Княжа́цкі це́рам — колішні палац полацкіх князёў, які існаваў у Полацку ў XII—XVI стст. Помнік грамадзянскай архітэктуры полацкай школы дойлідства.
Пабудаваны ў паўночнай частцы полацкага дзядзінца ў трэцяй чвэрці XII ст., найверагодней, разам з суседнім манументальным Княжацкім храмам. Відаць, у XVI ст. уваходзіў у палацавы комплекс полацкага намесніка. Рэшткі былі выпадкова адкрыты падчас пракладкі вадаправоднай траншэі ў 1976 годзе. У 1976—1977 гадах ленінградскім археолагам П. А. Рапапортам былі праведзены раскопкі помніка. Да нашага часу захаваліся падмурак і частка цаглянай сцяны.
Архітэктура і будаўнічыя асаблівасці Асноўны мураваны будынак (4,7х4,2 м) амаль квадратны ў плане, з заходняга боку да яго быў прыбудаваны меншы аб'ём (2,5х2,4 м).
Канструкцыя церама істотна адрознівалася ад культавых пабудоў полацкай школы таго часу. Калі полацкія храмы XII ст. звычайна мелі падмуркі, выкладзеныя з камянёў насуха (без вапны), то падмурак церама, які меў таўшчыню 60—75 см (у малым памяшканні 50 см) і глыбіню 1,8 м, быў зроблены з дробных валуноў, шчыльна пасаджаных на вапнава-цамянкавы раствор. Такое адхіленне ад агульнапрынятага ў Полацку тыпу падмурка тлумачыцца асаблівасцямі свецкай архітэктуры — наяўнасцю ў цераме паўпадвальнага паверха. Цікава, што цагляная вымостка вакол церама дакладна супадала з абрэзам паўночнай і ўсходняй сцен, тады як на заходняй сцяне яна выступала вонкі, утвараючы прыступку.
Сцены будынка былі выкладзены з плінфы ў традыцыйнай полацкай тэхніцы муроўкі «са схаваным радам». Аднак сцены княжацкага церама былі значна танчэйшымі за сцены нават самых невялікіх полацкіх храмаў. Гэта сведчыць аб тым, што палацавы будынак меў не цяжкія каменныя скляпенні, а больш лёгкія драўляныя бэлечныя перакрыцці паверхаў.
Полацкі церам меў некалькі паверхаў і разам з драўлянымі прыбудовамі ўтвараў маляўнічы архітэктурны выгляд. У XIV ст. з паўночнага боку да палат быў прыбудаваны драўляны (з сасновых брусоў) квадратны ў плане (5,3x5,4 м) аб'ём, сцены якога ўнутры былі абмазаны глінай. У палатах знаходзіліся печы, у іх канструкцыі выкарыстаны гаршковыя, а пазней каробчатыя кафлі.
Гістарычны кантэкст Магчыма, выява полацкага церама змешчана на мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, дзе згадваецца пра мор у Полацку 1092 года. У тэксце летапісу згаданы «хароміны», а на мініяцюры змешчана выява вузкага двухпавярховага будынка з дзвярамі на першым паверсе і вялікім акном на другім. Верагодна, менавіта гэты мураваны будынак (грыдніца) прызначаўся для княжацкіх сходак і піроў.
Бліжэйшыя аналагі гэтаму помніку можна знайсці ў Гродне, Чарнігаве і Смаленску. Напрыклад, княжацкія церамы ў Смаленску і Гродне былі размешчаны, як і полацкі, на краю дзядзінца, над схілам да ракі.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Палацы Беларусі Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Полацка Катэгорыя:З’явіліся ў XII стагоддзі Катэгорыя:Зніклі ў XVI стагоддзі