёнкаў», зробленым Ігарам Куліковым, назва была перакладзена як Раздол. Па прызнанні перакладчыка, ён доўга шукаў пераклад з прыстаўкай для англійскага Rivendell, якое азначае «расколатая даліна», паколькі асноваскладанне не самы папулярны спосаб словаўтварэння ў беларускай мове. Спачатку ён думаў скарыстаць старабеларускае «удолъ», але слова было караткаватае і лёгка блыталася з «Дол», якім ён ужо пераклаў Dale. Урэшце Кулікоў свядома ўзяў «раздол» з рускага перакладу рамана, якое не зусім правільна ўтворанае, але сэнсава вельмі блізкае да арыгінала.
Іншыя назвы Імладрыс (Imladris) — эльфійская назва. Імлад — слова, якое азначае «даліна» ці «лог», а рыс — гэта «цясніна, лагчына». Карнінгул (Karningul) — назва Раздола на вестране. Пазначае глыбокую даліну са стромкімі схіламі.
Цікавыя факты З 1697 г. па 1701 г. Д. Э. Раздол беспаспяхова абложвалі арміі Саўрана. Раздол наведалі персанажы «Хобіта» — Гандальф, гномы Торына і Більба. У Раздоле выхоўваўся Арагорн, як і ўсе сыны правадыроў дунэдайн, там жа жыла яго будучая жонка — дачка Элранда Арвен. Там схаваліся ад праследавання назгулаў Фрода, Мэры, Сэм, Піпін і Арагорн. Там жа адбыўся знакаміты Савет Элранда, дзе было прынята рашэнне знішчыць Пярсцёнак Усеўладдзя і ўтварылася Брацтва Пярсцёнка.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Геаграфія Серадзем’я Катэгорыя:Выдуманыя замкі